Еўропа ў харчовым шоку. Тысячы фірмаў могуць зачыніцца праз санкцыі Расеі


«Еўропа спачатку села за калькулятары, а потым… узялася за галаву». Такія выказванні можна прачытаць у сённяшняй еўрапейскай прэсе. Рашэнне Уладзіміра Пуціна абвесціць гандлёвае эмбарга на імпарт харчовай прадукцыі з Еўропы ў Расею і рэакцыя на яго з боку еўрапейскіх фермераў і гандлёвых фірмаў, – на першых палосах. Штогадовыя страты на € 12 млрд, як ацэньваюць некаторыя эксперты, адназначна прывядуць да закрыцця часткі фірмаў у Еўропе і масавых скарачэнняў працоўных месцаў.

{movie}Еўропа ў харчовым шоку. Тысячы фірмаў могуць зачыніцца праз санкцыі Расеі |right|17842{/movie}

Заходнія вытворцы збянтэжаныя будучымі шматмільённымі стратамі. Фермеры і прамысловыя асацыяцыі Бельгіі ды Фінляндыі выклікаюць на адкрыты дыялог ўрады сваіх краінаў. З гамлетаўскім пытаннем «быць альбо не быць». У Нідэрландах, Даніі ды Грэцыі сітуацыя ўжо выйшла на ўзровень Міністэрства гандлю. Значна апошняе рашэнне Крамля адаб’ецца і на эканоміцы Італіі, якая і без таго цяпер не ў найлепшым стане.

«Мы экспартуем ў Расею шмат макаронных вырабаў і высакаякасных сыроў, – адзначыў італьянскі журналіст Анджэлё ды Мамбро. – Гэтая частка італьянскай індустрыі моцна пацярпіць, хаця афіцыйнай рэакцыі пакуль што няма. Дзякуй Богу, віна, якое складае 17 % італьянскага экспарту ў Расею, няма ў чорным спісе».

Зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, як адзначаюць эксперты, чакае і Нямеччыну. «Дробныя і сярэднія вытворцы б’юць трывогу і ціснуць на федэральныя ўлады. Тыя, у сваю чаргу, збіраюцца склікаць агульнанямецкую канферэнцыю міністраў эканомікі: можа, разам прыдумаюць, як усё гэта перажыць», – піша нямецкая прэса. Але афіцыйны Брусель усцяж аптымізму не губляе.

«Я спадзяюся, што мы здолеем знайсці рынкі паўсюль, – адзначыў прэс-сакратар еўракамісіі ў справе сельскай гаспадаркі Рожэр Ўэйт.У Расею мы экспартуем толькі 10 % нашай сельскагаспадарчай прадукцыі. Так, мы згубілі адзін рынак, але спадзяемся знайсці альтэрнатыўныя. Два месяцы таму, напрыклад, нам удалося знайсці рынкі для свініны ў Паўднёвай Карэі, Японіі ды на Філіпінах».

Не падзяляюць аптымізму Еўракамісіі, аднак, у Бельгіі – краіне, дзе яна месціцца. Каля € 330 млн Бельгія страціць за найбліжэйшы год. Паводле бельгійскай газеты «Het Laatste Niews»: найбліжэйшым часам у Бельгіі могуць зачыніцца амаль 2 500 фірмаў, якія гандлююць з Расеяй. Дзясяткі тысячаў чалавек згубяць працу.

А везці вырабы ў іншыя еўрапейскія краіны не атрымаецца, бо там рынкі цяпер таксама перапоўненыя. Застаецца або зніжаць вытворчасць, або павялічваць спажыванне. Дасціпнікі жартуюць, што другое значна лепш: тая ж садавіна і гародніна нават у значных колькасцях яшчэ нікому не пашкодзіла.

Алесь Сіліч, Брусель, belsat.eu

Стужка навінаў