Украіна пагражае зачыніць мяжу для транзіту ўсяго расейскага


Пад санкцыі, якія рыхтуе Кіеў, можа патрапіць транзіт расейскіх энергарэсурсаў праз Украіну, заявіў прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк.



Украінскі прэм’ер дадаў, што ўрад зацвердзіў праект закону аб санкцыях адносна Расеі. Туды ўвайшлі 26 відаў абмежаванняў, у прыватнасці, замарожванне актываў расейскіх дзеячаў, забарона дзейнасці некаторых фірмаў, забарона на карыстанне ліцэнзіямі, прыватызацыю, транзіт ўсіх відаў рэсурсаў і г.д.

«Я сказаў аб усіх санкцыях, у тым ліку аб прыпыненні любых відаў транзітаў: як авіяпералётаў, так і энергарэсурсаў», – заявіў кіраўнік украінскага ўраду.

Законапраект ўключае чорны спіс, у які ўвайшлі 172 грамадзяніны і 65 кампаній з Расеі. Яцэнюк падкрэсліў, што ў яго патрапілі фізічныя асобы і кампаніі «пераважна расейскай уласнасці і расейскай рэзідэнтуры», якіх Кіеў абвінавачвае ў падтрыманні і фінансаванні тэрарызму.

Прэм’ер Украіны мяркуе, што ўкраінскі парламент прыме закон аб антырасейскіх санкцыях ў аўторак, 12 жніўня. «У аўторак Вярхоўная рада мусіць прыняць закон. А рашэнне аб увядзенні санкцыяў прымае Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны», – растлумачыў Яцэнюк.

«З-за агрэсіўнай палітыкі Крамля ў першы год Украіна можа страціць $ 7 млрд. Менавіта таму нам патрэбныя еўрапейскія рынкі і дапамога нашых заходніх партнёраў», – заўважыў кіраўнік ураду Украіны.

МЯ, belsat.eu, паводле top.rbc.ru

Стужка навінаў