Аднойчы мы ў Польшчы завіталі ў госці да мамінага сябра. Сябра гэты “размаўляе”. Так я кажу пра людзей, якія валодаюць беларускай мовай. Так, так, матулін сябра паляк, але ведае ён нашую родную мову лепш, чым шмат беларусаў, якія жывуць на радзіме.
Ну дык вось мама ў яго запыталася: “Слухай, а чым табе так вабіць Беларусь? У вас жа ніякай мяжы з іншымі краінамі, цікавая, рознакаляровая Еўропа, мора, шчасце… што ў Беларусі вам рабіць, га?” І вось сябра адказвае: “Ведаеш, дык гэта ж самы смак, калі “нельга”. Нельга да вас прыехаць, калі захочаш, трэба візу зрабіць, грошы заплаціць. Калі ты не спадабаешся памежнікам, дык яны табе завярнуць могуць. Гэта ж самыя цікавыя прыгоды!..”
Дык куды едзем? Трэба, каб гэта было недалёка ад мяжы і добрае месца для адпачынку. Шукалі на мапе, а потым узгадалі: Браслаўскія азёры – сапраўдны прыродны падарунак, за які не сорамна!
Калі вы трапіце ў Браслаў улетку, не паверыце вачам – людзей будзе неверагодна шмат! “Мама, ці гэта свята тут на возеры нейкае?..” – “Ага, усе святкуюць спякотнае лета”, – жартуе матуля. Нагадвае гэткі пляж Крым – усюды цёці ў купальніках, дзядзькі рэжуць кавуны. А колькі машын уздоўж дарогі! Мы нават не адразу знайшлі, дзе прыпаркавацца. Нечакана я пачала заўважаць машыны, на якіх сінія нумары з ангельскімі літарамі LT, LV і нават D. “Гэта і ёсць машыны замежных гасцей”, – патлумачыў тата, калі заўважыў, што гэта мяне здзівіла.
Мы пабылі на гэтым возеры дзве гадзіны і з’ехалі. Мама кажа, што кожны чалавек выбірае сваю прастору для адпачынку: некаторым людзям патрэбны натоўпы дзеля ўпэўненасці, а хтосьці любіць супакой, прыроду і гармонію. Гармонія – гэта калі ты ўсім задаволены і навокал цябе адбываецца тое, што павінна быць. Дык паедзем і паглядзім, што такое гармонія для маіх бацькоў. Мабыць, яна мне таксама падыдзе?..
Самае цікавае возера – Струста, якое ўсім нам страшэнна спадабалася, знаходзілася ў лесе. Мама распавядала, што калі яны з татам вандравалі аўтаспынам, то прыехалі ў гэтае месца і паставілі тут намёт, але было гэта вельмі даўно. Я агледзелася: лес, у ім шмат соснаў, сярод дрэваў стаяць намёты, але лес такі вялікі, і здаецца, што намётаў не шмат. І галоўнае – мы самі гаспадары лесу і возера, у якім цішыня і спакой. Тут няма крамаў, няма дарог, падаецца, замежныя госці не ведаюць пра гэты кэмпінг, але я ўпэўнена, калі распавесці замежнікам пра “гармонію”, якую мы знайшлі, тут узнікне сапраўдная чарга! Бо пляцовак для адпачынку зусім няшмат… Ды не, не ўзнікне чарга. Мама кажа, што шмат людзей выбірае камфорт (гэта калі ёсць ванна і прыбіральня), і не кожны пагадзіцца адмовіцца ад цывілізацыі. Мне пашанцавала: для маіх бацькоў няма абмежаванняў: “Усе абмежаванні – у галавеееее!” – крычалі бацькі і несліся ў ваду, як быццам ім шэсць год, а не мне!
Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu