Бібліятэкарка з Бабруйску вырашыла змагацца з кантрактнаю сістэмай і – перамагла


З працаўніцаю Бабруйскай раённай бібліятэкі і грамадскаю актывісткай Святланай Грыцэнка не працягнулі чарговы кантракт.

“Наймальнік не можа вырашаць лёс чалавека, зыходзячы з “хачу — не хачу”

Напрыканцы траўня бягучага году Святлана Грыцэнка атрымала паведамленне, што з ёй не працягнуць кантракту. Прычыну звальнення дырэктарка Бабруйскай раённай бібліятэкі Любоў Схаба патлумачыла коратка: Я так вырашыла, гэта было маё жаданне.

Па абарону сваіх правоў Святлана звярнулася ў суд гораду Бабруйску і Бабруйскага раёна. Бібліятэкарка патрабавала аднаўлення на працы і кампенсацыі маральнай шкоды. Суд задаволіў патрабаванні. З заўтрашняга дня Святлана зноў выходзіць на працу. Пракурор Таццяна Хмялеўская падчас суду заўважыла: “Наймальнік не можа вырашаць лёс чалавека і дабрабыт сям’і зыходзячы з хачу — не хачу”.

Святлана Грыцэнка працавала ў бібліятэцы 23 гады. Адна з нешматлікіх сярод сваіх калегаў у Бабруйскім раёне яна мае першую катэгорыю і вышэйшую адукацыю. За ўвесь час працы не мела ніводнай заўвагі ці дысцыплінарнага спагнання. Гэта на судзе пацвярджалі і ейныя калегі, і дырэктарка бібліятэкі Любоў Схаба.

Акрамя бібліятэчнай працы, Святлана Грыцэнка праводзіла актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Яна — прамоўца аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Сёлета спадарыня Святлана балатавалася ў Бабруйскі гарадскі савет дэпутатаў. І ўжо тады, падчас выбарчай кампаніі, дырэктарка ёй прапанавала выбіраць: праца ці палітыка, сцвярджае Святлана. Бібліятэкарка перакананая, што яе звольнілі менавіта за грамадскую дзейнасць.

Што можа зрабіць прафсаюз?

Права на працягненне кантракту Святлане Грыцэнка гарантавалі калектыўная дамова і тарыфная дамова паміж Міністэрствам культуры і Беларускім прафсаюзам працаўнікоў культуры. У гэтых дакументах зацверджаныя нормы, якія абавязваюць наймальніка працягваць кантракт з працаўнікамі са значным стажам працы без спагнанняў. Тым больш, што Святлана Грыцэнка – маці трох дзяцей, двое з якіх яшчэ няпоўнагадовыя.

Рыхтавацца да суда Святлане Грыцэнка дапамагаў Свабодны прафсаюз беларускі, абараняў у судзе – афіцыйны Беларускі прафсаюз працаўнікоў культуры. Прававы інспектар Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюзу працаўнікоў культуры Максім Швед, што прадстаўляў інтарэсы Святланы ў судзе, лічыць гэтае звальненне “неразумнасцю і недальнабачнасцю” дырэктаркі. “Дарэмна дырэктарка гэта ўсё пачала, бо тут не проста не працягненне кантракту, а відавочнае невыкананне ўмоваў калектыўнай дамовы і іншых дакументаў, з якіх бачна, што кантракт мусілі працягнуць”, — заўважае спадар Максім.

Прававы інспектар зазначыў, што гэты выпадак яшчэ раз паказаў, як кантракт у руках працадаўцы становіцца сродкам пазбаўлення ад непатрэбных працаўнікоў: “Паводле закону, у нас любы можа быць звольнены пасля сканчэння тэрміну кантракту без тлумачэнняў. Тут ніхто не застрахаваны. У гэтай жа сітуацыі відавочны асабісты канфлікт, непрыняцце дырэктаркаю жыццёвай пазіцыі працаўніка. Гэта глупства, тым больш, калі не стае працаўнікоў, і месца гэтае дагэтуль вакантнае. Жыццёвая пазіцыя Святланы не павінна перашкаджаць працягу з ёй працоўных стасункаў”.

Кантрактную сістэму ўсё ж можна перамагчы?

Старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Міхаіл Кавалькоў, які дапамагаў Святлане Грыцэнка скласці судовую позву, адзначае, што працы прафсаюзу працаўнікоў культуры ў гэтай сітуацыі ўвогуле не бачна: “Па-першае, гэта прафсаюз мусіў пісаць позву аб аднаўленні Святланы на працы. Па-другое, у калектыўнай дамове ясна прапісана, што наймальнік абавязаны працягнуць кантракт. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзу кажа, што дырэктар магла звольніць Святлану. А яшчэ пытаецца – а што можа зрабіць прафсаюз. Дык што гэта?”

Паводле Міхаіла Кавалькова, гэтая сітуацыя паказвае, што кантрактную сістэму можна перамагчы толькі ў выключных выпадках: “Калі ёсць гарантыі ў калектыўнай дамове, нармальны кампетэнтны прафсаюз, можна дамагчыся працягнення кантракту”.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў