Маскоўскія размовы – 2018. Як Беларусь стане вакном у свет для Расеі


– Маша, на гэтыя выходныя мы з Сашам былі ў Менску…

– Клас – і што вы рабілі?

– А што там рабіць, мы пайшлі ў Макдональдс, а затым на кубак кавы да «Starbuks»

– Нічога сабе – я ў Макдональдс не была ўжо чатыры гады. Памятаеш увялі той здаровы законапраект пра тое, што амерыканская ежа дрэнная.

– А бабуле прывезла яблыкаў – польскіх.

– Супер! Колькі можна есці гэтае сібірскае паскудства.

– А ў кіно хадзілі?

– А як жа – глядзелі апошняга «Бонда» – Дэніэл Крэйг на вялікім экране – гэта нешта. З задавальненнем яго таксама б з’ела.

– Ох, трэба будзе паехаць у Менск – у тую Еўропу.



Чакаў Уладзімір Уладзіміравіч 20 гадоў, каб Расею з каленяў падняць і адпомсціць Захаду. І адпомсціў. А ўсё гэта і так прадугледзела вялікая расейская літаратура. Вось урывак з кнігі Уладзіміра Сарокіна «Дзень Апрычніка» 2006 года, якая апісвае Маскву ў 2027 годзе:

«Дастаючы гаманец, разглядаю вітрыну. Стандартны набор прадуктовага ларка: цыгарэты «Радзіма» і папяросы «Расея», гарэлка «Жытняя» і «Пшанічная», хлеб чорны і белы, цукеркі «Мішка касалапы» і «Мішка на Поўначы», павідла яблычнае і слівавае, масла і алей, мяса з косткамі ды без, малако цэльнае і таплёнае, яйкі курыныя і перапяліныя, каўбаса вараная і вэнджаная, кампот вішнёвы і грушавы, і нарэшце – сыр «Расейскі».

Добрая была ідэя бацькі Гаспадарскага, Мікалая Платонавіча, па ліквідацыі ўсіх іншаземных супермаркетаў і замены іх на расейскія шапікі. І каб у кожным шапіку – па дзве рэчы, для выбару народнага. Мудра гэта і глыбока. Бо народ наш, баганосец, выбіраць з двух павінен, а ня з трох і ня з трыццаці трох. Выбіраючы з двух, народ спакой душэўны здабывае, упэўненасць у заўтрашнім дні, лішняй мітусні неспакойнай пазбягае, а такім чынам – задавальняецца. А з такім народам, задаволеным, вялікія справы стварыць можна.

Усё добра ў шапіку, толькі аднаго зразумець не можа галава мая: чаму ўсіх прадуктаў пара, як стварэнняў на Ноеў каўчэг, а сыр – адзін, «Расейскі»? Логіка мая тут бездапаможная. Ну, ды не нашага розуму гэтая справа, а Гаспадарскага. Гаспадару з Крамля народ лепш бачны. Гэта мы тут поўзаем, як вошы, мітусімся, слушных шляхоў не ведаючы. А Гаспадар усё бачыць, усё чуе. І дае – каму і што трэба».

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў