Нямеччына прыпыняе пастаўкі зброі ў Расею


Кантракт прыпынены з-за паглыблення крызісу ўва Украіне, заявіў віцэ-канцлер і міністр эканомікі ФРН Зігмар Габрыэль, – пра гэта піша «Sueddeutsche Zeitung».

Паводле дадзеных выдання, адкліканы дазвол на заключэнне кантракта з Расеяй з боку аднаго з найбуйнейшых вытворцаў вайсковай тэхнікі — групы «Rheinmetall». У сакавіку гэты праект быў прыпынены пасля анексіі Расеяй Крыма.

«Rheinmetall» адстойваў свой праект нават пасля ўварвання Расеі ў Крым, пакуль нямецкі ўрад не настаяў на яго скасаванні.

Цяперашняе рашэнне ў нямецкім урадзе патлумачылі ўведзенымі супраць Расеі санкцыямі Еўразвяза, якія прадугледжваюць мараторый на продаж зброі РФ з прычыны яе экспансіўнай палітыкі на ўсходзе Украіны.

У 2011 годзе нямецкі вайсковы падрадчык «Rheinmetall» падпісаў кантракт на будаўніцтва цэнтра падрыхтоўкі з сімулятарам баявых дзеянняў у Муліна, на паўдзённым захадзе Расеі, коштам прыблізна 100 мільёнаў еўра. Меркавалася, што ў ім можна будзе рыхтаваць да вайны 30 тысяч расейскіх салдат штогод.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў