Жнівень: растуць кошты і выплаты


Усё ўгару – і выплаты і выдаткі. Ад 1 жніўня амаль на 11 % павялічыўся бюджэт пражытковага мінімуму – да 1 343 420 руб.

{movie}Змены ў бюджэце|right|17755{/movie}

Адпаведна падвысілі і некаторыя віды дзяржаўных выплатаў сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, а таксама сацыяльныя і працоўныя пенсіі. Апошнія ў сярэднім павялічацца на 7,3 %. Сярэдняя пенсія – 2 600 000, мінімальная (стаж працы ў мужчынаў – 25 гадоў, у жанчын – 20 гадоў) – 1 402 000, максімальная (стаж працы ў мужчынаў – 45 гадоў, у жанчын – 40 гадоў, інд. каэфіцыент 4,0) – 3 939 000. Папярэдні пераразлік пенсіяў быў паўгода таму.

ПЕНСІЯНЕРЫ, МЕНСК:
“Пенсіянеры ўжо не вераць. Мы дзеці даваенныя. Ніякай увагі на нас”.
“Каб годна жыць цяпер, трэба мець мільёнаў 10. Каб можна было сабе дазволіць і паесці, і пагуляць”.
“Дэпутаты мусяць вырашаць. Напэўна ж, у іх пенсіі нашмат большыя. А ў рабацягі…”

Не толькі для пенсіянераў, але і для ўсіх іншых карыстальнікаў абаненцкая плата за хатні тэлефон з сёння вырасла адразу на 20 %. Міжгароднія ж званкі цяпер каштуюць на 12 % даражэй – 81,4 руб. за хвіліну.

Паслугі электрасувязі дадалі ў цане таксама для юрыдычных асобаў і для індывідуальных прадпрымальнікаў. Апошні раз тарыфы павышалі 2 месяцы таму.

Карыстальнікам інтэрнэту таксама давядзецца плаціць болей. Беларускі правайдэр “Атлант Тэлекам” павысіў аплату ў залежнасці ад тарыфнага плану на 10–20 тыс. руб.

Болей будуць каштаваць і кепскія звычкі. Павялічваюцца, як і месяц таму, рознічныя цэны на асобныя віды цыгарэтаў.

Жыхары ж сталіцы неўзабаве адчуюць яшчэ адно падаражэнне. Кошт праезду ў грамадскім наземным транспарце і метро павялічыцца да 4000 руб. за паездку. Пры набыцці ж квітка ў кіроўцы дадаткова трэба будзе заплаціць 500 руб. Павышэння тарыфаў адбудзецца ў гэтым месяцы, але дакладнага дня ў Міністэрстве транспарту пакуль не паведамляюць.

Без афіцыйнага папярэджання сёння пачало дзеяць і яшчэ адно новаўвядзенне. Тычыцца яно беларусаў, якія ездзяць у суседнія еўрапейскія краіны па таннейшыя тавары. Асабліва тых, хто мінае мяжу раз на тыдзень і часцей. Паводле новых зменаў, датычных абмежавання на ўвоз харчоў і алкаголю, цяпер можна прывесці не болей за 5 кг прадуктаў на асобу, прычым у гэтую вагу ўваходзіць і набыты алкаголь.

Змены заўважылі таксама кіроўцы грузавых машынаў і замежныя аўтамабілісты. Сёння павялічылася і працягласць платных беларускіх дарог – на 256 км.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў