Як Расея «даіла» Еўразвяз: жыццё перад санкцыямі і пасля іх


Пра тое, як чалавечы фактар змяніў адносіны паміж Расеяй і Еўраўвязам і да чаго гэта прывядзе – інтэрвю «Белсату» са Стэвэнам Блёкмансам з Цэнтру даследаванняў еўрапейскай палітыкі.
{movie}Інтэрв’ю «Белсату» са Стэвэнам Блёкмансам з Цэнтру даследаванняў еўрапейскай палітыкі|right|17739{/movie}
Як санкцыі супраць Расеі, прынятыя на пасяджэнні амбасадараў Еўразвязу, паўплываюць на стасункі паміж Расеяй і ЕЗ?

Стэвэн Блёкманс: У самай найбліжэйшай будучыні, як вынік санкцыяў, гэтыя стасункі, натуральна, будуць псавацца. Адзначу, што ў краінаў-чальцоў Еўразвязу заняло даволі шмат часу і, галоўнае, намаганняў замацавацца на пэўнай супольнай пазіцыі ў стасунках з Расеяй. Часам прыходзілася балансаваць паміж рознымі інтарэсамі краінаў-чальцоў Еўразвязу. У выніку ўдалося прыняць нейкую стабільную і доўгатэрміновую стратэгію ў дачыненні Расеі… А цяпер усё скацілася, на жаль, да санкцыяў гэтак званага “ўзроўню 3”. Усё гэта мае збольшага контрпрадуктыўны эфект. Мы ўжо бачылі рэакцыю раздражнення з боку кіраўніцтва Расеі на факт прыняцця гэтых санкцыяў, і таму відавочна: эскалацыя непаразумення, якая мае месца, не дапаможа ў нармалізацыі стасункаў. Наадварот, мы будзем рухацца ў бок значнага пагаршэння, ледзь не да катастрофы ўзаемадзеяння.

Не сакрэт, што рашэнне амбасадараў было справакавана нядаўняю катастрофай авіялайнеру.

С.Б.: Я думаю, што падзенне малайзійскага лайнера МА-17 згуляла ролю каталізатара ў тых працэсах паміж Еўразвязам і Расеяй, якія маюць цяпер месца. Яно стала, гэтак бы мовіць, чырвонаю лініяй, якая, на жаль, была перакрочаная. У тым ліку і праз тое, што гэтак шмат грамадзянаў Еўрапейскага Звязу было сярод загінулых у гэтай катастрофе. І гэты плач сваякоў загінулых урэшце пераўтварыўся ў моцны голас патрабавання шараговых жыхароў краінаў Еўрапейскага Звязу да сваіх палітычных лідараў: прыняць больш жорсткія адэкватныя захады супраць тых, хто наўпрост і ўскосна нясе адказнасць за гэтую авіякатастрофу. І калі раней замежная палітыка Еўразвязу фармавалася пераважна за зачыненымі дзвярыма, то цяпер чалавечы фактар і неабходнасць прыслухоўвацца да думкі шараговых грамадзянаў моцна ўплываюць на крокі, якія робяць чыноўнікі Еўразвязу.

Наколькі глыбока Расеі і яе жыхары могуць пакутаваць праз гэтыя санкцыі?

С.Б.: Відавочна, што Еўрапейскі Звяз пашырыў санкцыі да спецыфічных сектараў расейскай эканомікі, тады як раней у мішэнь абмежаванняў траплялі толькі асобы ды некаторыя фірмы. Мэтавыя сектарныя санкцыі патэнцыйна могуць мець вялікі ўплыў на расейскую эканоміку. Лічбы наконт таго, які адсотак валавога ўнутранага прадукту Расеі будзе закрануты ў выніку санкцыяў, вар’ююцца. Але можна ўжо сёння казаць прыкладна пра два з паловаю адсоткі ад ВУП, якія амаль імгненна ў выніку санкцыяў згубіць расейскі бюджэт. І ў першую чаргу санкцыі ўдараць па фінансаваму сектару Расеі. Грошы, якія расейскія банкі маглі раней генераваць праз продаж сваіх аблігацыяў на еўрапейскім рынку і такім чынам фактычна “рабаваць” еўрапейскую фінансавую сістэму, патрабуючы крэдыты для дыверсіфікацыі ды праціскання на рынак сваіх тавараў, цяпер пазбаўленыя такой магчымасці. У энергетычным сектары санкцыі, хутчэй за ўсё, не будуць мець хуткага “кусачага эфекту”, бо гаворка ідзе пра вельмі высокія тэхналогіі, гандаль якімі цяпер Расеі забаронены, але ў перспектыве таксама будуць балючыя для Расеі. У сферы вытворчасці тавараў падвойнага прызначэння і абароны эфект санкцыяў будзе, зноў такі, вялікі. Бо ў Расеі значная колькасць фірмаў прадае абсталяванне такога тыпу еўрапейскім пакупнікам. Які дакладна ўплыў будуць мець санкцыі на кароткім прамежку часу і ў доўгатэрміновай перспектыве – на рашэнні кіраўніцтва Расеі ды на жыццё ейных жыхароў, цяжка спрагназаваць. Мы раней ужо бачылі эфект, які быў выкліканы санкцыямі супраць пэўных кампаніяў, але каб убачыць уплыў, часткова ўскосны, на эканоміку Расеі ад прынятых цяпер санкцыяў, спатрэбіцца час, магчыма, даволі доўгі час. Але відавочна, што жыццёвыя стандарты ў Расеі ў выніку абмежаванняў знізяцца. І ўсё гэта адбудзецца ў эканоміцы, якая і так перабывае ў заняпадзе. А санкцыі могуць мець эфект каталізатару. Але ўсё ж вылічыць дакладны эфект ад санкцыяў цяпер, вядома, вельмі няпроста.

У Расеі, у тым ліку і ў дзяржаўнай Думе, раздаюцца галасы, што санкцыі – гэта добра, бо яны стымулююць эканоміку.

Любыя санкцыі хоць і накіраваныя на эканоміку, але факусуюцца ўсё ж на мазґах. І расейская эканоміка ўжо мела магчымасць адчуць на сабе раней, што ж такое санкцыі… Вядома, у пэўных умовах санкцыі могуць стаць стымулам, шокам, які ідзе звонку, крыху страсянуць эканоміку. Калі яна моцная! Але расейская эканоміка не моцная, яна, наадварот, у стане крызісу, прадпрыемствы скарачаюцца… І таму эфект ад санкцыяў будзе негатыўны ды адабецца ўрэшце на расейскіх грамадзянах. І калі людзі пачынаюць адчуваць санкцыі ў сваіх кішэнях, звычайна прыходзіць і іхнае незадавальненне ўладаю.

Што кіраўніцтва Расеі мусіць зрабіць, каб паспрабаваць захаваць свой твар і знайсці выйсце з гэтай няпростай сітуацыі?

С.Б.: Я зусім не ўпэўнены ў тым, што ў гэты момант расейскае кіраўніцтва занепакоенае працэдураю захавання свайго твару. Наадварот, здаецца, што яны амаль што шчаслівыя з таго, што ім удалося гэтак моцна раззлаваць, літаральна вывесці з сабе Еўрапейскі Звяз. Ды і наагул увесь Захад. З тым, каб умацаваць свае ўладныя пазіцыі, свой палітычны рэжым унутры Расеі. Я не бачу, каб Пуцін, Лаўроў і ўся іхная “царская” кампанія былі б зацікаўленыя ў нейкім тыпе спробаў ну хоць крыху прыстасоўваць сваю палітыку да чаканняў і патрабаванняў Захаду. Яны літаральна “хворыя” на прадмет узмацнення сваёй уласнай улады ў Расеі. Але нічога новага яны не прыдумалі! Класічная старонка з гісторыі дыктатараў: калі ты хочаш кантраляваць і перадухіляць праблемы ў сабе дома, якія ўзнікаюць з прычыны калапсу ў эканоміцы і росту народнага незадавальнення, тады шукай “прыгоды” па-за межамі сваёй краіны. Паўсюль, толькі не ў сваёй краіне. І паспрабуй дамагчыся поспеху там, у замежжы, дэманструючы свае моцныя цягліцы і песцячы рост папулярнасці. І ў той жа самы час паказваючы свайму народу, якіх поспехаў можа дасягнуць войска за мяжой, а не эканоміка ўнутры краіны.

Размаўляў Алесь Сіліч

Стужка навінаў