Маруся вандруе па Беларусі. Возера Каташы і мае першыя міфы


А давайце разбурым тое, што шмат людзей лічыць “правільным”. Мама кажа, што гэтак ствараюцца міфы. Міфы – нешта такое, што нейкія людзі выдумалі шмат год таму, а ўсе вераць і кажуць “Так, так! Будзем рабіць, як нам казалі, бо калі па-іншаму — дрэнна атрымаецца”. Дык вось сёння будзем бурыць простыя міфы!

Міф першы: лета – гэта час вакацыяў і адпачынку, адпачываць трэба недзе там, дзе мора, у нашай краіне мора няма, таму трэба адсюль бегчы.

Матуля пакрыўдзілася на адну суседку. Суседка зайшла па запалкі і кажа: “А ў нас грошай няма, таму мы будзем на радзіме адпачываць, на азёрах”. Яна пайшла дадому, а матуля кажа: “Дык, Машачка, не было б так крыўдна, але ж большая частка беларусаў так і лічыць: лепш у Турцыю, чым да роднай прыгажосці”. І вось паехалі мы на азёры ды зрабілі такія фотаздымкі, каб зайздрасць узяла прыхільнікаў Турцыі.

Нам вельмі падабаюцца азёры, якія недалёка ад Латвіі. Але пра гэтыя Браслаўскія азёры ведае любы беларус, і пра іх я раскажу пазней. Цікава шукаць азёры, пра якія ведаюць толькі тыя, хто жыве з імі побач. Схавалася адно такое загадкавае, калі ехаць з Кобрына ў бок Маларыты ці на ўкраінскую мяжу. Назва ў яго смешная – Каташы (цвяліцца добра “у ката – вошы”), паходзіць яна ад назвы вёскі, побач з якой знаходзіцца возера. Каташы — гэта былы кар’ер, кажуць, у ім здабывалі вельмі прыгожы каменьчык — бурштын.

Быў час, калі мая мамачка жыла ў Амерыцы ля акіяну. Дык яна дадала, што пясочак на Каташах – не горш за той, што быў на гарадскім пляжы каля дарагіх гатэляў. Мы свае фотаздымкі паказалі сябрам і запыталіся: “Як вы лічыце, дзе гэта?” – і яны адказалі: “Літва, недзе на Куршскай касе”.

Тут, на возеры, можна адпачываць на пляжы, калі хочацца на выходныя застацца – у сасновым лесе людзі ставяць намёты. Бацькі летась тлумачылі мне, што ў нашай краіне можна спыняцца ў лесе ці на азёрах (не на ўсіх, але шмат дзе) бясплатна, спыняйся, дзе сэрца спявае. Вось у іншых краінах, калі нават свае рэчы кідаеш на зямлю, за гэта трэба грошы плаціць, бо намёт ставіцца ў адмысловым месцы – летніку, ці па-ангельску – кэмпінгу.

Гэтае возера – Каташы – цяпер адзінае з маіх любімых. Нідзе, акрамя літоўскай Ніды, я не бачыла шмат такога добрага белага пяску. З яго такія будынкі атрымліваюцца прыгожыя! Адзінае, што раздражняла майго тату — гэта пах нечыстотаў, які часам прыносіць паветра. Бо пляж – вельмі добры, але месцаў для важных чалавечых спраў на ім няма.



Міф другі
: калі шмат разоў дзецям казаць слова “нельга” (асабліва ў месцах, дзе шмат-шмат чужых людзей), яны стануць больш разумнымі, паслухмянымі, такімі, як дарослым патрэбна.

Ведаеце, калі вы адчыніце дзверы і зойдзеце ў нейкую ўстанову, потым пачняце калупаць цыдулку на сцяне ці скакаць па калідоры, вам абавязкова дарослыя, якіх ты бачыш упершыню, скажуць вось так: “Дзяўчынка, ці ты ведаеш, што так нельга рабіць! Бо калідор узарвецца ад твайго гоману, паперка адарвецца!..” Але калі ты адпачываеш на пляжы, амаль тое ж самае я чула, як бацькі кажуць сваім дзеткам: “Навошта ў ваду хадзіць, нельга табе, малы яшчэ! Нельга туды совацца, бо галава ў пяску будзе! Чаму да чужых людзей пайшоў, ну-ка хадзі сюды! Нельга, нельга, нельга!” Ці гэта нейкае магічнае слова, якое, калі вымавіць тысячу разоў на тыдзень, прынясе дарослым цуд?..

Дык вось што я пачула ад уласных бацькоў, калі будавала пясчаны замак на Каташах: «Ангельская мамачка 20 хвілін размаўляла са сваім дзіцём, каб тое пагадзілася выйсці з пляцоўкі». Атрымліваецца так, што ангельскія мамы размаўляюць са сваімі дзецьмі, чаму ж беларускія тады не дамаўляюцца? Я не пагаджуся. Мая мама прасіла нават бабулю не выкарыстоўваць гэтае дрэннае слова “нельга”, замест гэтага тлумачыць, што бяспечна, што «не» і чаму, ды ўвогуле больш размаўляць з намі — са мною і сястрой.

І яшчэ, мне падаецца, я зразумела: цярпенне беларускіх мам уражлівае, як белы прыгожы пясок, але й так жа хутка сыплецца, як з яго зробленыя замкі і дарогі. Ці некаторыя мамы ды таты забыліся, як непрыемна, калі цябе лаяць на працы, а не прэмію даюць? Не! Яны забыліся вось аб чым: калісьці яны стануць старымі, іх дзеці – дарослымі. Дарослыя дзеці прывязуць сваіх старых бацькоў на возера і будуць казаць: «Куды ты пайшоў, там вада халодная, а ты стары і кашляеш! Чаму капаеш пясок, рукі будуць брудныя, а ты імі ў нос! І не гуляй у мяч, бо ў табе сэрца хворае і табе нельга. Нельга, нельга, нельга!..»

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Стужка навінаў