З ЕГУ звольнілі “нязручных” выкладчыкаў


Педагогі, якія найбольш актыўна супраціўляліся самачынству адміністрацыі навучальнай установы, не знайшлі сваіх прозвішчаў у спісах супрацоўнікаў. 30 ліпеня кіраўніцтва ЕГУ распаўсюдзіла загад аб прызначэнні выкладчыкаў паводле вынікаў “унутранага адбору”.

У спісе з 61 прозвішча не значацца пяць выкладчыкаў з прафсаюзу ЕГУ “EHUnion”, у тым ліку старшыня прафсаюза Аляксей Крывалап, сябры Рады Канстанцін Ткачоў і Андрэй Ралёнак. Не будзе працоўных кантрактаў і з іншымі «нязручнымі» прадстаўнікамі Сенату ЕГУ – Вольгаю Шпарагай, Андрэем Лаўрухіным і Максімам Жбанковым. Старшыня Сената ПавелЦерашковіч быў раптоўна звольнены без тлучамэння прычынаў яшчэ ў лютым гэтага года.

Раней выкладчыкі атрымалі ліст ад камісіі па найме з патрабаваннем пацвердзіць сваю лаяльнасць курсу адміністрацыі ў якасці абавязковай умовы заключэння кантрактаў. Па словах выкладчыкаў, яны звярнуліся да камісіі з просьбай патлумачыць падмену прафесійных крытэраў палітычнымі. У адказ старшыня камісіі Дэвід Полік абвінаваціў сенатараў у падрыве фінансавай стабільнасці ўніверсітэту, не прадставіўшы гэтаму ніякіх доказаў.

Звольненыя педагогі занепакоеныя тым, што органы акадэмічнага самакіравання і прафсаюзных структураў застаюцца без кіраўнікоў. Паводле распаўсюджанай “EHUnion” заявы, “натуральны для навучальнай установы падзел улады і адказнасці змяняецца адміністрацыйнай манаполіяй на ўладу”.

Адміністрацыя не зважае на цяжкасці

Кіраўніцтва ўніверсітэту тлумачыць правядзенне конкурсу памкненнем адпавядаць літоўскаму заканадаўству і паляпшаць умовы працы для выкладчыцкага складу. Новыя дамовы прапануюць выкладчыкам сацыяльныя гарантыі ў Літве.

Перамены ніколі не бываюць лёгкімі, асабліва калі трэба змяніць самога сябе. Але, нягледзячы на цяжкасці, я ўпэўнены, што вынікі працэсу найму ставяць ЕГУ на новую, больш трывалую аснову і рыхтуюць яго да наступнай задачы: забеспячэння нашым студэнтам якаснай адукацыі ў сферы гуманітарных навук”, – кажа бяззменны рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту акадэмік Анатоль Міхайлаў.

“ЕГУ можа вяртацца ў Менск

Звольненыя супрацоўнікі бачаць у гэткіх паводзінах адміністрацыі небяспечную тэндэнцыю. “ЕГУ канчаткова знішчае парасткі дэмакратыі ў сваіх шэрагах і мае ўсе падставы вяртацца ў Менск ужо сёння. Паколькі ён больш нічым не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай дзяржаўнай беларускай ВНУ”, – зазначыў намеснік старшыні “EHUnionКанстанцін Ткачоў.

Працэс адбору распачаўся сёлета, калі быў праведзены адкрыты конкурс на заняцце выкладчыцкіх пасадаў на падставе 5-гадовых працоўных дамоваў. Шмат якія выкладчыкі ЕГУ раней працавалі па дамовах аб аказанні паслугаў: гэта была часовая захада, паколькі ўсе чакалі хуткага вяртання ЕГУ на радзіму, а таксама жаданнем шмат якіх выкладчыкаў жыць у Беларусі.

Непразрыстасць працэсу “ўнутранага адбору” і неправамернасць некаторых дзеянняў кіраўніцтва ЕГУ яшчэ ў траўні пацвердзіў кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы. Як цвердзяць прадстаўнікі сенату, замест таго, каб прывесці працэдуры кіравання ўніверсітэтам у адпаведнасць з літоўскім заканадаўствам, адміністрацыя ЕГУ падала на кантралёра ў суд.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў