АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Калі цяжар на расейскі бюджэт павялічыцца, а гэта каля 100 мільярдаў долараў стратаў за год, частка гэтых стратаў будзе перакладзеная і на Беларусь у выглядзе неатрыманых крэдытаў ды праз страты продажу беларускіх тавараў”.
Сапраўды, таваразварот з нашай усходняю суседкаю – найбольшы. Але акрамя гандлю Беларусь будуе з Расеяй і маштабны інтэграцыйны праект. І таму санкцыі супраць Масквы могуць стаць санкцыямі і супраць Менску.
МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Палова экспарту ідзе не толькі ў Расею, але і на Захад. І вось тут нам можа ўжо быць кепска. Бо гэтыя санкцыі нам пакуль нічога не перакрываюць. Расейскі рынак ад нас не адсякаецца. Але ў перспектыве ад нас можа быць адсечаны еўрапейскі рынак, і гэта можа быць значна горш”.
Ужо цяпер санкцыі супраць кіраўніцтва Крамля адбіваюцца на некаторых беларускіх турыстычных аператарах. Паслядоўна – на іх кліентах. У прыватнасці, блакуюцца грашовыя пераводы за мяжу праз банкі з расейскім капіталам. І гэта можа быць толькі пачатак.
АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Наступствы ад санкцыяў беларуская эканоміка будзе адчуваць усё мацней. І калі ў гэтым годзе будзе амаль неадчувальна, то ўжо праз год-два страты для нашай эканомікі будуць вельмі адчувальныя”.
Пры гэтым прагнозы для расейскай эканомікі – негатыўныя. Эканамісты раяць рыхтавацца да падзення курсу расейскага рубля, зніжэння росту эканомікі ды, адпаведна, да падзення ўзроўню жыцця. А з галоўным партнёрам з Мытнага саюзу мы звязаныя вельмі моцна.
Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”