За што закрылі «Галіяфы»


Кнігарня беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы» часова зачыненая. Пра гэта стала вядома сёння з раніцы. Ужо ўдзень, калі здымачная група «Белсату» прыехала да крамы, набыць кнігі тут было немагчыма. Цяпер кнігарня працуе, як офіс аднайменнага выдавецтва. Прычынаю да закрыцця кнігарні стаў новы закон аб гандлі.

АЛЯКСЕЙ ХАРУЖКА, ВЫДАВЕЦТВА «ГАЛІЯФЫ»: «З 22 ліпеня ўступіў у сілу новы закон “Аб гандлі”. У якім прапісана, што будынкі, ў якіх вядзецца гандаль, яны мусяць быць аформлены пэўным чынам. Тут павінны прайсці пэўныя экспертызы: санітарныя, пажарныя і г.д. Пасля чаго аб’ект уносіцца ў рэестр і тады можна гандляваць».

Кнігарня «Галіяфы» пачала працу на пачтку вясны гэтага году. За гэты час тут прайшлі дзясяткі літаратурных імпрэзаў. Гэта і прэзентацыі новых кнігаў, і сустрэчы з беларускамоўгымі пісьменнікамі. Гэта ўжо не гаворачы пра тое, што тут заўсёды можна было набыць літаратуру на роднай мове: і класіку, і сучасных аўтараў. Калі вырашыць пытанне з унясеннем у адмысловы рэестр не атрымаецца, то выдавецтва будзе вымушанае нейкім чынам змяняць сваю бізнес-мадэль ды шукаць новыя спосабы для далейшага развіцця.

Закрыццё кнігарні прадстаўнікі «Галіяфаў» ня схільныя звязваць са спробамі ўціску на незалежнае беларускамоўнае выдавецтва. Усе гандлёвыя кропкі, дзе месціцца кнігарня часова прыпынілі сваю працу.



Аляксей Мінчонак, belsat.eu

Стужка навінаў