Трыб’ют «Ляпісам» выйшаў да развітальнага туру


Вядомы гурт «Ляпіс Трубяцкі» дачакаўся трыб’юту на сваю творчасць яшчэ да завяршэння дзейнасці.

У межах «Lyapis Crew: ТРУбьют» музыкі з розных краін запісалі свае версіі песень гурта. Гэты рэліз стаў вынікам вялікага краўдфандынгавага праекта, які распачаўся год таму на сайце Planeta.ru.

Агулам на конкурс прыйшло каля 300 запісаў. У межах праекта трэба было зрабіць кавер на любую песню «Ляпісаў» (у тым ліку да-«Капітальнага» перыяда) у сучаснай альтэрнатыўнай стылістыцы.

«Першапачаткова мы планавалі выдаць толькі 20 лепшых кавераў, – прызнаецца прадусар гурта Яўген Калмыкоў. – Але прыйшло столькі цікавых трэкаў, што давялося пашырыць праект. У выніку ён выйдзе ў трох частках, кожная з якіх будзе змяшчаць у лічбавай версіі па 25–30 кампазіцыяў. Усе тры часткі маюць умоўны стылістычны напрамак. У першай больш року, другая складалася з акцэнтам на ска-панк, трэцяя – на панк. Карацей, сумна нікому не будзе!»

Сярод удзельнікаў праекту хапае вядомых артыстаў. У першай частцы можна пачуць песні «Ляпісаў» у выкананні Noize MC (Расея), Сяргея Бабкіна (Украіна), гурта «Бумбокс» (Украіна) і рэпера Басты (Расея). Ёсць на першай складанцы і шэсць калектываў з Беларусі: «Жнюв», «ТТ-34», «Пані Хіда», Exist-M, Kurt Roll і «Ворона».

Альбом «Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1» можна спампаваць у iTunes і паслухаць на «Яндэкс.Музыцы», а 28 ліпеня лэйбл Soyuz Music выдасць яго на CD. Другая і трэцяя часткі праекта выйдуць у канцы жніўня і верасня адпаведна.

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» спыніць існаванне 1 верасня 2014 года. Развітальны тур пад назвай «Клоуна нет» будзе складацца толькі з чатырох выступаў: у Маскве (22 жніўня), Вільні (23.08), Кіеве (26.08) і Санкт-Пецярбургу (27.08). Беларусы маюць магчымасць набыць квіткі і атрымаць бясплатныя візы на выступ у сталіцы Літвы.

Бясплатная віза: квіткі забяспечаныя бясплатнымі візамі з тэрмінам знаходжання з 22 да 24 жніўня ўключна. Падача дакументаў традыцыйна спрошчаная – даведкі з месцы працы/навучання, пацверджанні платаздольнасці не патрэбныя. Падрабязная інфармацыя па запаўненні анкет і іншых нюансах – www.shabli.by

Кошт на квіткоў: 420 тыс. руб.

Продаж квіткоў: толькі на офісе агенцыі «Шаблі»: горад Менск, вуліца

Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні).

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65.

Стужка навінаў