Маруся вандруе па Беларусі. (П)Ружаны


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць год, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта калі ў тваім жыцці ёсць месца, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах я вам буду распавядаць.

Ёсць на Беларусі два невялічкія гарадкі, розніца ў назвах якіх складаецца з адной літары. Яны стаяць адзін за другім, і на першы погляд вандроўніка зусім звычайныя. Але мы крочым у Пружаны, якія перад Ружанамі ці пасля іх – усё залежыць толькі ад таго, з якой кропкі краіны зазірнуць.

Апошнім часам зрабілася мне, шчыра кажучы, вельмі сумна, падаецца таму, што споўнілася шэсць, а святкаваць з сябрамі гэты дзень не атрымалася – улетку шмат хто куды едзе, дык вось і мае сябры на месцы не затрымліваюцца. Матуля выдумляла гульні, каб развесялиць мяне, прапанавала скакаць у нейкія “гумкі” з яе “савецкага” дзяцінства, але ж гэта нудная справа – увесь час скакаць з адной толькі мэтай – не зачапіцца. “Вось моладзь, вам бы толькі экшэн!” – кажа мама.

Вырашыла, буду займацца дарослаю справай і вывучаць гісторыю. Пажадана, каб у будучыні я стала ветэрынарам, але ж кожнаму ветэрынару (ці іншаму лекару) не перашкодзіць быць разумным і тлумачыць сваім пацыентам падчас агляду, адкуль нашыя хваробы паходзяць і як з імі жылі ў іншых стагоддзях. Дзеля гэтага ж трэба ўвогуле ведаць, хто жыў у іншых стагоддзях!

Дык вось за такім, як кажа мама, “гістарычным экшэнам” паехалі мы пагуляць у (П)Ружаны. Назвы гэтых дзвюх месцаў я блытаю ўвесь час, таму буду па магчымасці казаць пра іх адным словам.

Калі ехаць з Палесся, Пружаны атрымаюцца першымі. Нічога незвычайнага ў гарадку падчас нашага праезду я не заўважыла: усё, як усюды, недзе помнік-танк, недзе – самалёт, прыватныя хаткі і крышку дамоў з кватэрамі. Але мы шукаем пружанскую сядзібу, якую мясцовыя людзі клічуць “палацык”: “Навошта вам гэтая карчма, вы лепш у аквапарк зазірніце, “ – падказвае развясёлы дзядзька.

Гэты “палацык” пабудавалі сто пяцьдзясят гадоў таму. Праектаваў яго італьянскі архітэктар, а дагэтуль тут знаходзілася драўляная пабудова, якая спачатку належала аднаму графу. Граф гэты добра служыў імператрыцы Кацярыне II, падавіў паўстанцаў Касцюшкі (паўстанцы – людзі, якія з чымсьці нязгодныя і нешта хочуць змяніць у сваім жыцці і жыцці іншых людзей). Не разумею я гэтых “гістарычных” падарункаў.

Палацык сабе як палацык. Вакол яго добры парк, і яшчэ ёсць невялічкі будынак, які служыў хаткаю для гасцей. Добрага памеру будынак, не кожны дарослы чалавек такую хату мае ў сучасным жыцці. Мы з мамай прачыталі, што сёння гэтая хата – мастацкая школа.

Пачынаўся дожджык і мы пайшлі ў машыну, каб рушыць далей, у Ружаны. Па дарозе затрымаліся на пляцоўкі для адпачынку. Тут добра рабіць пікнікі, збіраць ягады, а самае галоўнае – вялікі-прывялікі бусел. Калі будзеце глядзець фотаздымак, звярніце ўвагу: казачны бусел амаль роўны з соснамі!

Мой старэйшы стрыечны брат вельмі здзівіўся: дзе горад? Маці з бабуляй яму тлумачаць: “Горад вельмі маленькі, невялічкая плошча, касцёл ды царква і прыватныя хаткі – гэта і ёсць горад.” Вось сталічнае дзіця, не ведае, што гарады зусім маленечкія бываюць!

Мэта нашай вандроўкі, – кажа маці, – тое, што дзецям заўсёды падабаецца. А падабаюцца нам месцы, сярод якіх добра бегаць ды скакаць. Дык вось, які ён – замак без рэстаўрацыі! Уваходны будынак – сучасны, там зараз музей, але мы яго хуценька мінулі. Да нас адразу падышлі мясцовыя хлапчукі, і падзяліліся, што яны могуць нам зрабіць экскурсію і расказаць пра замак. Больш аніякіх гідаў мы не заўважылі, і пагадзіліся. “Трэба моладзі дапамагаць рабіць добрыя справы”
, – кажа мама.

Неверагодна, але гэтыя цэгліны ды руіны з’явіліся вялікай каштоўнасцю. Калісьці тут жыў палітычны дзеяч Леў Сапега, і было гэта так даўно, што нават не хопіць мне ведаў, каб выказаць здагадку, якая з маіх прабабуляў з ім магла сябраваць. Паводле адной з легендаў, у Сапегі было дзве дачкі – як я і мая сястра, – імёны якіх Анна ды Ружа, таму і назва гораду – Ружаны. Хлопцы-гіды паказалі нам пакой, дзе раней быў кабінет Сапегі і ён падпісваў там важныя “статуты”. Падаецца, каб пра цябе ўспаміналі продкі, трэба падпісваць добрыя рэчы, ці будзе на небе сорамна.

Яшчэ мы заўважылі сярод старой цэгліны сучасную. Гэтаму замку нанеслі шкоду падчас Вялікай айчынай вайны і вось толькі некалькі год тут заняліся “рамонтам”. Кажуць, што ў мінулым Сапегі жылі тут так добра, што Радзівілы нават зайздросцілі іх балям (балі – гэткія сямейныя вечарынкі, куды прыходзіць шмат важных асобаў).

Выходзілі мы з нашых лабірынтаў, і заўважылі невялікую старую хатку сапегаўскіх суседзяў. Калі прыязджаеш, адразу нічога не бачыш акрамя замка, бо, як кажа маці, вока “замылілася”. Падышла да нас бабуля і прапанавала хатнюю маліну па коштах не малых. “Яны ўсё замежнікаў чакаюць, бо ведаюць, што чужаземцы больш грошаў маюць ды больш шануюць гісторыю краіны, пра якую даведаюцца. Але ж і пра радзіму нашу ў шматлікіх краінах у добрым выпадку нешта чулі, а звычайна блытаюць нас з афрыканскай якой Зімбабвэ ці Бельгіяй, бо на “Б”, – заўважыла матуля. Маліну мы не набывалі, вырашылі самі ў лесе, ці ў нашай бабулькі пазбіраць. Калі сам збіраеш з куста і адразу не ў вядзерца, а з’ясі, дык удвая смачнее ягада падаецца!

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Стужка навінаў