{movie}Чарговы ўдар па сям’і Моцных|right|17654{/movie}
Увечары ў пятніцу стала вядома, што суд перанеслі.
ІРЫНА МОЦНАЯ, МАЦІ-ВЫХАВАЦЕЛЬКА:
“Я ж дыябетык. Я ж не ела дагэтуль нічога. І ў мяне ўпаў цукар, гіпаглікемія пачалася, мне стала кепска, прытомнасць пачала губляць, яны хуткую выклікалі”.
Затрымалі ж Ірыну працаўнікі міліцыі а пятай раніцы па дарозе ў Менск. Пра гэта жанчына паведаміла магілёўскім праваабаронцам. Пасля доўгі час яе тэлефон не адказваў.
НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МАГІЛЁЎСКІ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР:
“Раніцай, 10-й гадзінаў не было, мне патэлефанавала вельмі ўсхваляваная Ірына і паведаміла, што яна больш за тры гадзіны знаходзіцца ў міліцыі, у раённым аддзеле, што дзіця яе ў кайданках, з ёй двое дзяцей, іх затрымалі з прымяненнем фізічнае сілы”.
Ва ўпраўленні ўнутраных справаў Магілёўскай вобласці інфармацыю звестак пра ўжыванне спецсродкаў пры затрыманні Ірыны Моцнай і ейных дзяцей не каментуюць. Што ж да прычынаў затрымання…
УУС МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ:
“Грамадзянка Моцная ўжо не ёсць законным апекуном гэтых дзяцей. Сёння працаўнікі аддзелу ўнутраных справаў Клімавіцкага райвыканкаму звярнулі ўвагу, што перасоўваецца аўта, у аўце была яна з дзецьмі. Гэтае аўта спынілі для праверкі, пасля чаго даставілі ў райаддзел для разбіральніцтва. Праводзіцца праверка наконт яе матываў”.
Кашмар у некалі шчаслівай сям’і Моцных распачаўся ў траўні, калі мужа Ірыны, Віктара, знайшлі павешаным. А неўзабаве прытулак улады пастанавілі закрыць: маўляў, адна з шасцю дзецьмі Ірына не справіцца. Але кабета лічыць гэтае рашэнне помстаю за яе колішнія скаргі на райвыканкам у вышэйшыя інстанцыі.
Дапамагчы даведзенай да адчаю жанчыне гатовыя праваабаронцы, але пакуль яны нават не бачылі дакументаў у справе Ірыны Моцнай.
НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МАГІЛЁЎСКІ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР:
“Трэба, натуральна, азнаёміцца з матэрыяламі справы, каб бачыць, што ёй інкрымінуецца, у чым яе вінавацяць, якія абавязкі яна не выканала як маці”.
Галоўнымі ж ахвярамі ў гэтай сітуацыі застаюцца дзеці, якія два месяцы жывуць у стрэсе. Пасля затрымання Ірыны служба апекі вывезла іх у Магілёў. Яе ж у бліжэйшы панядзелак чакае працяг суда, вынік якога ні з якога боку станоўчым не будзе.
Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”