Журналіст хоча арганізаваць «Мова Cup», калі ўсе гавораць па-беларуску і займаюцца спортам


Карэспандэнт газеты «Прессбол» Сяргей Шчурко выказаў ідэю новага праекту, які будзе спалучаць папулярызацыю беларускай мовы і здаровага ладу жыцця.

«Вельмі хачу арганізаваць «Мова Cup». Гэты турнір даўно ў нас выспяваў, мы з Сашай Герасіменяй (Аляксандра Герасіменя – плаўчыха, двухразовая срэбраная медалістка Алімпіяды 2012 года ў Лондане – belsat.eu) сустракаліся з гэтай нагоды з памочнікам прэзідэнта па спорце Максімам Рыжанковым і знайшлі з яго боку разуменне і гатоўнасць дапамагчы. Але ў нашай краіне нічога не робіцца хутка, мы пра гэта ведаем і таму чакаем заканамернага развіцця падзеяў», – адзначыў спартовы журналіст.

«Мова Cup» мае стаць імпрэзай, падчас якой усе будуць размаўляць на беларускай мове і займацца 10-15 відамі спорту на выбар – у добрай атмасферы, пад музыку, на свежым паветры і з буфетам.

Прадстаўнік «Прессбола» падкрэсліў, што сярод шмат якіх беларускіх спартоўцаў абудзілася жаданне размаўляць па-беларуску, як, да прыкладу, у Аляксандры Герасімені, у лёгкаатлеткі Аліны Талай, прадстаўнікоў зборнай Беларусі па футболе Віталя Радзівонава і Арцёма Радзькова і іншых.

«Mову Cup» плануюць правесці на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. «У манежы на вуліцы Каліноўскага мы ўжо рабілі разам з лёгкаатлетамі забег «24 гадзіны. Сэрца Марыны» ў дапамогу ўкраінскай гімнастцы Марыне Ласкутовай. Тады атрымалася выдатна. Гэта быў момант яднання нацыі ў колькасці 1,5 тыс яе прадстаўнікоў, якіх не прывезлі на аўтобусе і не пералічылі па спісах».

МЯ, belsat.eu, паводле pressball.by

Стужка навінаў