«РИА Новости» ведае, як стаць польскім дыверсантам


У Расеі і Беларусі неўзабаве забароняць студэнтам выезд за мяжу, каб тыя не трапілі ў брудныя лапы заходніх спецслужбаў, – прагназуе ў сваім фельетоне Максім Чыгунка.

«РИА Новости» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Кісялёва распавядае пра цяжкае жыццё маладых беларусаў, што выехалі на вучобу ў Польшчу. Ад раніцы трэба працаваць інтэлектуальна на вучобе ва ўніверсітэце, а ўвечары – ізноў заняткі. Па шыфраванні, канспірацыі, сабатажу, страляніне, рукапашным баі, баі з касою. Бо ўсё гэта частка стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага. Ён сам кім быў? Вядома – польскім бунтаўніком, сабатажнікам, што змагаўся з легітымнаю ўладаю цара з дапамогаю атрадаў касінераў, шпіёнаў і дыверсантаў.

Вось такі вобраз паўстае пасля таго, як прачытаеш тэкст польскага (sic!) аналітыка Якуба Карэйбы «Польская школа дыверсій: навучанне агентаў для СНД і Расеі», што апублікавалі «РИА Новости». Аўтар тэксту хоць сам крытычна выказваецца пра польскія стыпендыі для беларусаў і расейцаў, сам працуе ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце замежных справаў – навучальнай установе, што рыхтуе расейскіх дыпламатаў. Аўтар пэўна ведае, пра што гаворыць – расейскія дыпламаты часта працуюць на дзве стаўкі.

Далей па тэксце: «Стыпендыя імя Канстанціна Каліноўскага – праграма навучання маладых баевікоў з Беларусі, што маюць досвед падрыўной дзейнасці з мэтаю змены ўлады ў Менску. Да разгляду прымаюць заяўкі грамадзянаў, што могуць прадставіць доказы свайго ўдзелу ў «барацьбе з рэжымам». Гэта значыць, гатовых весці ды арганізоўваць нелегальную і гвалтоўную дзейнасць супраць легітымнага ўраду ўласнай краіны». «Нелегальную і гвалтоўную», бо вядома, што заняткі па гісторыі ці паліталогіі – гэта толькі прыкрыццё для заняткаў па канспірацыі, заліках па зборцы-разборцы Калашнікава ды манеўраў на падваршаўскіх палігонах.

У тэксце таксама згадваюцца іншыя структуры, што запрашаюць студэнтаў з Усходняй Еўропы, каб зрабіць з іх машыны для шпіянажу і нават забойства. Артыкул скіраваны нібыта да расейцаў, але прыгадвае і ўладам Беларусі, што Захад, а перадусім Польшча займаецца выключна падрыхтоўкаю атрадаў баевікоў дзеля барацьбы з рэжымам.

Гэта невыпадкова, што «РИА Новости» друкуе такога кшталту «аналітыку». Пэўна, у Крамлі зразумелі, што надышоў час, каб Расея (а з ёю і Беларусь) скончылі з небяспечным прэцэдэнтам свабоднага выезду грамадзянаў за мяжу. І пачаць трэба ад студэнтаў, потым ужо дойдзе чарга і да іншых групаў насельніцтва. Думаеце, гэта немагчыма? Нічога падобнага – у межах падтрымання турызму ў Крымнашы, Расея ўжо перад вакацыямі паспела забараніць сваім людзям у форме выязджаць за мяжу.

Выезды трэба забараніць, а ў будучыні можа нават і паставіць мур на заходняй мяжы. Будзе менш крамолы з зацвілага Захаду, а Крымнаш заквітнее. Асаблівая карысць будзе для сямейнага жыцця чыноўнікаў, дзеці якіх масава вучацца за мяжою. І нават прэзідэнт Пуцін урэшце сустрэнецца са сваёй дачкою, якая даўно пакінула сваю бацькаўшчыну ды жыве ў Галандыі.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў