Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў і яшчэ пяцёра беларусаў прызнаныя палітвязнямі


Беларускія праваабаронцы і праваабарончыя арганізацыі 21 снежня апублікавалі супольную заяву, у якой паведамілі пра прызнанне палітвязнямі яшчэ шасцярых чалавек. Сярод іх – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Агулам цяпер у Беларусі 933 палітвязні.

Беларусы, якіх гэтым разам праваабаронцы прызналі палітвязнямі, былі абвінавачаныя ў распальванні варожасці. Што пра іх вядома:

  1. Сяргей Петрушэнка. Абвінавачаны паводле арт. 130 і 352 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асобаў і інш.») за перадачу інфармацыі аб прадстаўніках сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу. Пад вартай застаецца з чэрвеня 2021 года.
  2. Андрэй Гарун. Абвінавачаны паводле ч. 3 арт. 130 КК за перадачу ў тэлеграм-канал інфармацыі аб прадстаўніках сілавых ведамстваў.
  3. Таццяна Карповіч. Абвінавачаная паводле арт. 130 КК за перадачу інфармацыі аб прадстаўніках сілавых ведамстваў і суддзяў тэлеграм-каналу.
  4. Руслан Кузьміч. Жыхар Наваградку, абвінавачаны ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 за публікацыю каментара пад здымкам чалавека са зброяй у руках: «Ок, надыйшоў час даставаць зброю. Жыве Беларусь!».
  5. Андрэй Аўсіевіч. Асуджаны на закрытым судовым паседжанні паводле арт. 130 («Распальванне варожасці»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК за каментары ў інтэрнэце да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  6. Рыгор Кастусёў. Абвінавачаны ў змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады паводле арт. 357 КК. 64-гадовы Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка адначасова з юрыстам Юрыем Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Яны праходзяць падазраваным у крымінальнай справе аб «захопе ўлады» і спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку. Кастусёў адмаўляе датычнасць да замаху. Тэрмін утрымання пад вартай Кастусёву працягнулі да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб змене меры стрымання на хатні арышт праз стан здароўя застаюцца без задавальнення. 12 снежня стала вядома, што ў палітыка пацвердзілася анкалагічнае захворванне.
Артыкулы
«Навіна пра статус палітвязняў дадала сіл – гэта ганарова». Сужэнцы, якіх судзілі 9 разоў – пра Акрэсціна і волю
2021.11.29 18:57

«Гэтыя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах. Іх дзеянні не пацягнулі цяжкіх наступстваў для пацярпелых», – зазначаюць праваабаронцы.

Таксама праваабарончая супольнасць падкрэслівае, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачваных быў наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закону дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў, адсутнасцю ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Артыкулы
Праваабаронца Павел Сапелка: Статус палітвязня здымае з чалавека цэтлік злачынцы
2021.11.28 07:30

Зыходзячы з гэтага, праваабаронцы прыходзяць да высновы пра існаванне ў кожным з пералічаных выпадкаў палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

Палітычны зняволены – гэта асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжытае з парушэннем права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў;
  • асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў