«Пытаюць, хто ты, адкуль, кім быў…» Як жывецца беларускаму музыку-эмігранту. Расказвае Алесь Таболіч


Лідар паган-метал-гурта «Znich» з’ехаў у Польшчу, хоча адыграць з аркестрам канцэрт на 25-годдзе калектыву і адрадзіць фэст «Купальскае кола». Але за мяжой бракуе падтрымання.

Алесь Таболіч і гурт «Znich» у Польшчы.
Фота: асабісты архіў Алеся Таболіча

Беларускае ў Беларусі – андэграўнд

Два месяцы таму Алесь Таболіч пакінуў Беларусь. Ён тлумачыць «Белсату», што прычынаў было некалькі.

Першая і галоўная – што з такімі забаронамі, як у цяперашняй Беларусі, гурт «Znich» яшчэ не сутыкаўся, прасторы для творчасці няма. Яшчэ адна прычына – арышт гурта «Irdorath», з якімі гурт Таболіча выступаў разам, якім ён ладзіў выступы і разам з якімі была затрыманая колішняя бэк-вакалістка «Znich’а» Аляксандра Грахоўская. Ёсць і яшчэ адна прычына ад’езду: Таболіч быў «прэтэндэнтам у кандыдаты» на прэзідэнцкіх выбарах – 2020, ладзіў пікеты для збору подпісаў (але не набраў неабходных 100 тысяч).

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

Да таго ж, уздыхае Таболіч, у Беларусі «цяжкае становішча з беларускай мовай і культурай».

За мяжу з’ехала большая частка гурта «Znich». Засталіся два чалавекі, якія пастанавілі не ехаць, бо ў іх сем’і і малыя дзяці. Але гурт здабыў новую ўдзельніцу: вядомую джазавую музыку, бас-гітарыстку Людмілу Крукоўскую.

У Беларусі, кажа Таболіч, засталося шмат знаёмых яму музыкаў, але мала ў каго з іх ёсць праца, хіба «запісваць у шуфлядку».

«Цяпер уся беларускамоўная музыка – гэта ўжо андэграўнд у поўным сэнсе слова, – кажа Таболіч. – Я думаю, тут няма магчымасці «перасядзець». Усё звязанае з беларускай, беларускамоўнай культурай будзе пагаршацца. Усё ідзе, на мой погляд, да таго, што будзе ў нас як ДНР, ЛНР, як Крым, БССР… Будзе як частка Расейскай Імперыі».

Але ад сваёй пазіцыі, дадае Таболіч, ён не адмаўляецца: раз немагчыма ў Беларусі, трэба спрабаваць у іншай краіне, хай сабе і цяжка адаптавацца. Маўляў, «лепш так, чым сядзець у кустах».

За мяжой бракуе салідарнасці беларусаў

Таболіч расказвае, што з’язджаў з адным заплечнікам, але пазней яму падвезлі рэчы. Пакуль цяжка: не ведае, як паводзіцца ў іншай краіне з іншымі правіламі, бракуе юрыдычнай дапамогі, праблемай было нават купіць квіток на праезд, а бясплатных курсаў польскай мовы ён не знайшоў.

Гурт «Znich» і Лявон Вольскі ў Польшчы.
Фота: асабісты архіў Алеся Таболіча

Шмат што даводзіцца «прабіваць» самому. Прапановаў супольнага «варушняку» не было, хоць адбываецца нямала канцэртаў самых вядомых музыкаў і тых, хто пераехаў даўно.

Ён згадвае, што прыехаў на Дзяды, і яго запрасілі на пяць ці шэсць імпрэзаў. Яму стала цікава, чаму не зрабіць адну, «каб было клёва». А яму адказалі, што «ў кожнага сваё». Таболіч наракае, што не пабачыў сапраўднай салідарнасці беларусаў за мяжой, тым больш беларускіх музыкаў – хіба адзінкавыя прыклады і адасобленыя супольнасці.

Сталай працы Таболіч не мае. Прапановаў працаваць у культурнай сферы – няма. Кажа, агулам людзям творчых прафесіяў цяжка знайсці працу за мяжою. Беларускія музыкі, знаёмыя яму, зарабляюць таксаваннем, працай на будоўлі, кур’ерствам…

«Але гэта проста смешна! Пытаюць, хто ты, адкуль, кім быў… – згадвае Таболіч. – Людзі здзіўляюцца таму, што няма адказнасці беларусаў перад беларусамі. Цяпер вельмі складаны час: я не бачу прапановаў для гурта, тым больш асабіста мне, сам усё шукаю».

Ён дадае: хочацца верыць, што адаптацыя пройдзе, атрымаецца наладзіць жыццё за мяжой. У Менску Таболіч шмат гадоў працаваў тату-майстрам і нават ладзіў «Tatoo Fest», а цяпер у Польшчы сустрэў знаёмага тату-майстра і думае зрабіць «нацыянальны» тату-салон, але і для гэтага патрэбная дапамога.

Хочацца металу з аркестрам

У 2019 годзе гурт «Znich» рабіў у менскай філармоніі канцэрт з сімфанічным аркестрам. Аказалася, язычніцкі метал і класічны аркестр разам сапраўды добра гучаць.

Алесь Таболіч і гурт «Znich» у Польшчы.
Фота: асабісты архіў Алеся Таболіча

Зараз, да 25-годдзя гурта «Znich», Таболіч хоча зноў зладзіць канцэрт з аркестрам, але пакуль не знаходзіць зацікаўленых. Да 25-годдзя гурт ужо выдаў альбом найлепшых песень (купіць можна тут, паслухаць бясплатна тут).

Атрымалася папярэдне арганізаваць супольны фэст на наступны дзень па праваслаўных Калядах – «Znich» мае граць разам з менскім гуртом сярэднявечнай музыкі «Lity Taler» і гарадзенскімі панкамі «Dzieciuki». Дапамагалі збольшага не беларусы-эмігранты, а знаёмыя палякі, у ліку якіх менеджар «Дзецюкоў» і суарганізатар кінафесту «Bulbamovie» Пётрэк Дудановіч. Ды праз пандэмію каронавіруса канцэрт могуць перанесці.

Таболіч ускладае вялікія надзеі на тое, што зусім нядаўна ў Польшчу пераехалі ягоныя сябры і паплечнікі з Беларусі, у тым ліку паплечнік з перадвыбарчага штабу – разам можа атрымацца зрабіць і юбілейны канцэрт, і фэст «Купальскае кола», які Таболіч ладзіў раней у Беларусі.

На фэст шукаюць спонсараў і івэнт-канторы – магчыма, яго атрымаецца правесці і ў Польшчы, і ва Украіне.

Іншым музыкам, якія вымушана эмігравалі, Таболіч раіць перадусім самастойна варушыцца, шукаць сувязі, а не спадзявацца на падтрыманне дыяспары.

«Думаю, штосьці ўсё ж зменіцца, – разважае Таболіч. – Кожны дзень пераязджаюць музыкі і мастакі. Будзе іншая сітуацыя. Адзінае, што хочацца верыць, што будзе правільны падыход да арганізацыі. Для ўсіх, хто знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі, мусіць быць моцнае культурніцкае аб’яднанне, дзе людзі павінны адчуваць сябе сваімі, а не дзяліцца на сваіх і не сваіх».

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

***

Гурт «Znich» быў заснаваны ў Менску ў 1996 годзе, адзіны нязменны ўдзельнік гурта – Алесь Таболіч. «Znich» быў адным з першых, што спалучыў экстрэмальны метал і беларускую фольк-музыку. Выдаў шэсць поўнафарматных альбомаў, два міні-альбомы і дзве складанкі, граў на шматлікіх фэстах у Беларусі і за мяжой, у тым ліку ўдзельнічаў у беларускім адборы на «Еўрабачанне» з песняй «Дунаю», атрымаў у 2011 годзе «Рок-карону» ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасць».

Дакладнай даты дня нараджэння «Znich» не мае, але першыя выступы адбыліся ў снежні 1996-га – значыць, самы час віншаваць гурт з юбілеем.

АА belsat.eu

Стужка навінаў