Лідар беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі: Дыяспара не мае дачынення да збіцця консула


Старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі Мікалай Пачкаеў выказаў падчас размовы ў студыі «Белсату» упэўненасць, што арганізаваная беларуская дыяспара не мела дачынення да інцыдэнту са збіццём консула ў Лондане 19 снежня. Пачкаеў кажа, што рэпутацыя беларусаў праз гэта не пацярпіць.

«Я не чакаў бы, што рэпутацыя беларусаў у Вялікай Брытаніі аж так моцна пацярпіць. Таму што брытанцы правядуць аб’ектыўнае следства, а, як я ўжо казаў, гэты інцыдэнт адбыўся праз амаль 4 гадзіны пасля сканчэння мірнай акцыі, якая арганізоўвалася дыяспарай.

Якія людзі бралі ў гэтым удзел, пакуль невядома, гэта высвятляе паліцыя. Але ў мяне ніякіх сумневаў: паліцыя і следства прыйдуць да высновы, што арганізаваная беларуская дыяспара не мела да гэтага ніякага дачынення», – выказаў меркаванне Мікалай Пачкаеў.

Ён паведаміў, што следства ў крымінальнай справе ўжо пачалося.

Паводле Пачкаева, для ўсёй беларускай супольнасці гэты інцыдэнт стаў нечаканасцю, непрыемным сюрпрызам. Бо беларуская супольнасць зарабіла добрую рэпутацыю ў вачах праваахоўных органаў Вялікай Брытаніі.

Артыкулы
Страсенне мазгоў, пералом носа, выбітыя зубы. Консул Беларусі ў Лондане заявіў аб нападзе
2021.12.20 15:41

Лідар дыяспары распавёў, што за паўтара года было зладжана каля 200 акцый рознага кшталту – усе яны былі вельмі мірныя. І нядзельная акцыя, якая адбылася 19 снежня, нічым не адрознівалася ад папярэдніх – гэта была акцыя са стужкамі, кветкамі і прамовамі.

Пачкаеў сцвярджае, што збіццё дыпламата адбылося праз амаль 4 гадзіны пасля акцыі.

«Выклікае абурэнне што беларускія прапагандысты спрабуюць абвінаваціць беларускую супольнасць, у прыватнасці чат-групу «Надзея», у нейкай датычнасці да гэтага, хаця гэта абсалютна не адпавядае сапраўднасці», – запэўніў Мікалай Пачкаеў.

Ён таксама параіў не спяшацца з высновамі наконт таго, што гэта магла быць правакацыя з боку рэжыму. І назваў інцыдэнт «нешчаслівым выпадкам».

Hавiны
У МЗС Беларусі выказаліся наконт нападу на беларускую амбасаду і консула ў Лондане
2021.12.20 17:12

Нагадаем, пра збіццё невядомымі беларускага консула ў Лондане паведаміў Telegram-канал «Жёлтые сливы». Пазней «Белсату» пацвердзіў інфармацыю аб збіцці сам консул, але назвацца адмовіўся. МЗС Беларусі ў сваёй заяве сцвердзіла, што дыпламату зламалі нос, паламалі зуб і збілі да страсення мазгоў лёгкай ступені. Заявілі таксама, не спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, што нападнікамі былі сябры арганізацыі «Надзея». Прадстаўнікі «Надзеі», у сваю чаргу, адмаўляюць якое-небудзь дачыненне да «агіднага здарэння».

Консульства РБ у Вялікабрытаніі плануе спыніць працу з 21 снежня да 7 студзеня, паведамленне пра гэта з’явілася яшчэ 1 снежня.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў