Галоўнае за дзень: новыя палітвязні, прысуды і адмена самаізаляцыі


«Белсат» падводзіць вынікі аўторка, 21 снежня.

Вадзіма Ермашука (Vadimati) асудзілі да трох гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370) і «Абраза прэзідэнта Беларусі» (арт. 368). Вырак вынес суддзя Шчучынскага раёну Дзмітрый Цівунчык.

Затрыманага днямі гаспадара БЧБ-хаты ў Полацкім раёне Анатоля Каханчыка пакаралі 25 соднямі арышту. Яго прызналі вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні».

50-гадовую жыхарку Мазыра затрымалі і абвінавачваюць у здзеку з дзяржаўнага сцяга. Мазырская міліцыя мяркуе, што спадарыня павесіла чырвона-зялёны сцяг на кантэйнер для смецця і зрабіла фота, якое размясціў гарадскі тэлеграм-канал.

Паводле новай пастановы Савету міністра №727 ад 17 снежня 2021 году самаізаляцыі падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць інфекцыю COVID-19. Для «кантактаў» такое патрабаванне адмяняецца з 22 снежня.

Беларускія праваабаронцы двойчы за дзень абнаўлялі спісы палітзняволеных. На канец дня 21 снежня ў Беларусі прызнанымі вязнямі сумлення прызнаныя 942 чалавека. Сярод іх і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў