«Я расчаравалася ў нашых дэмакратычных лідарах». Размова з Янінаю Сазановіч, былой адміністратаркаю «ЧКБ»


28-гадовая мянчанка Яніна Сазановіч у 2020-м адною з першых занялася дэананамізацыяй сілавікоў, якія спрычыніліся да масавых рэпрэсіяў супраць беларусаў. Цяпер яна першая сярод тых, хто адкрыта крытыкуе дзейнасць дэмакратычных сілаў. Мы пагутарылі з Янінаю пра ейнае жыццё, беларускасць у сям’і бацькоў, першыя сутыкненні з рэжымам і расчараванне ў дэмакратычных лідарах.

Яніна Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Даведка
 У жніўні 2020 года Яніна Сазановіч пачала адміністраваць тэлеграм-канал «Карнікі Беларусі», а неўзабаве далучылася да «Чорнай кнігі Беларусі». Яніна выкрыла агента ГУБАЗіК у «ЧКБ» – западозрыла Артура Гайка яшчэ да таго, як высветлілася, што ён супрацоўнік беларускай міліцыі. 9 лістапада сёлета Яніна выступіла з адкрытым зваротам да Франака Вячоркі, у якім абвінаваціла беларускія дэмакратычныя сілы ў замоўчванні сітуацыі з Гайком.

«Калі мы вернемся ў Беларусь, у нас будуць гатовыя кейсы для будучых судоў»

– Яніна, распавядзіце, калі ласка, дзе вы цяпер жывяце, чым займаецеся.

– Я ў Варшаве. Займаюся ўласнымі праектамі, больш за ўсё YouTube-каналам «Дзікае паляванне». Гэта ўсё той жа дэанон, але ў іншым фармаце. Ну і проста жыву, выгульваю сабаку.

–  Што за іншы фармат дэанону? 

– Мы здымаем відэаролікі з анімацыяй. У кожным выпуску я распавядаю пра злачынцаў Беларусі, якія называюць сябе праваахоўнікамі, пра тое, што яны зрабілі, паказваю іхныя твары. Таксама дадаю гістарычную даведку, у якой кажу, што такое ўжо было – дыктатуры, рэпрэсіі, і распавядаю, як гэтыя сітуацыі вырашаліся, што чакала злачынцаў.

Відэа выходзяць з субцітрамі на англійскай мове, бо я ведаю, што не толькі беларусам, але і шмат каму далей за мяжою цікава, што ў нас адбываецца. На жаль, цяпер мы не можам нічога зрабіць з гэтай інфармацыяй, акрамя таго, як яе расказваць і паказваць. Але мы працуем на будучыню. Калі мы вернемся ў вольную Беларусь, у нас будуць гатовыя кейсы для будучых судоў.

Hавiны
«Магчыма, да сілавікоў патрапілі звесткі пра ўсіх». Былыя працаўнікі «ЧКБ» і каманда «Infopoint» звярнуліся да беларусаў
2022.11.14 16:37

«У нацыянальнай тэме я з дзяцінства»

– Яніна, вашае імя цяпер моцна асацыюецца са скандалам з агентам ГУБАЗіКу, якога выкрылі ў «Чорнай кнізе Беларусі». Распавядзіце, калі ласка, пра сябе да гэтага ўсяго, да «ЧКБ». Як вы жылі, ці былі звязаныя з беларускаю справай, актывізмам?

– Так, я ўжо так шмат сказала пра «ЧКБ», што мне не хочацца больш закранаць гэтай тэмы і нешта дадаваць. Бо будуць думаць, што гэта ўжо пра нешта асабістае, хоць насамрэч зусім не. Гэта пра тое, што давайце прызнаем памылкі і зробім з імі нешта, а не будзем хаваць да апошняга. Але досыць пра гэта.

Я нарадзілася і вырасла ў Менску. У нацыянальнай тэме і беларускасці з дзяцінства. Мая мама – фалькларыстка, спявае беларускія фальклорныя песні, ладзіць абрады, і я разам з ёю гэта рабіла. Беларускай мовы, праўда, у нашай сям’і было няшмат, і я, можа, не вельмі добра на ёй размаўляю, але ведаю, спяваю беларускія песні, танчу пад іх. Мяне гэта заўсёды вяртае ў дзяцінства, таму я вельмі люблю ўсё гэта.

Яніна Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У 2007 годзе, калі я была ў 7-м класе, у мяне з’явіўся гумовы бчб-бранзалет – тады такія былі вельмі папулярнымі пасля пратэстаў 2006 года. Мне запомнілася, як у школе да мяне падышла дырэктарка і сарвала яго з маёй рукі. Я тады яшчэ не разумела, што з ім не так, вельмі абурылася. Але неўзабаве пазл адносна сітуацыі ў краіне пачаў складацца.

Падчас выбараў і пратэстаў 2010 года я была ўжо ў 11-м класе. Якраз напярэдадні мама адправіла мяне ў санаторый. Думаю, яна разумела, што я дакладна была б на месцы падзеяў, бо ў тым узросце я ўжо зусім не маўчала, таму і вырашыла падстрахавацца. Памятаю, як у санаторыі мы глядзелі праз тэлевізар пратэсты і казалі: трэба ехаць і таксама браць удзел.

«Мне скінулі пост з «Карнікаў Беларусі» – прасілі запоўніць мапу з адрасамі. Я не магла не адгукнуцца»

– У вас засталася сувязь з беларускасцю пасля школы?

– Так. Я скончыла Універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура абрадаў і святаў». Вучылася «на бюджэце», таму потым два гады адпрацоўвала ў БДУіРы. Шмат падарожнічала, і ў пэўны момант у аднаго з прарэктараў з’явіліся да мяне пытанні пра мае паездкі. Хоць я мела права браць адпачынак за ўласны кошт і ездзіць.

Пацца, сабака Яніны Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Акрамя таго, у 2019 годзе я валанцёрыла на Дні Волі. І вось гэта ўсё вылілася ў прэтэнзіі да мяне, хоць у параўнанні з 2020-м гэта былі зусім не такія рэпрэсіі. Але ўсё роўна яны былі, і пра гэта трэба памятаць, што рэжым распачаў пераслед далёка не ў 2020 годзе, што ён быў і раней. Мне прыйшлося сысці з працы, і ў траўні 2019-га я ўвогуле з’ехала з Беларусі – у ЗША. Там я шмат працавала: на грумінгу, у піцэрыі. Круцілася як магла. І таксама шмат падарожнічала.

– Як вы перажывалі падзеі жніўня 2020 года?

– Я тады была ў ЗША. З 9 да 12 жніўня ўвесь час сядзела ў «Тэлеграме», сачыла за тым, што адбываецца. У нейкі момант хтосьці напісаў у адным з чатаў, што патрэбная дапамога – запаўняць мапу здарэнняў па Менску. Я адгукнулася. Я па ўсіх чатах збірала інфармацыю. У Беларусі інтэрнэт тады не працаваў, але можна было пісаць SMS. Я тады дала свой беларускі нумар тэлефона, і мне пісалі пра тое, што адбывалася ў горадзе, а я гэта размяшчала на мапе. Таксама мне перадавалі пін-коды ад дзвярэй пад’ездаў, каб там можна было схавацца – я і іх дадавала на мапу.

Hавiны
Што за скандал з «Чорнай кнігай», ГУБАЗіКам і Франкам Вячоркам? Сцісла: у чым вінавацяць, што адказалі
2022.11.10 14:00

Потым мне скінулі пост з «Карнікаў Беларусі», дзе прасілі дапамагчы запоўніць мапу з адрасамі. Я не магла не адгукнуцца, бо была ў бяспецы і мела магчымасць гэта зрабіць. Тады мне прапанавалі быць адмінам каналу. Яшчэ праз месяц са мною звязаліся з «Чорнай кнігі Беларусі» – яны шукалі людзей з досведам у дэаноне.

«Была патрэбная група для дэанону, падкантрольная нашым дэмакратычным палітыкам»

– Вы казалі, што не хочаце размаўляць больш пра «Чорную кнігу», але не магу не спытаць. Навошта яна ўвогуле была створаная, калі ўжо існаваў канал «Карнікі Беларусі»?

– Была патрэбная група для дэанону, падкантрольная нашым дэмакратычным палітыкам. Увогуле, я сама тады задавала пытанне: навошта яшчэ адзін канал? Я не разумела гэтага, бо дзіўна выглядае, калі ты робіш добрую справу, а тут нехта прыходзіць і кажа, маўляў, я буду рабіць тое самае, што і ты. Да таго ж, «Карнікі» самі ўзляцелі, хоць і былі часам больш радыкальныя за «ЧКБ», а «ЧКБ» за адзін дзень прапіярылі па ўсіх каналах «Інфапойнту» ды іншых.

Яніна Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Але вы ўсё ж далучыліся да «ЧКБ», хоць і былі пытанні.

– Так, я далучылася, каб дапамагчы, але з умоваю, што я працягну весці «Карнікі Беларусі».

– Які цяпер лёс абодвух праектаў?

– У «ЧКБ» пасты перасталі з’яўляцца з вясны 2022 года, якраз калі я падняла пытанне, што Данііл Багдановіч працягвае камунікаваць з ГУБАЗіКам. «Карнікі» працуюць, але цяпер мы большы акцэнт робім на «Дзікае паляванне».

Hавiны
Губазікавец уцёрся ў давер да дэмакратычнага руху. Ці зрабілі высновы дэмакратычныя сілы?
2022.10.02 22:23

– Дазвольце яшчэ адно пытанне пра «ЧКБ». Усё ж такі, калі вы даўно ведалі пра агента ГУБАЗіКу, чаму толькі цяпер выступілі публічна?

– Калі б я адразу пасля сыходу з «ЧКБ» і «Інфапойнту» выступіла з прамоваю, што найхутчэй адбылося б? Мне б сказалі, што гэта мае асабістыя «разборкі», што я спрабую ўнесці нейкі разлад. У той жа час я разумею, як гэта выглядае, што я кажу толькі цяпер, але я кажу, бо не хачу, каб гэтая гісторыя засталася схаваная. Гэта была нашая вялікая памылка – з агентам ГУБАЗіКу, і я таксама нясу за яе адказнасць і не адмаўляюся ад гэтай адказнасці. Увесь гэты час я спрабавала размаўляць з тымі, хто меў уплыў, у прыватнасці з Франакам Вячоркам, які з вясны 2022 года запэўніваў мяне, што яны вырашаюць гэтае пытанне. Я распавядала пра сітуацыю, дзе толькі магла: сярод актывістаў, ініцыятываў. Тое, што гэта выйшла толькі цяпер, паказвае, як нашыя дэмакратычныя лідары імкнуліся схаваць занадта шмат з таго, што ў іх адбываецца. Цяпер усе нарывы ўскрываюцца адзін за другім.

«Даводзіцца змагацца з дыктатурай унутры дэмакратычных сілаў»

– Чаму так адбываецца, што тыя, хто хоча пераменаў у Беларусі, спрабуюць нешта ўтойваць, хаваць?

– Гэта сапраўды праблема, што нам даводзіцца змагацца з дыктатурай унутры дэмакратычных сілаў, якая падаецца пад соўсам «нас страўліваюць спецслужбы» і «вы не разумееце – вінаватыя не мы, вінаватыя яны». Так, я разумею, што нашыя галоўныя ворагі – Лукашэнка і ягоны рэжым. Але казаць, што мы такія файныя і робім дэмакратыю, і пры гэтым не дазваляць крытыкаваць сябе, не прымаць крытыкі, тым больш калі ёсць доказы – гэта наноў будаваць лукашэнкаўскую сістэму. Гэта тое самае «давайце перагорнем старонку і пачнем спачатку». Але так не павінна быць.

Налепкі на камп’ютары Яніны Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Я часта чую ў адказ на памылкі нашага дэмакратычнага руху: яны ж не прафесійныя палітыкі. У мяне адно пытанне: а калі яны стануць прафесійнымі?  Чаму за два гады не сталі? Мо на курсы павышэння кваліфікацыі трэба было з’ездзіць у дэмакратычныя краіны і павучыцца?

Скандалы і памылкі на сталай аснове, якія адбываюцца ў нашым дэмакратычным руху, вельмі дыскрэдытуюць найперш людзей, якія гэты рух робяць. Калі вы настойваеце, што вы непрафесійныя палітыкі, дык сыдзіце і дайце месца прафесійным. Але калі вы ўзяліся за справу, рабіце яе прафесійна, бярыце адказнасць за свае дзеянні і словы ды за тое, што ў вас адбываецца.

«Хачу вярнуцца дамоў, таму не магу ўсё кінуць і нічога не рабіць»

– Яніна, у які момант і чаму вы з’ехалі з ЗША?

– Яшчэ ў жніўні 2020 года я сышла з працы ў Штатах – была там аператаркаю на здымках. Гэта была добрая праца, але мне быў патрэбны час для беларускай справы. У сакавіку 2021-га я зразумела, што калі хачу далей ува ўсім гэтым заставацца, мне трэба быць бліжэй да Беларусі фізічна і ў часавых паясах. Ну і на той момант ужо была каманда «ЧКБ» у Вільні, куды я і пераехала. У лістападзе 2021 года, калі сышла з «ЧКБ», ізноў на некаторы час вярнулася ў ЗША. Вельмі ўрэзалася ў памяць жудасная аварыя, у якую я трапіла перад ад’ездам. Мае мама і бабуля на той момант ужо жылі ў Польшчы, і я паехала з імі пабачыцца. Калі вярталася ў Вільню, здарылася аварыя: машына, у якой я ехала, двойчы перакулілася. На шчасце, усе засталіся жывыя.

Яніна Сазановіч удома за працаю. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

–  Цяпер вы ў Варшаве? Як так атрымалася?

– У Польшчу я прыляцела пасля пачатку вайны ва Украіне. У мяне на той момант з’явіўся інфармацыйны тэлеграм-канал на тэму вайны, і мне хацелася быць бліжэй да каманды. Ну і мама з бабуляю ў Польшчы.

– Яніна, пасля гісторыі з «ЧКБ» вы застаяцеся ў актывізме, працягваеце рабіць свае ўласныя праекты. Што дапамагло не расчаравацца?

– Я якраз расчаравалася. Але не ў актывізме, не ў звычайных людзях, а ў нашых дэмакратычных лідарах, якія не бяруць на сябе адказнасці, кажуць, што яны ні пры чым, і ніяк не дапамагаюць людзям у Беларусі. У той жа час я разумею, што раблю сваю працу не для іх. Мой інтарэс – вярнуцца ў Беларусь і жыць у вольнай краіне, а не бадзяцца па свеце. Я хачу дамоў. Хоць я вельмі ўдзячная ўсім краінам, якія нам дапамагаюць, прымаюць нас, але ў нас ёсць свая краіна, мы павінны ў ёй жыць і яе развіваць. Таму я не магу ўсё кінуць і нічога не рабіць.

«Усе, хто сёння застаецца ў сістэме, – вінцікі ў машыне тэрору і працуюць на яе карысць»

– То бок вы хочаце вярнуцца ў Беларусь?

– Так, але не цяпер, а ў вольную Беларусь.

– Што вы хочаце рабіць у вольнай Беларусі?

– Па-першае, адпачыць. Нам усім будзе патрэбны адпачынак. А потым – час пакажа. Хачу займацца сваёй справаю, мець сям’ю, нарадзіць дзіця. Яшчэ спадзяюся, што мая цяперашняя праца прынясе свой плён, будзе выкарыстаная на карысць новай Беларусі, спадзяюся на суды над тымі, хто сёння творыць злачынствы супраць Беларусі.

Яніна Сазановіч. Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– Яніна, як вы лічыце: нам будзе патрэбная поўная люстрацыя, асабліва тых, хто засвяціўся ў «Карніках», у «ЧКБ», ці можна будзе некага прабачыць і пакінуць на пасадах?

– У мяне вельмі прынцыповая пазіцыя: я выступаю за люстрацыю. Усе, хто цяпер працуе ў сістэме, асабліва ў праваахоўнай, судовай, замазаныя. Нельга думаць, што калі чалавек сам не выносіў прысуду, то няхай застаецца. Не. Што ён зрабіў для таго, каб нешта змяніць? Ці напісаў нейкі даклад, скаргу пра неправамерныя дзеянні ўнутры сістэмы? Калі такія спробы былі, з такім чалавекам можна будзе паразмаўляць. Але пераважна ўсе, хто цяпер застаецца ў сістэме, – вінцікі ў машыне тэрору і працуюць на яе карысць.

– На фоне ўсяго, што адбываецца, вы верыце, што беларускі дэмакратычны рух пераможа?

– Я ўпэўненая, што пераможа. Але ўсім трэба разумець, што тут не хтосьці за нас павінен працаваць на перамогу, а мы самі мусім вызначаць свой лёс.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў