Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 21 лістапада

«Белсат» падводзіць вынікі 270-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае падчас 68-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў Мадрыдзе, Іспанія, 21 лістапада 2022 г., Фота: JUAN MEDINA / Reuters / Forum

На поўначы Збройныя сілы Украіны рыхтуюцца да магчымага паўторнага наступу войскаў РФ з тэрыторыі Беларусі і памежных вобласцяў РФ. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра назапашванне ЗСУ рэзерваў на мяжы з Белгародскай вобласцю, размяшчэнне мінных агароджаў і назіральных пунктаў каля дзяржаўнай мяжы, а таксама пра дзейнасць украінскіх дыверсійна-выведных групаў на поўдні Беларусі, накіраваных на адсочванне перамяшчэнняў вайскоўцаў РБ і РФ.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што Збройныя сілы Украіны чакаюць наступ на Кіеў ці Валынь у снежні гэтага года. Прагназуецца, што праціўнік можна наступаць і з тэрыторыі Беларусі.

Па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай украінскія вайскоўцы працягваюць наступаць у бок трасы Сватава – Крэмінная. Міністэрства абароны РФ паведамляе пра адбіццё атак ЗСУ ў кірунку населеных пунктаў Голікава і Чырвонапакоўка, а таксама пра зрыў украінскай атакі на сяло Куземаўка.

Расейскія вайскоўцы ў сваю чаргу атакавалі каля Стэльмахоўкі, а таксама нанеслі два ракетныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ў Купянску ў Харкаўскай вобласці.

Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятывай па-ранейшаму працягваюць валодаць Узброеныя сілы РФ. Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Бахмут, Белагораўка, Курдзюмаўка, Мар’інка, Новаміхайлаўка, Первамайскае, Падгароднае, Спірнае і Якаўлеўка.

Ваенкор Сямён Пегаў паведамляе пра цяжкія баі на ўсходзе Бахмуту, няўдалы наступ расейцаў каля Кляшчэеўкі і Іванграду.

Іншы расейскі ваенкор – Яўген Паддубнысцвярджае, што праз вялікія страты і дрэннае надвор’е ЗСУ адмовіліся ад наступальных дзеянняў і перайшлі ў глухую абарону ў ваколіцах Бахмутут і Салядару

«Рыбарь» гаворыць аб прасоўванні расейцаў у бок цэнтру Мар’інкі. Пры гэтым сам горад амаль цалкам зруйнаваны, што ўскладняе для расейцаў кантроль над захопленымі на ўсходзе тэрыторыямі.

Інтэрактыўна карта вайны ва Украіне Deepstatemap пацвярджае прасоўванне расейскіх вайскоўцаў у паўночнай частцы Мар’інкі.

Украінскія вайскоўцы ў сваю чаргу контратакавалі каля Новаміхайлаўкі, Уладзіміраўкі, Паўлаўкі і Навадараўкі.

Людзі стаяць у чарзе, каб набыць SIM-карты на цэнтральнай плошчы пасля адступлення расейскіх ваенных з Херсона, Украіна, 21 лістапада 2022 г. Фота: MURAD SEZER / Reuters / Forum

У Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях абодва бакі канфлікту абмежаваліся вядзеннем абароны і нанясеннем артылерыйскіх удараў.

Генштаб ЗСУ заявіў, што за содні ўдалося знішчыць каля 390 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 84 600 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату