Ва Украіне распавялі, як беларускія памежнікі спрабуюць перахапіць украінскія беспілотнікі

У Беларусі выкарыстоўваюць магутныя сродкі радыёлакацыйнай барацьбы, каб ускладніць Украіне назіранне за мяжой, а таксама для правакацыяў супраць украінскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў выданню «Українська правда» спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі. Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

Паводле яго, беларускія сродкі РЭБ спрабуюць здушыць працу ўкраінскіх беспілотнікаў, а нярэдка і перахапіць упраўленне імі. Пры гэтым Дземчанка адзначыў, што Украіна не стварае правакацыяў на мяжы.

«Беларусь жа, фактычна, з’яўляецца сатэлітам РФ, які прадстаўляе сваю тэрыторыю, палігоны, базу для падраздзяленняў ВС РФ. Адкуль пастаянная пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў, у тым ліку і з ужываннем ударных БПЛА. У той жа час здзіўляе, як яны спрабуюць перакінуць адказнасць за ўзмацненне напружання ва Украіну», – сказаў спікер ДПСУ.

Паводле яго, пакуль Беларусь будзе пад уплывам РФ, Украіна будзе «рабіць усё», каб гарантаваць сваю бяспеку.

Расея рыхтуе тэракты на Беларускай АЭС і не толькі – украінская выведка

Дземчанка адзначыў, што мяжа з Беларуссю ўмацоўваецца памежнымі і іншымі падраздзяленнямі, там будуюцца інжынерныя загароды, мінуюцца асобныя ўчасткі. Таксама знішчаюцца «ўсе магчымыя шляхі, каб ускладніць любую спробу пасоўвання войскаў з мэтай агрэсіі».

«Гэта робіцца не для захопу Беларусі, а каб абараніцца ад агрэсараў», – падкрэсліў спікер ДПСУ.

Тым не менш, адзначыў Дземчанка, сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца кантраляванай. Памежнікі пакуль не адзначаюць ні зменаў у колькасным складзе падраздзяленняў узброеных сілаў Беларусі паблізу мяжы з Украінай, ні зменаў у характары іх дзеянняў.

Украінскі вайсковец нешта рабіў у снезе. Памежны камітэт Беларусі ў адказ прыгразіў узброеным супрацьстаяннем

Раней намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка паведаміў, што ў Валынскай, Жытомірскай і Роўненскай вобласцях украінцы будуюць сцяну на мяжы з Беларуссю.

«Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам – гэта інжынерныя загароды, якія будуюць на Валыні. Такім чынам ужо забудаваныя каля 3 км мяжы, работы працягваюцца. Гэта яшчэ не ўсё, але падрабязнасцяў раскрываць не будзем», – паведаміў Цімашэнка.

Фартыфікацыйныя збудаванні таксама ствараюць у рэгіёнах, што мяжуюць з Расеяй.

«Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам». Украіна будуе сцяну на мяжы з Беларуссю

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны