Турцыя пачала ўласную спецаперацыю ў Сірыі і Іраку, бо Расея не выканала дамоўленасці


Турцыя правяла аперацыю «Кіпцюр-меч» у Сірыі і Іраку праз тое, што Расея не выканала абяцанні адвесці курдскія фармаванні ад турэцкай мяжы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 лістапада заявіў прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган, піша CNN Turk.

Наступствы турэцкага ўдару па сірыйскім Кабані.
Фота: Jamal Balî / Twitter

Паводле яго, Турцыя і Расея дамовіліся ў Сочы ў 2019 годзе, што РФ адвядзе курдскія фарміраванні ад мяжы, але тая не выканала гэта пагадненне.

«Яны былі абавязаныя ачысціць тэрыторыю ад тэрарыстаў. На жаль, хоць мы і нагадвалі ім шмат разоў, яны гэтага не зрабілі. Мы заявілі, што не будзем маўчаць і прымем меры супраць тэрарыстаў, калі яны самі ніяк не могуць гэтага зрабіць. Падчас аперацыі мы нейтралізавалі 12 гнёздаў тэрарыстаў у Кабані», – сказаў Эрдаган.

Паводле яго, «Турцыя не будзе стрымлівацца, гэтая антытэрарыстычная аперацыя як з паветра, так і з зямлі будзе працягвацца».

Раніцай 20 лістапада Мінабароны Турцыі паведаміла, што самалёты турэцкіх ВПС нанеслі ўдары па пазіцыях курдаў у Сірыі і Іраку, у тым ліку па сірыйскім горадзе Кабані ля мяжы з Турцыяй. Паводле медыяў, 30 прадстаўнікоў курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў загінулі або былі параненыя, акрамя таго, загінулі не менш як 15 сірыйскіх вайскоўцаў і 14 мірных жыхароў.

У той жа дзень, як заявілі ў МУС Турцыі, курдскія баевікі з Сірыі абстралялі з гранатамётаў прыгранічнае КПП Анджупынар, у выніку чаго пацярпелі восем турэцкіх сілавікоў, а таксама – нежылы раён Каркамышу (ніхто не пацярпеў).

Чарговы ўдар па Каркамышы быў нанесены 21 лістапада – загінулі прынамсі тры асобы, яшчэ шасцёра атрымалі раненні. Паводле турэцкіх уладаў, ракетны ўдар нанеслі з сірыйскага гораду Кабані. Анкара абвінаваціла ў нападзе ўдзельнікаў «Рабочай партыі Курдыстана» і «Атрадаў народнай самаабароны».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў