Прэзідэнт Літвы папрасіў NATO надаць больш увагі «беларускаму фактару» ў вайне Расеі супраць Украіны


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што NATO неабходна звярнуць увагу на ролю Беларусі ў вайне, якую Расея вядзе супраць Украіны. Таксама літоўскі прэзідэнт дадаў, што пабудаваная на мяжы загарода не зможа абараніць Літву ад ракет, калі яны паляцяць з тэрыторыі Беларусі.

Крыніца: GitanasNauseda/Twitter

Гітанас Наўседа сказаў, што Літва не можа адчувацца ў бяспецы, маючы побач такую краіну, як Беларусь.

«Наша агульная мяжа з гэтай краінай – больш за 600 км. Да гэтага часу мы сутыкаліся толькі з гібрыднымі атакамі – я кажу ў першую чаргу аб нелегальных мігрантах. Мы пабудавалі загароды, і зараз, так ці інакш, мяжа зачынена. Але, зразумела, ніякая загарода нам не дапаможа, калі паляцяць ракеты», – заявіў Наўседа.

Таксама ён заявіў, што Беларусь зараз знаходзіцца ў поўным распараджэнні Расеі, а на яе тэрыторыі знаходзяцца расейскія салдаты, гатовыя адправіцца ва Украіну.

«Іх жа могуць адправіць і да заходняй мяжы. Нам трэба аб гэтым думаць. І менавіта таму мы звярнуліся да генеральнага сакратара NATO і да камітэтаў Альянсу з просьбай надаць большую ўвагу фактару Беларусі ў гэтай вайне», – распавёў прэзідэнт Літвы.

Наўседа адзначыў, што ён з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудай хочуць прыцягнуць увагу саюзнікаў па NATO да праблемы Сувалкскага калідору. Таксама літоўскі прэзідэнт заявіў, што Калінінградская вобласць шчыльна ўкамплектаваная тэхнікай і ваеннымі. «Ядравая зброя, тактычная ядравая зброя ўсё яшчэ там. Калі ўлічваць агрэсіўнасць і непрадказальнасць Расеі, сітуацыя выглядае вельмі небяспечнай. Плюс Беларусь», – дадаў ён.

Hавiны
Новая Зеландыя ўвяла санкцыі супраць жонкі Лукашэнкі і аднаго з ягоных сыноў
2022.11.21 11:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў