Лукашэнка назваў інцыдэнт з ракетай у Польшчы дамоваю


Амаль праз тыдзень пасля таго, як па тэрыторыі Польшчы ўдарыла ракета, 15 лістапада, Аляксандр Лукашэнка выказаўся з гэтай нагоды падчас сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брачалавым.

Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Удмурцкай Рэспублікі Аляксандрам Брачалавым.
Фота: president.gov.by

Паводле Лукашэнкі, ідзе вайна ў сродках масавай інфармацыі: «З цікавасцю назіраю, атрымліваю дадатковую інфармацыю, асабліва апошнім часам, вы заўважылі: ах, упала на тэрыторыю Польшчы. Але ніхто не задаецца элементарным пытаннем: чаго ж гэтая шалёная ракета, пушчаная ўкраінскімі вайскоўцамі, – а стралялі на ўсход, адтуль жа ракеты ляцелі расейскія, збівалі іх у напрамку ўсходу, – што ж яна так развярнулася і пайшла ў адваротны бок. Няхай прафесіяналы адкажуць на гэтае пытанне. Гэтак жа не бывае. Такіх выпадковасцяў не бывае. Ну так, можна сказаць, што, ведаеце, ракета за Львоў ужо паляцела, расейская, ледзь не ў бок Польшчы, таму С-300 развярнулася і страляла ўжо на Захад. Паўстае пытанне: што ж вы стралялі, украінцы, у бок натаўскай дзяржавы?»

Таксама Лукашэнка заявіў, што ідзецца пра дамову, але не сказаў, паміж кім менавіта і навошта:

«Ну і галоўнае пытанне, на што ніхто не адказвае, і амерыканцы маўчаць: а ў гэты момант, калі пуск ракеты С-300 украінцы ажыццяўлялі, – па чым яны білі, па якіх аб’ектах? У гэты час не было ракетаў у паветры. Маўчаць, бо і амерыканцы маўчаць, не гавораць: разумеюць, што і мы кантралюем гэтую тэрыторыю і сёе-тое бачым тут. Трэба на элементарныя пытанні адказаць. Чаму менавіта падчас саміту «Дваццаткі» раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова паказана? Ведаеце, я баюся рабіць высновы, але падобна на гэткую дамову, што далей няма куды.

Але трошкі не разлічылі, людзі загінулі. І палякам трэба адказаць уласнаму насельніцтву. Кіраўніцтву Польшчы трэба адказаць перад палякамі, як магло так здарыцца, чаму білі па тэрыторыі Польшчы, хто дамовіўся, чаму ракета раптам з усходу на захад завярнула і паляцела, чаму ў той момант стралялі, калі ў паветры не было расейскіх ракетаў. У гэты момант не было ракетаў. Вось на гэтыя пытанні трэба адказаць, і ўсё стане зразумела».

Таксама Лукашэнка станоўча адзначыў рэакцыю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна: «Малайцы. Джо Байдэн. Яму трэба аддаць належнае, што ён шчыра сказаў: «Прабачце, не расейская [ракета ўпала на тэрыторыі Польшчы]». І дадаў, што Беларусь і Расея вытрымаюць ціск Захаду.

Аналітыка
«Могуць трапіць у буйныя гарады». Як адкажа NATO на інцыдэнт з ракетай у Польшчы і чаму такіх выпадкаў будзе больш
2022.11.16 17:28

Як распавёў 16 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, Расея напярэдадні ўчыніла масаваны абстрэл практычна ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку памежных з Польшчаю Львоўскай і Валынскай вобласцяў. Магчыма, адна з ракетаў сілаў абароны Украіны, спрабуючы збіць расейскую, якая манеўравала, трапіла ў выніку ў Польшчу.

Пры гэтым Дуда адзначыў: нічога не кажа пра тое, што гэта была наўмысная атака на Польшчу, ракета не была нацэленая на яе. Падобна, здарыўся няшчасны выпадак.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў