Каму цікава беларуская тэма ў кінематографе?

Фестываль Bulbamovie, які завяршыўся 20 лістапада паказам фільму Барыса Гуца пра жнівеньскія падзеі 2020 года ў Менску, прадэманстраваў, што гэтая тэма дагэтуль вельмі балюча ўспрымаецца ў нашым грамадстве. Зразумела, што будзе зроблена яшчэ шмат спробаў адлюстраваць тыя падзеі, прычым, з пункту гледжання розных герояў, але для мяне стала абсалютна відавочным наколькі адрозніваюцца сцэнары, напісаныя самімі сведкамі падзеяў, і, напісаныя паводле іх словаў ці папросту з відэа, зробленых кімсьці на вуліцах.

Дыскусія падчас фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

На першы погляд здаецца: якая розніца? Чалавек распавёў пра падзеі, пра свае адчуванні, але… Мне падаецца, што перадаць сапраўдную атмасферу можна толькі тады, калі ты быў на месцы падзеяў і адчуваў пахі, нават не газавых шашак ці шумавых гранатаў (а яны таксама мелі свой пах), а пах адрэналіну. Што такое пах адрэналіну? Гэта, калі чалавек, як той сабака, пачынае адчуваць пах страха, трывогі, нянавісці, адчаю нават не толькі праз нос, а ўсім сваім целам.

Як напішуць пра выхад з акружэння з баямі салдат, яго камандзір і камандзір гэтага камандзіра, які быў у стаўцы? Напэўна, па-рознаму. Гэта не азначае, што не трэба рабіць кіно, калі ты не быў на месцы падзеяў. Канешне, не. Мне падаецца, што да гэтай тэмы мы будзем звяртацца ўсё часцей. Але трэба быць вельмі таленавітым мастаком, каб даць гледачу адчуванне прысутнасці. Спадзяюся, што такія знойдуцца. І гэта будуць і мастацкія фільмы і дакументальныя, а можа і мультыплікацыйныя. Чаму – не? Але і тут ёсць пэўныя бар’еры.

Гэта становіцца зразумелым пасля прагляду фільму расейскага рэжысёра Барыса Гуца «Minsk». Прычым гэтае слова нібыта адмыслова напісана ў апошнім кадры, каб ужо не заставалася сумневаў, што падзеі, паказаныя ў фільме, мелі месца менавіта ў гэтым горадзе. Можа аўтар сам разумеў, што беларускага ў фільме нічога няма? Бо ён атрымаўся настолькі расейскім, што, каб не пара сцягоў і галасы за кадрам: «Жыве Беларусь!», то беларускі глядач ніколі б і не падумаў, што тут пра жнівеньскія падзеі 2020-га. На кадрах чамусьці хапаюць мінакоў, якія выйшлі з дому ў гараж, каб перагнаць машыну. Яны ўцякаюць дварамі, гэта знаёмая нам сцэна, праўда, па іх страляюць баявымі, а не шумавымі гранатамі. Нейкая жанчына ў хустцы на ганку дому кліча іх у свой пад’езд…

А ўжо потым даверу ўжо няма. Жанчына суха загадвае ўсім сядзець на падлозе ціха без святла, не карыстацца тэлефонамі, а сама лузгае семкі на кухні на фоне папяровых іконак на сценах. Згодна са сцэнаром, яна маці амапаўца, які са сваімі граміламі ўварваўся потым у кватэру і ўсіх забраў у аўтазак. У міліцыі людзей збівалі і прымушалі спяваць «Ойча наш» хорам. А потым кабінет нейкага следчага з вельмі выразным інтэлектуальным тварам. І гэты следчы раптам намаляваў на школьнай дошцы (там такія кабінеты ў следчых, нават на вокнах ніякіх кратаў) профіль Пушкіна і добра пастаўленым інтэлігентным голасам параіў герою фільму прызнацца ў напісанні абразлівага надпісу на сцяне мэрыі, менавіта мэрыі, а не выканкаму. І тут у міліцыю ўварваліся пратэстоўцы, вызвалілі ўсіх затрыманых, міліцыянераў пазабівалі…

Беларускія крытыкі абураліся, гледачы таксама. Аднаго з гледачоў цікавіла пытанне: «Чаму следчы намаляваў Пушкіна? Што гэта азначае на думку аўтара?» Аўтар пакрыўдзіўся, маўляў, вам папросту не падабаецца, што Пушкін не беларус. Гэты быў бадай адзіны фільм, які выклікаў шмат негатыўнай рэакцыі. Што ж, як кажуць: мастака кожны пакрыўдзіць можа.

Але ў гэтай сітуацыі галоўнае пытанне: як так атрымалася, што гэты фільм 2021 года атрымаў узнагароду на міжнародным фестывалі? Чаму ніхто з членаў журы не заўважыў адсутнасць беларускага ў фільме пра Беларусь? Не ведаюць, што існуе розніца? Навошта ўвогуле аўтар, які абсалютна не валодае беларускай тэматыкай, узяўся за гэтую тэму? Хацеў хайпануць на хвалі рэзанансу? Быў упэўнены, што атрымае сродкі менавіта на фільм з такой тэматыкай? Фільм мастацкі і тут зноў жа пытанне: ці ёсць нейкая мяжа дазволенасці ў такой творчасці? Дарэчы, Барыс Гуц цяпер працуе над фільмам пра падзеі ва Украіне. Падчас абмеркавання рэжысёр Максім Швед параіў калегу прытрымлівацца фактаў, бо рэакцыя ўкраінскіх гледачоў можа быць не такой мяккай.

На кантрасце з фільмам «Minsk» трэба ўзгадаць постдакументальную «Мару» Сашы Кулак, стужку, якая адкрыла сёлетні фестываль Bulbamovie. Аўтарка праз жаночы погляд таксама паказала Менск 2020-га. І хоць у фільме вобразы, сны пра казачную Чырвоную каралеву, якая можа абараніць ад страху, ловіш сябе на думцы, што верыш з першых кадраў таму, што на экране. Калі дзяўчына ў масцы сціплымі словамі, амаль без эмоцый распавядае, пра што яна прайшла ў аўтазаку і міліцыі, гэта значна больш уражвае, чым сцэны са стралянінай.

Прэм’ера
«Занадта моцна». У Варшаве адбылася прэм’ера фільму пра журналістак «Белсату» – «У жывым эфіры»
2022.11.21 07:00

Пра салідарнасць нагадаў фільм «Галасы». У фільме «Вольны хор» паказаны лёс краіны, лёс народу, паказаная спроба мець надзею на нармальнае жыццё на радзіме. Гераіня фільму кажа пра салідарнасць, якую адчуў народ, і менавіта гэтая салідарнасць дае падставы яе сям’і спадзявацца на лепшыя часы. Яна так і кажа: «Ну гэтая салідарнасць, яна ж нікуды не падзелася?» Пакуль жа сам народ, як галоўныя героі: на торбах. Увесь фільм гэта пераезды і торбы… Гэтыя торбы, як сімвал нашай цяперашняй рэчаіснасці.

Фестываль быў вельмі насычаны эмоцыямі, бо гледачам давялося зноў і зноў перажываць тыя падзеі, якія адбіліся на іх лёсах і відавочна, што дагэтуль гэта адкрытыя раны: нехта пад пагрозай турмы не можа вярнуцца дадому, у кагосьці сваякі ў турме ці без працы, нехта атрымаў сур’ёзныя траўмы і яны не зажылі дагэтуль. Мне толькі не зусім зразумела: ці можна рабіць коміксы пра тыя падзеі і выкарыстоўваць чорны гумар? І дзе тая мяжа, за якую нельга пераходзіць? А таксама: ці можна апраўдваць дзеянні катаў і паказваць іх у вобразе добрых мужоў, бацькоў, якія папросту на службе і выконваюць загады. Маўляў будуць добрыя гуманныя загады, будуць іх таксама добра выконваць… Тут ёсць пра што падумаць.

Анонс
Кінафэст «Паўночнае ззянне»-2022 пачаўся: што трэба ведаць аб ім сёлета
2022.11.21 19:43

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў