Аналітыкі ЕАБР ацанілі падзенне беларускага ВУП у кастрычніку на 4,7%


У кастрычніку 2022 года ВУП Беларусі зноў паскорыў падзенне і скараціўся на 4,7 % пасля зніжэння на 3,3 % у верасні. Такую ацэнку далі эксперты ў Еўразійскім банку развіцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крупскі раён, каля вёскі Дакудава, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Пагаршэнне дынамікі пераважна тлумачыцца зніжэннем выпуску ў сельскай гаспадарцы. Ва ўмовах захавання слабых паказнікаў жывёлагадоўлі завяршэнне ўборачнай кампаніі выявілася ў скарачэнні сельскагаспадарчай вытворчасці на 2,7 % у кастрычніку пасля росту на 16,2 % месяц раней», – пракаментавалі ў Еўразійскім банку развіцця.

Таксама ў кастрычніку ўпала дынаміка апрацоўчай прамысловасці: мінус 4,3 % пасля мінус 3,9 % у верасні. Гэта можа ўказваць на захаванне складанасцяў са збытам прадукцыі на вонкавым і ўнутраным рынках.

У ІТ-сферы таксама паглыбіўся спад у кастрычніку. «Захоўваецца нізкі інвестыцыйны і спажывецкі попыт: інвестыцыі ў асноўны капітал упалі на 18 %, а раздробны таваразварот – на 7,8 %», – адзначаюць у ЕАБР і дадаюць, што падтрымала ВУП у кастрычніку памяншэнне спаду ў будаўніцтве. У цэлым па выніках студзеня – кастрычніка спад эканомікі склаў 4,7 % і можа застацца блізу гэтага ўзроўню па выніках 11 месяцаў.

Як раней адзначалі эксперты Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР), менавіта рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, выкліканы добрым ураджаем, стаўся прычынаю запаволення тэмпаў падзення беларускай эканомікі, пачынаючы са жніўня.

Нагадаем, што самае вялікае зніжэнне ВУП у гэтым годзе зафіксавалі па выніках студзеня – ліпеня: 5,2 %. Падзенне месяц да месяца (ліпень гэтага года да ліпеня папярэдняга) было яшчэ большае – 10,1 %. Ужо паводле вынікаў жніўня зніжэнне складала 4,9 %, а два апошнія месяцы яно трымаецца на адным узроўні – 4,7 % да вынікаў аналагічнага перыяду мінулага года.

Каментар
Расея не можа паглынуць усё. Што адбываецца з вонкавым гандлем?
2022.11.09 09:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў