«Яго баяліся ў райпо і ненавідзелі ў міністэрствах». Андрэй Стрыжак – пра праваабаронцу Леаніда Судаленку


Леанід Судаленка.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Леанід Судаленка – вядомы ў Беларусі юрыст і праваабаронца. У ягонай практыцы – дзясяткі выйграных працоўных спрэчак, судоў за атрыманне кампенсацыі пасля няшчасных выпадкаў на працоўным месцы. Ён – адзіны ў Беларусі лаўрэат французскай прэміі «Свабода. Роўнасць. Братэрства». На пачатку лістапада суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў Леаніда трыма гадамі калоніі за нібыта арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. «Белсат» папрасіў распавесці пра Леаніда ягонага сябра і калегу, вядомага актывіста, праваабаронцу, цяпер – дырэктара фонду «BySol» Андрэя Стрыжака.

Ад юрыста «Белтрансгазу» да праваабаронцы ў незалежным прафсаюзе

Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка пазнаёміліся прыкладна ў 2007-2008 гадах, калі Андрэй уступіў у прафсаюз РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці), дзе Судаленка быў юрыстам.

Да прафсаюзу Леанід узначальваў юрыдычную службу ў гомельскім упраўленні «Белтрансгазу», куды прыйшоў пасля працы юрыстам у галіне гаспадарчага права ў розных арганізацыях. Юрыдычную адукацыю Судаленка атрымаў у Гомельскім універсітэце ім. Францыска Скарыны.

Падчас выбарчай кампаніі 2006 года Леанід уступіў у ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча. Пасля выбараў з юрыстам не працягнулі кантракт.

– Яго проста звольнілі за падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата. І ён тады вельмі шмат згубіў, – распавядае Андрэй Стрыжак. – Сваё звальненне Лёня дагэтуль лічыць незаконным, і кажа, што калі ў Беларусі зменіцца ўлада, ён прыйдзе да свайго працадаўцы, і запатрабуе кампенсацыю за ўсе гэтыя гады вымушанага прагулу.

Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак.
Фота: Андрэй Стрыжак/Facebook

Пасля звальнення Леанід стаў прававым інспектарам працы ў прафсаюзе РЭП. Паспрабаваў сябе ў палітыцы – некалькі разоў балатаваўся ў парламент.

– Падчас адной з парламенцкіх кампаніяў я быў у Лёнінай ініцыятыўнай групе, і мяне тады адлічылі з універсітэту, – прыгадвае Андрэй.

Артыкулы
Вынесены прысуд «вясноўцам» Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы: тры і два з паловай гады калоніі
2021.11.03 11:06

Больш шчыльна камунікаваць з Леанідам Андрэй Стрыжак пачаў пасля 2011 году – калі скончыў праваабарончы курс ад Беларускага дому правоў чалавека.

– Я адвучыўся ў 2011 годзе, а Лёня – на папярэднім курсе. Так мы сталі калегамі. Як выпускнікі курсу сталі часцей перасякацца. Урэшце праз некалькі гадоў пачалі разам працаваць у праваабарончай галіне і абароне працоўных правоў у рамках прафсаюзу, – распавядае Андрэй.

Гучная справа Судаленкі – кейс Вікторыі Папчэні, якая загінула на зборы бульбы

Першай і самай гучнай сумеснай справай Андрэя і Леаніда стаў кейс Вікторыі Папчэні – 13-гадовай дзяўчынкі з Маладзечна, якая ўвосень 2016 году загінула на зборы ўраджаю бульбы – яе збіў грузавік.

– Мы тады разам працавалі, Лёня – як юрыст, я – як інфармацыёншчык. Маёй задачай было працаваць з медыямі, даваць каментары, распавядаць пра ход справы, падтрымліваць грамадскую цікавасць да тэмы, – прыгадвае Андрэй. – У ходзе працэсу некалькі разоў бывала так, што Лёня быў на іншых працэсах, і мне даводзілася быць прадстаўніком сям’і. Так я атрымліваў юрыдычную практыку.

У той справе ў Судаленкі і Стрыжака не атрымалася дамагчыся, каб суд прызнаў наяўнасць працоўных зносінаў паміж Папчэняй і гаспадаркай, дзе школьнікі збіралі бульбу, і аформіць здарэнне як няшчасны выпадак на вытворчасці. Аднак суд змусіў СВК «Усход-Агра» і школу выплаціць кампенсацыю бацькам дзяўчынкі, і гэта Андрэй лічыць перамогай у справе.

– Той кейс стаў пачаткам фармавання сістэмы кампенсацыі маральнай шкоды ў выпадку гібелі чалавека на працоўным месцы, – зазначае Стрыжак. – Калі да гэтага сумы выплатаў сям’і загінулага складалі каля некалькіх тысячаў, то тады ўпершыню аргументацыя і прававое абгрунтаванне шкоды, нанесенай сям’і, прывялі да таго, што выплата склала 25 тысячаў долараў – каля 50 тысяч рублёў на той момант, па 25 тысяч рублёў бацьку і маці. Да гэтага ў Беларусі такіх выплатаў ніхто не атрымліваў. Гэта заслуга Леаніда. Да нас сталі ўсё часцей звяртацца за дапамогай у падобных выпадках.

Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка.
Фота: Андрэй Стрыжак/Facebook

Справы па кампенсацыі родным пасля гібелі на працоўным месцы пакрысе сталі спецыялізацыяй Судаленкі. Паводле Стрыжака, падчас апошняй такой справы напярэдадні пратэстаў удалося дамагчыся выплаты па 50 тысяч рублёў на кожнага чальца сям’і.

– То бок, за пяць гадоў, дзякуючы Лёнінай працы атрымалася памер кампенсацыі ў выпадку гібелі на працоўным месцы павялічыць у два разы. Гэта адзін з прыкладаў таго, як Лёня працаваў, – кажа Андрэй.

Hавiны
Гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенка прызналі палітвязнямі
2021.01.20 21:15

«Больш за ўсё Леаніда як юрыста баяліся розныя райпо»

Другі кірунак, у якім Леанід Судаленка стаў вядомым абаронцай, гэта працоўныя спрэчкі.

– У Лёніным партфоліа шмат паспяховых справаў, калі ён вызваляў людзей ад незаконна прысуджаных нястачаў, – кажа Андрэй. – Больш за ўсё яго як юрыста баяліся розныя райпо, якія любяць на сваіх працаўнікоў, пераважна прадавачак, вешаць нястачы.

На працягу 2020 году Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастановаў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія праходзілі ў Гомлі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Андрэй зазначае, што Леанід працаваў не толькі ў Гомлі ці раёне – для яго ніколі не было праблемай выехаць на суд у самыя аддаленыя куткі вобласці, ці нават у іншы рэгіён, як на прыкладзе са справай Папчэні, дзе разбіральніцтва праходзіла ў Маладзечне.

– Лёня разумее, калі нейкую працу за яго ніхто не зробіць, і не пасуе перад цяжкасцямі, – кажа Андрэй. – Дзякуючы свайму прафесіяналізму і працавітасці, ён стаў вядучым юрыстам прафсаюзу РЭП. Без Лёні РЭП і ягоная прававая служба працуюць нават не на палову сілы, а недзе на 20%. Лёніна праца па Камітэце па правах чалавека ў ААН і па працоўным праве цяпер нікім не запаўняецца. Калі яго затрымалі, гэты сегмент у нас вельмі адчувальна пацярпеў.

Лаўрэат французскай прэміі за абарону правоў чалавека і праваабаронца году ў Беларусі

У 2018 годзе Леанід Судаленка стаў лаўрэатам французскай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека «Свабода. Роўнасць. Братэрства».
Фота: Леанід Судаленка/Facebook

Паводле Стрыжака, праца Леаніда Судаленкі і ягоныя поспехі ў судах даўно раздражнялі мясцовую ўладу і не толькі. Леанід звяртаў увагу на іхныя памылкі, недапрацоўкі, абараняў працоўных, «прымушаў» улады выконваць закон. Паводле Андрэя, неацэнны ўклад Судаленкі ў абарону правоў беларусаў на міжнародным узроўні – у Камітэце па правах чалавека ААН, куды праваабаронца дапамагаў рыхтаваць скаргі.

– Лёня быў адным з тых, хто ў нас увогуле фармаваў гэтую практыку, – кажа кіраўнік «BySol». – Вялізная колькасць скаргаў выходзіла з ягоным удзелам. Людзі звярталіся да яго ў адчаі, калі гублялі надзею абараніць свае правы на ўзроўні Беларусі.

Леанід Судаленка – адзіны ў Беларусі лаўрэат французскай прэміі за ўнёсак у абарону правоў чалавека «Свабода. Роўнасць. Братэрства», якой праваабаронцу ўзнагародзілі ў 2018 годзе.

– Гэтая прэмія – яскравы прыклад ацэнкі праваабарончай працы Лёні міжнароднай супольнасцю, – кажа Андрэй. – У Беларусі яго прызналі праваабаронцам году ў 2019 годзе. Цяпер французскія медыі ў мяне таксама бралі каментары ў сувязі з прысудам, і гэта паказвае, што цікавасць да яго захоўваецца і ўвесь цывілізаваны свет яго падтрымлівае.

Дае юрыдычныя кансультацыі нават за кратамі

Леанід Судаленка.
Фота: Леанід Судаленка/Facebook

За ўсе гэтыя заслугі, паводле Андрэя Стрыжака, гомельскага праваабаронцу «ненавідзелі на ўзроўні міністэрстваў» і спрабавалі пераследаваць і раней – прыдумлялі розныя правакацыі, ладзілі ператрусы, затрымлівалі на мяжы і забіралі тэхніку.

– Тое, што адбываецца цяпер, я магу акрэсліць адным словам – дарваліся, – кажа Андрэй. – Цяпер, калі Лёня ў турме, гомельскія ўлады расслабіліся. Але я ўпэўнены, што адразу пасля вызвалення і пасля таго, як ён крыху рэабілітуецца, ён зноў будзе займацца сваёй любімай справай. Не думаю, што нешта ў ягоных устаноўках змянілася. Адразу як ён зможа, ён будзе абараняць людзей. Хоць я ведаю, што ён і ў турме стараецца кансультаваць, калі можа.

Артыкулы
Праваабаронца Леанід Судаленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні
2021.08.30 11:09

Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня бягучага году, калі ён ехаў у офіс. Яго, а таксама валанцёрак Марыю Тарасенка і Таццяну Ласіцу абвінавацілі ў арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). У віну Леаніду паставілі:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
  • відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі«, дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлінаў за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Леанід Судаленка разам з жанчынай, сям’і якой ён заклікаў дапамагчы з дровамі, і за што яго асудзілі.
Фота: Леанід Судаленка/Facebook

– Паказальны эпізод, за які Лёні прад’явілі гэтае абсурднае абвінавачванне, – кажа Андрэй Стрыжак. – Ён заклікаў людзей сабраць грошы на дровы і дапамагчы сям’і, якая была ў патрэбе. І гэта вельмі добра ілюструе Лёню, які даведаўся пра праблему і паспрабаваў яе вырашыць. Ён чалавек справы. Калі ён бачыць задачу, і ведае, што ён можа яе вырашыць, ён за яе бярэцца. З іншага боку, калі ён разумее, што не зможа нічога зрабіць, то не будзе рабіць выгляд, што працуе над задачай. Ён проста адмовіцца, прама скажа, што не атрымаецца. Ён не дае дарэмную надзею, а вельмі рэалістычна ацэньвае ўласныя сілы і сітуацыю.

«Ён прыняў цалкам свядомае рашэнне – застацца ў Беларусі і прайсці гэты шлях»

Андрэй падкрэслівае, што Леанід Судаленка – добры сем’янін. У праваабаронцы чацвёра сыноў. Малодшы яшчэ школьнік, у аднаго са старэйшых ужо ёсць свая сям’я.

– Усе яны такія ж прабіўныя, вельмі да яго падобныя, і вонкава, і ўнутрана, – кажа Андрэй.

Паводле Стрыжака, Леанід Судаленка акрамя сваёй юрыдычнай і праваабарончай дзейнасці, вельмі любіць працаваць на зямлі.

– Лёня заўсёды вельмі цэніць магчымасць па выходных працаваць на ўчастку бацькоў жонкі, – распавядае Андрэй. – Калоў дровы ці капаў бульбу, ці яшчэ што. Ён сам з родам з вёскі, з Брагінскага раёну, з Чарнобыльскай зоны, і яму вельмі блізкая простая праца на зямлі. Увогуле, ён рознабаковы чалавек. Вельмі любіць рыбалку, збіраць грыбы. Бывае, што людзі цалкам пагружаюцца ў працу, і больш нічога не хочуць бачыць. У Лёні такога няма. Ён любіць і рукамі нешта рабіць, і галавой.

Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак з сям’ёй.
Фота: Андрэй Стрыжак/Facebook

Паводле Стрыжака, Леанід разумеў, што яму можа пагражаць у Беларусі, але з’язджаць не збіраўся.

– Мы не раз абмяркоўвалі ўсе магчымыя сцэнары таго, што можа адбыцца, размаўлялі ў тым ліку пра ад’езд, я пераконваў яго падумаць, што на свабодзе, няхай і не ў Беларусі, ён зможа працаваць далей, але ён проста не ўспрымае сябе па-за радзімай, – распавядае Андрэй. – Лёня прыняў цалкам свядомае рашэнне – застацца ў Беларусі і прайсці гэты шлях, які перад ім ляжыць. Ён разумеў наступствы, ведаў, на што ідзе.

Пішыце лісты падтрымкі

Леаніда Судаленку суд пакараў трыма гадамі ў калоніі. З улікам пераліку дзён, праведзеных у СІЗА, можна спадзявацца, што ў зняволенні яму засталася быць менш за два гады. Ці будзе Судаленка абскарджваць прысуд, Андрэй не ведае. Дапускае, што і не будзе, бо «сваімі вачыма бачыў, што гэта фарс, а не суд, і з-за гэтага ж нават заяўляў суддзі адвод».

Аб’ектыў
Леанід Судаленка: улада пайшла па шляху пераследу ўсіх нязгодных
2021.01.14 22:59

23 верасня бягучага году Леанід Судаленка сустрэў у СІЗА сваё 55-годдзе.

Андрэй Стрыжак зазначае, што хоць Леанід і не падае духам, аднак за час знаходжання ў няволі ў сябра і калегі пагоршылася здароўе (у праваабаронцы – цукровы дыябет), у сувязі з чым яму дазволілі ляжаць удзень. У лістах Судаленка скардзіцца на зрок.

«BySol» запусціў збор для дапамогі сям’і Леаніда Судаленкі, сабралі амаль 5 тысяч еўра.

– Нажаль, турэмнае заключэнне нясе за сабой значныя фінансавыя страты. Таму дзякую ўсім, хто падтрымаў гэты збор. Дынаміка зборку і сума паказваюць, наколькі важныя гэты людзі і іх праца для беларусаў, – кажа Андрэй Стрыжак. – Яшчэ заклікаю ўсіх пісаць лісты падтрымкі, асабліва калі Леаніда перавядуць у калонію і будзе вядомы ягоны новы адрас – пішыце.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Судаленку палітвязнем.

Адрас для лістоў Леаніду Судаленка ў СІЗА: СІЗА-3. 246003, вул.Кніжная, 1А, г. Гомель.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў