«Нас збілі беларусы, пакусалі сабакі... Мы хочам у Нямеччыну». Пра што ў сваіх роліках кажуць мігранты з мяжы


У Багдад 18 лістапада паляцела першая група «турыстаў» з Блізкага Усходу, амаль 400 асобаў з 7000, якія нелегальна спрабавалі прабрацца ў Еўропу з тэрыторыі Беларусі. Аднак далёка не ўсе жыхары Блізкага Усходу хочуць вяртацца на радзіму. Стыхійны намётавы лагер каля Брузгоў пусцее, улады Беларусі перамяшчаюць апошніх «лясных турыстаў» у транспартава-лагістычны цэнтр. Дый мігранты кажуць, што больш няма сэнсу заставацца пад адкрытым небам. Яны ўсцяж спадзяюцца, што Польшча адкрые гуманітарны калідор у Нямеччыну.

Калаж. Здымкі з відэа ў чатах мігрантаў

Паразумецца з людзьмі, якія там застаюцца, вельмі цяжка. Прычына не толькі ў моўным бар’еры: некаторыя валодаюць англійскай, з імі можна звязацца ў камунікатарах. Людзі адмаўляюцца ад размоваў, бо беларуская прапаганда выкарыстоўвае іх у сваіх мэтах, мігранты перастаюць давяраць журналістам. Наконт таго, што насамрэч адбываецца, яны запісваюць відэа і выкладаюць у закрытых чатах для сваіх.

З дапамогаю перакладчыка мы адслухалі некалькі дзясяткаў ролікаў, якія мігранты рабілі цягам адзінаццаці дзён. Змест – вельмі холадна, няма вады і ежы, галоўнае – захаваць веру ў найвышэйшыя сілы, якія дапамогуць выбрацца з сітуацыі, да якой не быў падрыхтаваны ніводны мігрант. І асобны бонус – мінус у карму беларускіх сілавікоў, якія, паводле аповедаў, абыходзіліся з імі не па-чалавечы.

Вось кароткія вытрымкі:

«Мы бездапаможныя, пусціце нас назад у Беларусь, мы ж тут памрэм».


«Нашыя запасы канчаюцца, просім ААН і НДА дапамагчы, бо мы паміраем».


«У сваёй краіне з вышэйшай адукацыяй я не змог знайсці працы, таму паехаў па лепшае жыццё ў Еўропу».


«Беларускія жаўнеры нас пабілі, нас пакусалі сабакі. Супраць нас выкарыстоўвалі зброю, падстаўлялі яе да галавы».


«Умовы сапраўды цяжкія, мы пакутуем ад холаду ў жудасных умовах надворʼя без патрэбных рэчаў. Забярыце нас у Нямеччыну».


«З намі тут 6-месячнае дзіцё, сітуацыя неспрыяльная для дарослых, а што казаць пра дзяцей. Мы просім курдаў у Еўропе дапамагчы сваім землякам».


«Гэта наш чацверты дзень тут, у нас вельмі дрэнны інтэрнэт, мы шукаем месца злавіць сувязь і даведацца навіны. Чакаем добрых навінаў ад журналістаў, якія з намі кантактуюць».


«У нас недастаткова ежы, на вуліцы вельмі халодна. Мы просім Польшчу адкрыць мяжу і ўпусціць нас у Нямеччыну».


«Гэта мой пашпарт. Са свайго нараджэння я не ведаў, які сэнс ад майго іракскага пашпарта, але цяпер я зразумеў, у чым яго плюс. Яго можна спаліць, і гэты агонь нас сагрэе».


«Шмат людзей прыехала сюды, яны спяць на голай зямлі і нават не маюць дроваў распаліць вогнішча. Напэўна, нехта загіне ўначы, бо вельмі марозна».


«Мы пакідаем лагер, бо большасць сыходзіць. Заставацца тут няма неабходнасці. Мы пачакаем у лагістычным цэнтры. Магчыма, нам дапамогуць з трансферам у Нямеччыну. Мы спадзяёмся, што нас не будуць тут трымаць паўгода альбо год. Думаю, нас затрымаюць на тыдзень, не больш».


«Мы ідзём у лагер, на мяжы мы былі два тыдні. Усе стаміліся. Мы былі на польскай мяжы, але нам не далі прайсці. Мінулаю ноччу было мінус 5. Усе дзеці вельмі змерзлі. Пачаўся дождж, мы не маглі спаць. Усе рэчы былі мокрыя. Мы вельмі стаміліся. Гэта вельмі дрэнная сітуацыя».


У мігранцкіх тэлеграм-каналах і чатах і ў інтэрв’ю сапраўды часта можна пабачыць звесткі пра ціск з боку беларускіх сілавікоў, пра збіццё і катаванні, а таксама пра загараджальныя атрады, якія стаяць за спінамі тых, каго пасылаюць штурмаваць мяжу з Еўрапейскім Звязам.

  • ЕЗ вылучыць 700 000 еўра на дапамогу мігрантам на мяжы Беларусі.
  • Лукашэнка нібыта даручыў максімальна садзейнічаць вяртанню ўцекачоў на радзіму і выкананню іх іншых пажаданняў.
  • Міністэрства абароны Польшчы паведамляе, што беларускія сілавікі рэгулярна дапамагаюць мігрантам незаконна перайсці мяжу.

Чытайце таксама:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў