Намесніца дзяржсакратара ЗША Узра Зэя: «Мы рыхтуем новыя санкцыі»


Намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША Узра Зэя дала дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату». Размова з Ігарам Кулеем выйшла ў праграме «Тыдзень» на нашым тэлеканале.

– Я хацеў бы пачаць гэтае інтэрв’ю з пытання пра ваш візіт у Вільню. Вы тут з трохдзённым візітам, бераце ўдзел у канферэнцыі пад назвай «Будучыня дэмакратыі». А сёння, крыху пазней, у вас сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Чаго вы чакаеце ад гэтай паездкі і ад сустрэчы з Ціханоўскай?

– Мае чаканні ад гэтага візіту – умацаванне нашага партнёрства з урадам Літвы, падтрыманне дэмакратыі, свабоды для народу Беларусі. Я маю гонар быць дакладчыкам заўтра на форуме «Будучыня дэмакратыі», але я таксама вельмі чакаю сустрэчы са спадарыняй Ціханоўскай. Зноў жа, я мела гонар сустрэцца з ёю неўзабаве пасля таго, як я прыняла прысягу як намесніца дзяржсакратара ў Вашынгтоне, дзе тады была заўважная вялікая цікавасць [да Беларусі], заклапочанасць сітуацыяй і падтрыманне яе намаганняў для рэалізацыі дэмакратычных памкненняў беларускага народу.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

– Я думаю, што яшчэ адной прычынай, чаму вы цяпер тут, стаў міграцыйны крызіс на беларуска-польска-літоўскім памежжы. Як Злучаныя Штаты ўспрымаюць гэты крызіс, і каго вы лічыце адказным за ягонае паўстанне?

– Мы глыбока занепакоеныя бесчалавечнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі ды рашуча асуджаем бязлітаснае выкарыстоўванне і змушэнне людзей, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі, а таксама спрыянне руху міграцыйных плыняў праз межы [Беларусі].

Але мы таксама разглядаем гэтую з’яву як працяг тых жорсткіх дзеянняў, якія рэжым стасаваў у дачыненні ўласнага народу. Такім чынам, мы прыехалі сюды, у Вільню, каб паказаць нашую салідарнасць з літоўскім урадам і падкрэсліць, што мы ўхваляем умацаванне межаў. Таксама разам з Еўразвязам ды іншымі партнёрамі мы падтрымліваем дэмакратычныя памкненні беларускага народу.

Мігрант кідае камяні ў бок польскіх памежнікаў на пункце пропуску «Брузгі – Кузніца». 16 лістапада 2021 года.
Фота: SHOT / Telegram

– Ці разглядаецца вамі Лукашэнка як асоба, якая можа ўцягнуць NATO і Расею ва ўзброены канфлікт? Шмат хто лічыць, што міграцыйны крызіс можа быць пачаткам чагосьці большага. Што дастаткова іскры, і паміж польскімі і беларускімі памежнікамі можа ўспыхнуць нейкі інцыдэнт, што прывядзе да лакальнага канфлікту ці нават вайны.

– Няма сумневаў, што адказнасць за гэты крызіс, звязаны з нелегальнаю міграцыяй, ляжыць на менскім рэжыме. Але я б таксама адзначыла, што існуе вельмі моцная трансатлантычная салідарнасць у гэтым пытанні ды падтрыманне ўрадаў Польшчы ды Літвы ў гэтым кантэксце.

Інфаграфіка
Дзе колькі мігрантаў на «беларускім маршруце»
2021.11.21 09:00

Я толькі што прыехала з Брусэлю, дзе сустракалася з еўрапейскімі калегамі, якія чарговы раз пацвярджаюць гэтую пазіцыю. Вы, магчыма, бачылі ўчора заяву салідарнасці, апублікаваную міністэрствамі замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі». Не толькі ЗША і Еўропа, але і Канада, Японія, і, як я лічу, міжнародная супольнасць падзяляе гэта і асуджае дзеянні беларускага рэжыму. Але мы таксама памятаем, што трэба захоўваць стрыманасць, і што можа ўзнікнуць сітуацыя, пра якую вы згадалі. Вось чаму першаснае значэнне мае шчыльная каардынацыя, шчыльныя кансультацыі паміж саюзнікамі.

– Вы пагаджаецеся са сцверджаннем, што Аляксандр Лукашэнка адказвае за стварэнне гэтага міграцыйнага крызісу?

– Абсалютна.

Узра Зэя, намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША.
Фота: Kim Kyung Hoon / Reuters / Forum

– З боку беларускай апазіцыі гучыць шмат галасоў за тое, каб прызнаць Лукашэнку міжнародным тэрарыстам, – можа, надышоў час прызнаць яго тэрарыстам?

– Я думаю, вы ведаеце, што мы асудзілі ягоныя дзеянні ды агучылі нашыя патрабаванні наконт развіцця падзеяў. Я цвёрда і выразна даводзіла, да чаго мы заклікаем: а менавіта, да неадкладнага вызвалення палітвязняў, спынення брутальных дзеянняў супраць беларускага народу знутры і за межамі краіны, да заканчэння гэтага міграцыйнага крызісу, да сапраўднага і змястоўнага дыялогу з мірнай апазіцыяй, да [правядзення] свабодных і справядлівых выбараў з удзелам міжнародных назіральнікаў, што дасць беларускаму народу магчымасць зрэалізаваць свае дэмакратычныя памкненні. Такім чынам, я думаю, што нашая пазіцыя цалкам зразумелая, таксама як і нашая гатовасць працягваць ціск і патрабаваць адказнасці, бо рэжым адмаўляецца выконваць міжнародныя абавязкі.

Аналітыка
Ці прывядуць «хаатычныя перамовы» Еўразвязу да прызнання Лукашэнкі?
2021.11.18 19:47

– Рэжым Лукашэнкі сілай пасадзіў пасажырскі самалёт…

– Гэта былі абуральныя дзеянні.

– Рэжым кінуў у турмы і чыніў там ґвалт над тысячамі беларусаў. І больш за тысячу асобаў застаюцца за кратамі. На вуліцах забівалі людзей, і не было ніякага следства з гэтае нагоды. Цяпер рэжым арганізаваў штучны міграцыйны крызіс. І я думаю: што яшчэ Лукашэнку трэба зрабіць, каб яго прызналі міжнароднай праблемай? Добра, няхай не тэрарыстам, але вялікай міжнароднай праблемай. І каб супраць рэжыму былі ўведзеныя сапраўдныя моцныя санкцыі.

– Я магу вам сказаць, што мы пастаянна ладзім кансультацыі з урадам Літвы ды нашымі еўрапейскімі саюзнікамі. Каардынуючыся з партнёрамі, мы рыхтуем новыя санкцыі, якія стануць адказам рэжыму за цяперашнія замахі на дэмакратыю, правы чалавека, міжнародныя нормы. Я думаю, што вельмі важна не спыняць гэтага ціску, таксама як і ўзмацняць міжнародную – у прыватнасці, трансатлантычную – салідарнасць.

Меркаванні
Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?
2021.11.18 17:27

– Я думаю, вы ведаеце, што канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель двойчы званіла Лукашэнку на гэтым тыдні. Вельмі шмат беларусаў абурыліся гэтымі тэлефоннымі размовамі і палічылі іх недарэчнымі. У 2020-м, калі на вуліцах Менску збівалі пратэстоўцаў, Мэркель і прэзідэнт Францыі Макрон таксама званілі Лукашэнку, але тады ён не зняў слухаўкі. А цяпер ён размаўляе з Мэркель на сваіх умовах. Ствараецца ўражанне, што дэмакратычныя лідары проста не могуць справіцца з такімі дыктатарамі, як Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Ангелай Мэркель і Франсуа Аляндам. Менск, Беларусь. 12 лютага 2015 года.
Фота: anna-news.info

– Я лічу, што дэмакратыі, калі яны аб’ядналіся, калі яны разам, могуць перамагчы такіх дыктатараў, як Лукашэнка. Але я думаю, што тут важна працягваць шчыльна камунікаваць і каардынаваць нашыя дзеянні. І гэта адна з прычынаў, чаму я тут, чаму я наведала Брусэль. Я адна з многіх амерыканскіх чыноўнікаў, якія наведалі рэгіён; напрыклад, наш высокі чыноўнік, адказны за эканамічныя пытанні, быў тут зусім нядаўна. На гэтым тыдні шмат хто з высокапастаўленых амерыканцаў пабываў у Брусэлі. Такім чынам, мы мяркуем, што ЗША, Еўразвяз, Літва, нашы іншыя партнёры і саюзнікі, у тым ліку Канада і Вялікая Брытанія, захоўваем адзінства ў нашым падтрыманні кіраўніцтва Літвы, Латвіі, Польшчы ў супрацьстаянні выклікам, пастаўленым рэжымам Лукашэнкі. Таксама мы адзіныя ў далейшым падтрыманні дэмакратычных памкненняў беларускага народу, таму я тут, каб сустрэцца з Каардынацыйнаю радаю, а таксама з беларускімі праваабаронцамі ды актывістамі грамадзянскай супольнасці. І мы вельмі цэнім тое, што літоўскі ўрад запрапанаваў ім дапамогу і магчымасць прытулку ў такіх вялікіх маштабах.

– Ці не здаецца вам, што дэмакратыя агулам цяпер у крызісе? Часамі здаецца, што дэмакратычныя краіны і лідары такіх дзяржаваў не ў стане супрацьпаставіць нешта такім людзям, як Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка, ці Кітай, які набірае сілы. Такія лідары выглядаюць моцнымі і ўпэўненымі ў сабе, а дэмакратычныя лідары здаюцца разгубленымі.

– Я лічу, што ў пытанні Беларусі ды падтрымання дэмакратычных памкненняў беларускага народу прысутнічала вельмі моцнае адзінства і рашучасць. Думаю, што калі спытаць сябе: «Што Лукашэнка прынёс свайму народу?», то [адказам будзе, што] ён прынёс смутак, міжнароднае асуджэнне, ізаляцыю.

Аналітыка
Капітуляцыя ці «бяспройгрышная траекторыя»? Што кажуць пра размову Мэркель і Лукашэнкі
2021.11.16 14:49

Між тым, дэмакратыя, вядома, сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі: рост аўтарытарызму на фоне пастаянных карупцыйных праблемаў, парушэнне правоў чалавека ва ўсім свеце. Але гэтыя выклікі падштурхнулі прэзідэнта Байдэна абʼяднаць прадстаўнікоў дэмакратыяў свету на саміце аб дэмакратыі, і гэта адзін з вызначальных момантаў падчас абмеркаванняў, што я праводжу тут, у Вільні. Я бяру ўдзел у форуме «Будучыня дэмакратыі», які пачынаецца сёння ўвечары. Мы збіраем дэмакратычных лідараў, прадстаўнікоў як маладых, так і сталых дэмакратыяў з усяго свету, каб браць на сябе пэўныя абавязкі ды разам рухацца наперад у развязанні гэтых пытанняў.

Узра Зэя, намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША.
Фота: Kim Kyung Hoon / Reuters / Forum

– Няма сумневаў у тым, што без падтрымання Расеі і Пуціна, Лукашэнка не выстаяў бы ў 2020-м. Гатовыя лі Злучаныя Штаты да таго, каб зрабіць падтрымку рэжыму Лукашэнкі занадта дарагой для Крамля?

– Я думаю, што нашая занепакоенасць у сувязі з дзеяннямі Расеі для дэстабілізацыі сітуацыі, у сувязі з яе намаганнямі аказваць уплыў, усім вельмі добра вядомая. Мы, Злучаныя Штаты, разам з нашымі еўрапейскімі саюзнікамі (мы таксама трансатлантычныя саюзнікі) адданыя ідэі «A Europe Whole and Free and At Peace», «непадзельнай вольнай Еўропы без войнаў».

У нас няма ілюзіяў наконт дзеянняў Пуціна і ягоных «поспехаў», і мы ведаем, што Расея скарыстаецца магчымасцю, калі зможа атрымаць карысць для сябе. Таму я лічу, што рашучасць трансатлантычных супольнасцяў мае вызначальную ролю, калі мы сутыкаемся з гуманітарным крызісам, створаным Лукашэнкам, а таксама мы не можам ігнараваць працяглых грубых парушэнняў свабодаў і правоў чалавека. Паводле маёй інфармацыі, на сённяшні дзень у Беларусі больш за 873 палітвязні, у тым ліку дзве журналісткі «Белсату». Гэта абсалютна непрымальна, колькасць палітычных вязняў мусіць быць роўнай нулю. Я кажу шчыра: вы ведаеце, што наш урад будзе працягваць працаваць у поўнай каардынацыі з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб паказаць, што лёс палітвязняў не забыты. Мы працягваем заклікаць да іх безумоўнага вызвалення і дамагацца яго.

– Офіс Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікі Каардынацыйнае рады вельмі часта падкрэсліваюць неабходнасць падтрымаць грамадзянскую супольнасць, а не толькі санкцыйны ціск на рэжым. Якія дзеянні ў гэтым кірунку робяць Злучаныя Штаты?

Святлана Ціханоўская на прыёме ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

– Я ганаруся тым, што з 1991 года Злучаныя Штаты падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыі ў Беларусі. Мы ведаем, што беларускі народ ужо 27-ы год жыве ва ўмовах дыктатуры Лукашэнкі. Мы поўныя рашучасці працягваць нашыя намаганні, каб падтрымаць здольнасць беларусаў ісці далей і дамагацца дэмакратычнай будучыні, у якой ім так доўга адмаўлялі. А неабходныя элементы яе – гэта свабодныя і незалежныя медыі, грамадзянская супольнасць, якая можа патрабаваць ад ураду справаздачы, і, вядома, свабодныя і справядлівыя выбары, якія адлюстроўваюць волю народу і ацэньваюць дзейнасць уладаў. Мы хочам бачыць урад, які служыць грамадзянам, які не пераследуе сваіх грамадзянаў. І мы хочам, каб грамадзяне Беларусі маглі прыцягваць свой урад да адказнасці.

РР belsat.eu

Стужка навінаў