Каля літоўскай мяжы знаходзіцца 13 грамадзянаў Іраку. Ім не дазваляюць вярнуцца дадому


На беларуска-літоўскай мяжы знаходзіцца група з 13 грамадзян Іраку. Яны расказалі літоўскім журналістам, што іх туды прывезлі беларускія сілавікі.

Ім не дазваляюць вярнуцца дадому ў Ірак, хоць яны і гатовыя.

Група мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы.
Фота: delfi.lt

Мігранты ведаюць, што ў Літву іх не пусцяць і патрапіць туды ўжо не спрабуюць. Але пайсці назад таксама не магу – не пускаюць узброеныя аўтаматамі беларускія памежнікі.

Яны папрасілі ў літоўскіх памежнікаў нумар амбасады Іраку ў Маскве, ім яго далі.

Група мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы.
Фота: delfi.lt

Адзін з мігрантаў, які скончыў юрфак і размаўляе на ангельскай мове, змог пагаварыць з журналістам:

Што вы тут робіце?

– Нас сюды прывезлі. Мы знаходзімся тут ужо 10 дзён. Не можам патрапіць ні ў адну з краін.

Мы бачым беларускіх памежнікаў. Вы хочаце сказаць, што яны вас сюды прывезлі?

– Так.

Вы хочаце патрапіць у Літву? Вы каля самай мяжы.

– Не, мы хочам вярнуцца ў Ірак.

Мы ведаем, што вы тэлефанавалі ў пасольства.

– Так, мы тэлефанавалі ў ірацкую амбасаду. Яны спрабуюць нам дапамагчы, мы чакаем дапамогі.

Калі вы пойдзеце ў іншым кірунку, што гэтыя памежнікі зробяць?

– Яны ўсюды ідуць за намі. Мы спрабавалі вярнуцца назад, але яны вяртаюць нас зваротна.

Як вас сюды прывезлі?

– На ваенных грузавіках. У нас былі дзейныя візы.

Яны ўжывалі сілу?

– Так.

Група мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы.
Фота: delfi.lt

Як вы выжываеце? Бачу ў вас ёсць вогнішча.

– Літоўскія вайскоўцы нам дапамаглі – далі ежы і воды.

Як вы сябе адчуваеце?

– Дрэнна. Ночы халодныя. А ў нас у краіне было горача. Тут усё інакш, тут вельмі холадна.

Чаму наогул вы прыехалі ў Беларусь?

– Усе сюды ехалі, таму што абяцалі, што Еўропа ўсіх прыме, легальна, што можна будзе легальна перайсці мяжу. Але нас прывезлі сюды, прывезлі шмат людзей. Адзін знік – мужчына з чатырохгадовым дзіцем, яго няма ўжо некалькі дзён.

Літоўскія памежнікі зазначаюць, што самі мігранты ў Літву не імкнуцца. Часцяком яны нелегальна перасякаюць мяжу пад ціскам з боку беларускіх памежнікаў.

Таксама літоўскія памежнікі распавялі, што адносіны з беларускімі калегамі зараз цалкам змяніліся. Некалькі гадоў таму яны пры сустрэчы віталіся, зараз на прывітанне адказвае адзін з пяці, а часам і ніхто не адказвае.

Hавiны
Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча гатовая закрыць мяжу з Беларуссю
2021.11.21 13:54

АД, belsat.eu

Стужка навінаў