Дзе колькі мігрантаў на «беларускім маршруце»


Толькі паводле афіцыйных звестак уладаў Беларусі, у краіне цяпер каля 7000 мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Паводле замежных крыніцаў, іх можа быць 1416 тысячаў. Яшчэ каля 17 тысяч мігрантаў, якія ішлі праз Беларусь, былі затрыманыя ў Нямеччыне, Польшчы, Літве і Латвіі.

Колькасць мігрантаў у лагістычным цэнтры «Брузгі» розныя крыніцы называюць розную, ад адной да дзвюх тысячаў.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, 18 лістапада заяўляла, што менавіта на мяжы цяпер каля 2000 мігрантаў у лагеры ля Брузгоў і 200–500 чалавек у іншых месцах на беларуска-польскай мяжы. Пагадзіліся вярнуцца каля 400 чалавек, першым самалётам вылецелі 374 асобы, пераважна грамадзяне Іраку, заявіла Эйсмант.

Інфаграфіка «Белсату»

На дадатак да тых, хто на мяжы, у іншых месцах у Беларусі цяпер каля 5000 мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, заявіла Эйсмант. Агулам каля 7000. Шмат асобаў, падобных да мігрантаў, дасюль можна назіраць на вуліцах Менску.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў 14 лістапада казаў, што на тэрыторыі Беларусі застаюцца каля 16 тысяч мігрантаў.

Афіцыйны прадстаўнік рады міністраў Польшчы Пётр Мюлер 9 лістапада казаў, што каля мяжы сабраліся 3–4 тысячы мігрантаў, а больш за 10 тысячаў, гатовых спрабаваць перайсці мяжу, былі ў іншых раёнах Беларусі.

Іспанскія журналісты надзіраюць за кантролем аўтаў на Падляшшы паліцыянтамі і вайсковай жандармерыяй. 9 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

У Нямеччыну, паводле звестак федэральнай паліцыі, праз «беларускі маршрут» за 2021 год прыбыў 9861 мігрант, з іх больш за 2 тысячы – у лістападзе.

У Польшчы, паводле звестак на 15 лістапада, з пачатку года затрымалі 2500 замежнікаў, у цэнтрах для мігрантаў былі 828 асобаў, толькі з кастрычніка прынялі 921 пастанову пра высылку. Спробы прайсці ў Польшчу працягваюцца: гэтак, 18 лістапада мяжу спрабавалі перайсці дзве групы – з 500 і 50 мігрантаў. Польшча не паведамляе, колькі чалавек спрабуе пераходзіць мяжу, але штодзень называе колькасць такіх спробаў (лік штодня ідзе на сотні, з пачатку года зафіксавалі 35 тысяч спробаў, але колькі з гэтых спробаў паўторныя, невядома).

У Літву за гэты год нелегальна трапілі больш за 4200 мігрантаў, а яшчэ больш за 7 тысячаў былі развернутыя на мяжы. На 15 лістапада Літва разглядзела 2576 заяваў на прытулак, ухваліла 7, збіраецца разгледзець яшчэ 584. Месяц таму паведамлялі, што разгляд 409 заяваў спынілі, бо мігранты з’ехалі ў краіну пражывання.

Hавiны
Што за лагістычны цэнтр, куды пасялілі мігрантаў каля польскай мяжы
2021.11.20 07:30

У Латвіі з 10 жніўня затрымалі 420 грамадзянаў трэціх краінаў, якія спрабавалі незаконна перайсці мяжу, не пусцілі 2373 чалавек, пусцілі з гуманітарных меркаванняў 68 асобаў. Да 10 жніўня на беларуска-латвійскай мяжы затрымлівалі адзінкавых мігрантаў, агульнай статыстыкі не публікавалі.

Былі і адзінкавыя паведамленні пра затрыманне ў Расеі ды Украіне мігрантаў з Блізкага Усходу, якія спрабавалі трапіць туды з Беларусі. Ва Украіну 18 лістапада не прапусцілі 15 мігрантаў, якія збіраліся заехаць з Беларусі з «турыстычных мэтаў», але мелі падазроныя пашпарты. У Расеі аднойчы ў жніўні паведамілі пра затрыманне 19 мігрантаў.

Чытайце таксама:

АА belsat.eu

Стужка навінаў