Як у паваеннай савецкай Беларусі чынілі культурны супраціў


Пісьменнік Караткевіч, мастак Кулік ці гісторык Ермаловіч не зрынулі савецкі рэжым – а мо і не збіраліся рабіць гэтага, пакуль закладалі бомбу ў падмурак савецкай сістэмы. «Белсат» пагутарыў з аўтаркай кнігі пра іншадумства ў БССР.

Даведка
Вокладка кнігі «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)». Фота: Таццяна Астроўская

На Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, што праходзіў з 30 верасня да 2 кастрычніка ў Коўне, доктарка гістарычных навук, супрацоўніца Інстытуту гістарычных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы імя І. Г. Гердэра Таццяна Астроўская прэзентавала кнігу-даследаванне «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988)». На англійскай мове кніга была апублікаваная яшчэ ў 2019 годзе, цяпер яна выйшла ў Беластоку на беларускай. Рэдактарам выступіў Алесь Бяляцкі – цяпер палітзняволены, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Кніга пакуль надрукаваная невялікім накладам 500 экзэмпляраў, не прадаецца і распаўсюджваецца бясплатна, але неўзабаве мае з’явіцца ў электронным выглядзе.

Адкуль узяцца іншадумству ў стэрыльнай БССР?

За першыя 50 гадоў існавання савецкай дзяржавы безліч беларусаў былі фізічна знішчаныя або рэпрэсаваныя, бо ўспрымаліся дзяржавай як пагроза яе існаванню. У адну толькі «Чорную ноч», або «Ноч расстраляных паэтаў», з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Архівы КДБ дагэтуль закрытыя, таму невядома, колькі агулам было рэпрэсаваных, але гаворка вядзецца пра сотні тысячаў забітых, у тым ліку пра знішчэнне 90 % беларускай інтэлігенцыі. Якое іншадумства пасля такога?

Даведка
Таццяна Астроўская.
Фота: Claudia Junghänel / Herder Institute

Таццяна Астроўская тлумачыць: прыйшло новае, пасляваеннае пакаленне, якое  часам называюць пакаленнем 1960-х. Гэтае пакаленне народжаных у 1920–1930-я гады, шмат хто прайшоў Другую сусветную вайну. Такія ветэраны, як пісьменнікі Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Валянцін Тарас, былі ўпэўненыя, што калі яны здабылі перамогу ў вайне, то маюць права крытыкаваць недахопы савецкага ладу жыцця, казаць  тое, што сапраўды думаюць. Таксама да гэтага пакалення належалі жыхары Заходняй Беларусі, якія мелі досвед жыцця ў іншай дзяржаве і нярэдка глядзелі на савецкі лад крытычна.

Уплыў на новую інтэлігенцыю несумненна аказалі і вязні сталінскага ГУЛАГу, якія выжылі і вярнуліся ў Беларусь ці працягвалі падтрымліваць сувязі з радзімай. Сярод іх была паэтка Ларыса Геніюш, паэт і перакладчык Уладзімір Дубоўка, паэт і празаік Сяргей Грахоўскі. Яны непасрэдна сутыкнуліся з савецкай рэпрэсіўнай сістэмай і так ці інакш дзяліліся гэтымі ведамі з наступнымі пакаленнямі інтэлігенцыі.

Так званая хрушчоўская адліга (лібералізацыя, што пачалася ў СССР у другой палове 1950-х і доўжылася да сярэдзіны 1960-х) была больш павольная ў БССР, але эфект яе быў заўважны і пасля пачатку брэжнеўскай эпохі застою. Разам з застоем гэта быў час вялікіх глабальных узрушэнняў: Пражскай вясны, масавых грамадзянскіх пратэстаў у Злучаных Штатах, Францыі і па ўсёй Еўропе. У СССР актывізуецца дысідэнцкі рух і габрэйскі рух за эміграцыю.

Васіль Быкаў на Замкавай гары ў Горадні, 1973 год.
Фота: grodnolib.by

У асяроддзі творчай інтэлігенцыі нязгода выспявае з незадаволенасці нацыянальнаю палітыкай у СССР, што праяўлялася, найперш, праз імклівае пашырэнне ўжывання расейскай мовы. Гэта ў сваю чаргу ставіла пад пагрозу беларускую мову і культуру. Новая інтэлігенцыя была патрэбная дзяржаве дзеля праслаўлення і распаўсюду ідэі сацыялізму і савецкага ладу жыцця. Дзяржава ўкладала вялікія рэсурсы ў яе стварэнне. І гэта былі не толькі рэпрэсіі, але магчымасці, найперш адукацыйныя, шмат для каго недасяжныя раней.

«Частка інтэлігенцыі выдатна бачыць гэтую супярэчнасць і спрабуе паўстаць супраць яе: з аднаго боку, нам дазваляюць і нават заахвочваюць пісаць і гаварыць па-беларуску, а з другога боку, выяўляецца, што ў сацыялістычным грамадстве, якое мы павінны будаваць, няма месца беларускай культуры і беларускай мове, яны знікаюць проста на нашых вачах. Знікаюць таксама і традыцыйны лад жыцця, традыцыйная мараль, і гэта не можа не турбаваць інтэлігенцыю», – расказвае Астроўская.

ВІДЭА
Як паэтка-дысыдэнтка супрацьстаяла СССР. Што мы ведаем пра Геніюш?
2016.08.10 11:48

Што такое культурны супраціў у БССР

Супрацьстаянне нацыянальнай палітыцы ў БССР адбываецца на розных узроўнях: праз стварэнне неафіцыйных аб’яднанняў, праз непадцэнзурны друк – самвыдат, праз пашырэнне межаў афіцыйнай культуры, кажа даследчыца. Менавіта з канца 1960-х становіцца заўважным, наколькі рухомымі аказваюцца межы дазволенага ў афіцыйнай беларускай савецкай культуры. Нават калі  ў Савецкай Беларусі яны былі вузейшыя, чым у РСФСР, і асабліва ў Маскве ці Ленінградзе.

Даведка
Мікола Ермаловіч.
Фота: zviazda.by

У 1967–1968 гадах пачалася хваля беларускага самвыдату. Астроўская адлічвае яе з нарысу настаўніка і самаадукаванага гісторыка Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа. Ці было літоўскае заваяванне Беларусі» (хоць самвыдат быў і да таго, актывізаваўся ён пазней). У «Па слядах…» Ермаловіч прапаноўвае альтэрнатыўную савецкай канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. У афіцыйнай гісторыі БССР пазбягалі нават такой назвы: Вялікае Княства Літоўскае. Гісторыя ВКЛ прысутнічала толькі як гісторыя заваявання і прыгнёту беларускага народу «літоўскімі феадаламі». Ермаловіч жа спрабаваў увесці ў гэтую гісторыю беларускі кампанент, беларускую суб’ектнасць у Вялікім Княстве Літоўскім.

Хай гэта была не самая дасканалая і навукова пераканаўчая праца, разважае Астроўская, але тое была спроба, што здолела зарадзіць сур’езны сумнеў у савецкай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Пры тым Ермаловіч наўрад ці лічыў сваю працу радыкальна антысавецкай, бо неаднаразова спрабаваў выдаць яе афіцыйна.

Ермаловіч шчыльна стасаваўся з мастаком Яўгенам Куліком. Вакол Куліка і ягонай майстэрні «На Паддашку» збіралася вялікае асяроддзе, што ўключала і мастакоў, і навукоўцаў, і літаратараў. З Куліком і ягонай майстэрняй аказваецца так ці інакш звязаная ўся беларускамоўная нязгодная інтэлігенцыя. І ў гэтым асяроддзі распаўсюджваюцца ідэі Ермаловіча і іншых, адбываецца бесперапынны абмен ідэямі.

Даведка
Уладзімір Караткевіч. Менск, БССР. 20 лютага 1973 года.
Фота: archives.gov.by

Тым часам Уладзімір Караткевіч, таксама адзін з гэтага асяроддзя, выдае абсалютна выбуховыя рэчы ў афіцыйным друку, стварае новую міфалогію беларускага мінулага сродкамі мастацкай літаратуры. Нягледзячы на бясконцыя перамовы з цэнзарамі і выдавецтвамі, ён здолеў працягнуць «кантрабандаю» несавецкі погляд на гісторыю – і ў Караткевіча можна знайсці адсылкі да Ермаловіча, алюзіі да ягоных ідэяў.

Падобнае адбывалася і з тэмаю вайны ў літаратуры (як Адамовіч і Быкаў, якія пачалі казаць пра вайну як пра нешта не толькі гераічнае, але і трагічнае), і ў мастацтве, дзе абыходзіць межы дазволенага, магчыма, было нават крыху прасцей. Астроўская асабліва адзначае кніжную графіку, у якой шмат працавалі згаданы Яўген Кулік, Мікола Купава і іншыя.

Гісторыі
Годнасць пад акупацыяй. Як жыхары Варшаўскага гета ладзілі святы насуперак нацыстам
2022.01.10 07:30

БНФ узяўся не з вакууму

Нефармальныя групы інтэлігенцыі, як у акадэмічным асяродку ці сярод творчых дзеячаў, былі «для сябе», кажа Астроўская: хоць мелі высокую мэту пашырэння нацыянальнай ідэі і дбалі пра будучыню беларускага народу, але былі наўрад ці зразумелыя і даступныя большай частцы насельніцтва БССР. Гэты дыскурс быў эксклюзіўны і элітарны: на нядаўняе беларускае сялянства, зрусіфікаванае і ўрбанізаванае, яны глядзелі «трошкі звысоку», няшмат цікавіліся праблемамі беларускіх габрэяў і іншых нацыянальных групаў.

У замежнай навуковай літаратуры пашыранае такое меркаванне, кажа даследчыца: вось прыйшоў Міхаіл Гарбачоў, абвесціў перабудову – і беларусы прачнуліся, пачалі думаць пра нацыянальнае адраджэнне. Але падрыхтоўчая праца дзеля гэтага абуджэння ішла з 1960-х, напрацаваныя ў вузкіх колах ідэі падхапілі моладзевыя аб’яднанні  – «Талака» і «Тутэйшыя». Пазней і Беларускі народны фронт, сярод заснавальнікаў якога былі згаданыя Адамовіч, Быкаў, Бяляцкі і іншыя. Беларуская інтэлігенцыя, якая шмат у чым была прадуктам савецкага ладу, пачала паўставаць супраць яго задоўга да перабудовы.

Даведка
Зянон Пазняк выступае на мітынгу на Дзяды. Менск, Беларусь. 30 кастрычніка 1988 года.
Фота: Алесь Бяляцкі / Vytoki.net

Даследчыца прыводзіць прыклад: той жа Зянон Пазняк, які быў адным з заснавальнікаў БНФ і выкрыў праўду пра масавыя забойствы ў Курапатах, ужо з канца 1960-х займаўся тым, што можна было назваць культурным супрацівам: вывучаў гісторыю Беларусі, бараніў культурную спадчыну Менску, праводзіў археалагічныя раскопкі. А ўжо ў 1974 годзе (пад псеўданімам Генрых Ракутовіч) ён піша і выдае ў самвыдаце абсалютна антысавецкі тэкст «Положение в Белоруси» (PDF), які адначасова можна лічыць і праграмай нацыянальнага і эканамічнага вызвалення Беларусі. У ім Пазняк папярэджвае: «Ніякая дэмакратыя немагчымая, […] пакуль існуе гэтая імперыялістычная звышдзяржава – назавіце яе СССР, Расея, РСФСР, як хочаце». Ён патрабуе «безумоўнай нацыянальнай дзяржаўнай свабоды і незалежнасці для ўсіх народаў СССР і РСФСР».

Тры ўрокі з гісторыі культурнага супраціву ў БССР для сучаснай Беларусі

Першае і асноўнае, што аўтарка кнігі «Культура і супраціў» хоча перадаць сучаснікам: гісторыя позняга сацыялізму ў БССР вартая вывучэння і шмат можа даць дзеля разумення таго, што адбываецца ў Беларусі і ва ўсёй постсавецкай прасторы сёння.

«Нават калі здаецца, што ўсё згублена і нічога немагчыма, гэта не так. Трэба працягваць працаваць нават у самыя цёмныя часы, быць верным сабе, спрабаваць рабіць тое, ува што верыш і што можаш», – кажа яна.

Таццяна Астроўская называе самымі цёмнымі часамі канец 1970-х і пачатак 1980-х, брэжнеўскі застой – асабліва пасля здушэння польскай «Салідарнасці» (як потым выявіцца, часовага). Тады большасць былі ўпэўненыя, што Савецкі Саюз будзе існаваць вечна, што Беларусь цалкам русіфікаваная і што беларускай культуры хутка не стане. Наўрад ці тады хтосьці ўяўляў, што Беларусь атрымае незалежнасць праз нейкія дзесяць гадоў.

Васіль Быкаў выступае на мітынгу ў гонар 78-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск, Беларусь. 24 сакавіка 1996 года.
Фота: Віталь Савіч / Vytoki.net

Другое, што трэба зразумець з досведу культурнага супраціву ў БССР: колькі б ні зрабілі культурныя дзеячы, яны часцей за ўсё не дасягалі шырокіх колаў грамадства, кажа даследчыца.

Трэцяе: у той час бракавала «выхаду за межы беларускага», кантактаў і супрацы з замежнымі культурнымі асяродкамі, не было аб’яднання між суполкамі, якое магло б паспрыяць распаўсюду ідэяў на шырокае кола насельніцтва. Астроўская заклікае быць адкрытымі, вучыцца з досведу іншых пратэставых групаў. Напрыклад, ёй здаецца, што стратэгіі супраціву і ўзаемападтрымання габрэйскага руху за эміграцыю ў СССР і БССР, якія яна цяпер вывучае, сёння як ніколі актуальныя.

Гісторыі
Пісаў пра Пагоню, нацыянальны сцяг і Каліноўскага. Цікавыя факты з жыцця Максіма Танка
2022.09.17 15:02
Гісторыі
Змовы ў беларускай гісторыі – удалыя і няўдалыя
2022.08.23 10:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў