Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?


Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну ў намеры знішчыць Кахоўскую ГЭС у Херсонскай вобласці Украіны, што можа прывесці да катастрофы «неверагодных маштабаў». Belsat.eu разбіраўся, што стаіць за гэтымі заявамі.

Расейскія вайскоўцы ля Кахоўскай ГЭС. Херсонская вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: AP / East News

Што кажуць у Расеі

Камандуючы аб’яднанай расейскай групоўкі войскаў ва Украіне Сяргей Суравікін увечары 18 кастрычніка ў інтэрв’ю каналу «Россия 24» заявіў, што ЗСУ нібыта могуць выкарыстаць «забароненыя метады вайны» і нанесці ўдары па плаціне Кахоўскай ГЭС. Генерал таксама прызнаў, што сітуацыя на Херсонскім фронце «вельмі не простая».

«У любым выпадку, мы будзем зыходзіць з неабходнасці максімальнага захавання жыцця мірнага насельніцтва і нашых вайскоўцаў. Будзем дзейнічаць свядома, своечасова, не выключаючы і прымання няпростых рашэнняў», – падкрэсліў ён.

Суравікін не патлумачыў, якія рашэнні маюцца на ўвазе. Але некаторыя пачулі ў гэтых словах намёк на тое, што расейцы самі хочуць выкарыстаць «забароненыя метады вайны» – напрыклад, паспрабуюць знішчыць Кахоўскую ГЭС пры адступленні з Херсону.

Тэму магчымага разбурэння Кахоўскай ГЭС адразу падхапілі прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны і расейская прапаганда. У Z-каналах публікаваліся малюнкі, на якіх паказаныя магчымыя маштабы затаплення ў выпадку прарыву дамбы. А мясцовыя калабаранты сталі заяўляць, што цяпер ЗСУ нібыта спрабуюць наносіць ракетныя ўдары па Кахоўскай ГЭС, але іх адбівае расейская супрацьпаветраная абарона.

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда заявіў, што ў выпадку разбурэння ГЭС вада можа падняцца на 1 метр і дасягнуць Херсону – у прыватнасці, пад пагрозаю мікрараён Карабел. «Вось там, канечне, узняцце вады можа быць вышэй за ўзровень падмурка, і адпаведна будзе пагроза ўстойлівасці гэтых дамоў – і вялікіх, і малых», – адзначыў ён.

Разам з тым намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмаусаў запэўніў, што гэта не крытычна. «Што да Кахоўскай ГЭС, я б не рабіў трагедыі з сітуацыі. Нават калі Кахоўская дамба прарвецца, максімум, вада можа падняцца на метр-паўтара. Гэта максімальная адзнака. Ды й тое, гэта частка правабярэжнай і частка левабярэжнай часткі Херсонскай вобласці», – заявіў ён.

Але ёсць нашмат больш песімістычныя прагнозы. Як сцвярджае чалец Расейскай акадэміі навук, гідрограф Сяргей Станічны, агулам будзе затоплена да 90 квадратных кіламетраў тэрыторыі Херсончшыны, а ў асобных раёнах Херсону ўзровень вады можа падняцца да 4,8 метраў.

«Калі разбіць плаціну, то гіганцкай плынню вады затопіць усю ніжэй размешчаную даліну», – заявіў ён у інтэрв’ю «МК».

Што кажуць ва Украіне

Украіна ўсе абвінавачванні расейскага боку адкідае. Акрамя таго, украінскія эксперты звяртаюць увагу на тое, што Кахоўская ГЭС – вельмі трывалае збудаванне, і знішчыць яго ракетным ударам проста немагчыма.

Кахоўская ГЭС.
Фота: Зміцер Ліпунаў / commons.wikimedia.org

«Размаўляў са спецыялістамі, усё ж такі прыходзім да меркавання, што немагчыма ўзарваць усю дамбу. Дамба не знікне, а з-за разбурэння яе часткі не можа пайсці 15-метровая хваля. Колькі па Антонаўскім мосце прыляцела снарадаў HIMARS, а ён стаіць. Уяўляеце, колькі трэба выбухоўкі, каб узарваць дамбу. Гэта вельмі сур’ёзная пабудова», – заявіў у інтэрв’ю «Настоящему времени» мэр гораду Алешкі Херсонскай вобласці Яўген Рышчук.

Украінскі вайсковы эксперт Раман Світан сцвярджае, што разбурыць Кахоўскую ГЭС ракетай ці бомбаю проста нерэальна – гэта можна зрабіць хіба што знутры, замінаваўшы дамбу. А замінаваць могуць толькі расейцы, бо яны цяпер кантралююць ГЭС.

Паводле інфармацыі афіцыйнага Кіева, менавіта такі план ёсць у расейскага камандавання.

«Расея свядома стварае аснову для маштабнай катастрофы на поўдні Украіны. У нас ёсць інфармацыя, што расейскія тэрарысты замінавалі дамбу і агрэгаты Кахоўскай гідраэлектрастанцыі», – заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да Еўразвязу 20 кастрычніка.

Як сцвярджае ўкраінскае кіраўніцтва, Расея ўжо ўсё падрыхтавала для падрыву, прычым акцыя будзе праведзеная пад фальшывым сцягам, каб потым звінаваціць ва ўсім Украіну. Сцвярджаецца, што на ГЭС цяпер застаюцца толькі расейскія грамадзяне, увесь украінскі персанал прагналі.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што гэта можа прывесці не проста да знішчэння аб’ектаў інфраструктуры, а да катастрофы «неверагодных маштабаў» з вялікай колькасцю чалавечых ахвяраў. Зяленскі сцвярджае, што падрыў дамбы пацягне затапленне каля 80 населеных пунктаў і самога Херсону, у выніку чаго могуць пацярпець сотні тысячаў людзей. Акрамя таго, як кажа Зяленскі, без вады можа застацца значная частка паўднёвых рэгіёнаў Украіны, а Запарожская АЭС рызыкуе страціць рэсурсы для ахалоджання, бо вада для яе таксама бярэцца з Кахоўскага вадасховішча.

Зяленскі заклікаў міжнародную супольнасць «неадкладна дзейнічаць, каб у Расеі не было магчымасці зрэалізаваць гэтую катастрофу». «Патрэбная міжнародная назіральная місія на Кахоўскай ГЭС. Трэба вярнуць туды ўкраінскі персанал і забяспечыць неадкладнае і прафесійнае размінаванне агрэгатаў і дамбы», – сказаў ён.

Зяленскі паўтарыў свае засцярогі наконт падрыхтоўкі Расеяй тэхнагеннай катастрофы і ў відэазвароце ўвечары 20 кастрычніка.

«Усе еўрапейцы, усе лідары свету, усе міжнародныя арганізацыі – павінны даць зразумець дзяржаве-тэрарысту, што такі тэракт на Кахоўскай ГЭС будзе азначаць абсалютна тое ж, што і выкарыстанне зброі масавага знішчэння. І наступствы для Расеі павінны быць адпаведныя», – падкрэсліў ён.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што расейцы сапраўды могуць правесці аперацыю пад «фальшывым сцягам», каб абвінаваціць у падрыве ГЭС Украіну. Аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што адпаведны інфармацыйны фон Расея ўжо пачала ствараць.

Навошта знішчаць Кахоўскую ГЭС? Пры якіх умовах гэта можа адбыцца?

Размовы пра магчымую катастрофу на Кахоўскай ГЭС пачаліся на фоне пагаршэння сітуацыі для расейскага войска на Херсонскім фронце.

Аналітыка
Наступ ЗСУ, эвакуацыя і «няпростыя рашэнні». Што цяпер адбываецца на Херсоншчыне
2022.10.19 20:02

ЗСУ ўжо некалькі месяцаў метадычна наносіць удары па складах з боепрыпасамі, стацыянарных мастах і пантонных пераправах праз Дняпро, што прывяло да крызісу забеспячэння расейскай групоўкі пад Херсонам. Як паведамляла ў верасні аўтарытэтнае амерыканскае выданне «The New York Times», вайсковае камандаванне раней прасіла Крэмль адступіць з Херсону, каб арганізавана адвесці войскі, захаваць тэхніку і асабовы склад. Але тады Уладзімір Пуцін нібыта адмовіў сваім генералам з палітычных меркаванняў.

У кастрычніку сітуацыя для расейцаў яшчэ больш пагоршылася. Украінцы здолелі прарваць расейскую абарону на паўночным усходзе Херсоншчыны і прымусілі акупантаў адступіць, у тым ліку пакінуўшы стратэгічна важнае паселішча Давыдаў Брод. Украінскае камандаванне 9 кастрычніка заяўляла, што агулам з пачатку контрнаступу на Херсоншчыне ЗСУ вызвалілі больш чым 1170 км² тэрыторыі. Апошнія дні ЗСУ пачало аказваць ціск у кірунку Новая Каменка – Бэрыслаў, ствараючы пагрозу блакавання расейскай групоўкі.

Расейскія вайскоўцы ідуць ля Кахоўскай ГЭС. Херсонская вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: AP / East News

На гэтым фоне генерал Суравікін і заявіў пра імавернасць «няпростых рашэнняў», а мясцовая акупацыйная адміністрацыя абвесціла эвакуацыю цывільнага насельніцтва, і некаторыя Z-каналы пачалі асцярожна рыхтаваць сваю аўдыторыю да адступлення. Паводле ацэнак брытанскай выведкі, расейскае камандаванне цяпер усур’ёз разглядае магчымасць пакінуць правы бераг Дняпра. А пераправа праз раку ў такіх умовах – задача вельмі небяспечная.

Аналітыкі ISW адзначаюць, што расейскае камандаванне, імаверна, мяркуе, што разбурэнне дамбы дазволіць прыкрыць іх адступленне з Херсону і запаволіць далейшае прасоўванне ЗСУ.

«Крэмль можа паспрабаваць выкарыстаць такую атаку пад чужым сцягам, каб захіліць навіну аб трэцім ганебным адступленні расейскіх войскаў, на гэты раз з заходняй часткі Херсону. Такая атака таксама будзе садзейнічаць фальшывай інфармацыйнай аперацыі Расеі, якая выстаўляе Украіну тэрарыстычнай дзяржавай», – падкрэсліваюць у ISW.

Разам з тым, варта разумець, што такі крок будзе дорага каштаваць самой Расеі.

Па-першае, правы бераг Дняпра (дзе месціцца Херсон і дзе наступае ЗСУ) значна вышэйшы за левы бераг Дняпра, куды і будзе перапраўляцца расейскае войска ў выпадку адступлення. Менавіта на гэтым баку чакаюцца найбольш адчувальныя наступствы катастрофы.

Па-другое, Расея ў выпадку разбурэння дамбы пазбавіцца магчымасці забяспечваць Крым вадою з Дняпра праз Паўночна-Крымскі канал. А пераадоленне дэфіцыту пітной вады ў Крыме расейскія прапагандысты раней прэзентавалі як вялікае дасягненне гэтай ваеннай кампаніі.

Па-трэцяе, затапленне Херсоншчыны будзе перашкодай не толькі для далейшага наступлення ЗСУ, але і для магчымага контрнаступлення Расеі. То бок гэта будзе прызнаннем таго, што Крэмль ужо не разлічвае ў бліжэйшай будучыні зноў захапіць правы бераг Херсонскай вобласці, якую афіцыйна абвесцілі расейскай тэрыторыяй.

Усё гэта паказвае на тое, што Расея пойдзе на падрыў Кахоўскай ГЭС толькі ў крайнім выпадку, калі Херсонскі фронт цалкам абрынецца і расейцы не здолеюць зладзіць арганізаванага адыходу. Тады з’явіцца пагроза, што ЗСУ на плячах расейскай арміі, што адступае, спачатку пяройдуць на левы бераг Дняпра, а потым уварвуцца ў Крым (ад Новай Кахоўкі да Перакопу – каля 80 км). Каб пазбегнуць такога катастрафічнага сцэнару, Расея сапраўды можа пайсці на надзвычайныя крокі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў