Захады біялагічнай бяспекі і масавы падзеж свіней на Пружаншчыне, але афіцыйна чумы няма


Афіцыйна чыноўнікі ў Беларусі зняпраўджваюць паведамленні пра наяўнасць асяродкаў афрыканскай чумы свіней. У навінах дзяржаўных медыяў паведамляюць пра выяўленне небяспечнай хваробы ў суседніх краінах. Тым часам жыхары Пружанскага раёну на Берасцейшчыне паведамляюць пра паморак свіней на прыватных падворках. А мясцовы райвыканкам забараніў трымаць свіней у 40 вёсках раёну.

Свінні на ферме.
Фота: Кіраўскі райвыканкам

У Пружанах райвыканкам пастанавіў забараніць гадаваць свіней у прысядзібных гаспадарках больш як у 40 вёсках раёну. Афіцыйна тлумачыцца, што мэта гэткай пастановы – узмацніць біялагічную абарону трох буйных свінагадоўчых комплексаў: «Казлы» і «Клепачы» (належаць ААТ «Жураўлінае») ды комплекс «Бор-Ліпы» (належыць ААТ «Ружаны-Агра»).

Чыноўнікі пагражаюць вяскоўцам, якія не выконваюць забароны, штрафам да 30 базавых велічыняў (870 рублёў). Але гэтая пагроза шмат для каго неактуальная. У шмат якіх вёсках, як распавялі «Белсату» жыхары, свінні павыміралі ад невядомай хваробы.

«Вельмі шмат паздыхала свіней у вёсцы Папялёва. Прычым масава і практычна ўва ўсіх вяскоўцаў, якія трымалі жывёлу. У навакольных вёсках таксама чума проста выкасіла свіней. Шкада вельмі, калі падалі вялікія свінні, гэта ж страты, выгадаваць жывёлу сёння з улікам коштаў на харчы даволі дорага», – кажа жыхар Пружаншчыны.

Аб’ектыў
Расея забараніла беларускую свініну. Беларусы ядуць яе далей
2018.04.10 23:31

Паморак свіней на Пружаншчыне пачаўся яшчэ ў жніўні. Вяскоўцы лічаць, што чуму прынеслі дзікія жывёліны, якія выходзілі на палеткі, а потым пасля збору ўраджаю інфекцыя трапіла і да свойскіх свіней. Адметна, што свінні паміраюць нават у тых вёсках, якія не трапілі ў абмежавальны спіс.

«Практычна не засталося свіней у Хвалаве. Зараза скасіла ўсіх жывёлінаў. Іншыя вяскоўцы, якія планавалі гадаваць свіней, адмовіліся ад гэтага. Да таго ж ездзяць па вёсках кантралёры, правяраюць хлявы. Таму тыя, у каго засталіся свінні, павыразалі іх, цяпер хлявы пустыя. Толькі праз 6 месяцаў можна будзе завесці свіней ізноў», – кажа жыхар вёскі Хвалава.

Аб’ектыў
«Свінняў колькі мы забілі? А тысяч сем». Каля свінафермаў – блокпасты
2017.08.16 23:01

Пры гэтым, нягледзячы на такія сведчанні, афіцыйна пра асяродкі АЧС у Беларусі чыноўнікі не паведамляюць. У дзяржаўных СМІ кажуць толькі пра наяўнасць інфекцыі ў суседніх краінах. Тым не менш у кожнай вобласці ў аблвыканкамах ствараюць адмысловы штаб, што збіраецца кожныя чатыры месяцы і разглядае пытанні біялагічнай бяспекі.

Забарона гадаваць свіней на прысядзібных гаспадарках сведчыць пра наяўнасць чумы, лічыць ветэрынар з Берасця:

«Тое, што ў першую чаргу знішчаюць свіней у прыватных гаспадарках, прапісана даўно ў заканадаўстве. Праўда, прадугледжваецца і кампенсаванне. Але гэта ўжо іншае пытанне. Абмежавальная захада дазваляе захаваць пагалоўе свіней на вялізных комплексах. Вяскоўцы агулам трымаюць у рэгіёне дзясяткі тысяч галоваў свіней, у той час як на вялікіх комплексах пагалоўе дасягае сотні тысячаў, таму ў першую чаргу ў межах біялагічнай бяспекі ліквідуюцца магчымыя пагрозы і ўводзяць жорсткі кантроль, каб інфекцыя не трапіла звонку ў комплекс. Таму гэта нават правільна, што ў першую чаргу знішчаюць свіней у вясковых гаспадарках».

Вяскоўцы ў сваю чаргу абураюцца такім захадам. Шмат хто лічыць, што ўлады такім чынам штучна павышаюць кошты на свініну. Ветэрынар у сваю чаргу кажа, што ўладам надзвычай нявыгадна паведамляць пра наяўнасць інфекцыі ў Беларусі, бо мяса паступае на продаж у Расею. І калі з’явіцца інфармацыя пра чуму, то экспарт спыніцца.

Аднак, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага пацверджання, афрыканская чума ў Беларусі можа існаваць.

У верасні Telegram-канал «Беларусь за МКАДом» атрымаў дакумент Міністэрства сельскай гаспадаркі з грыфам «для службовага карыстання». Паводле дакументу, ува ўсіх вобласцях краіны выяўленыя прыкметы эпідэміі афрыканскай чумы ў свіней. Таксама зафіксаваныя выбухі птушынага грыпу і хваробы Ньюкасла ў прыватных гаспадарках і на прадпрыемствах. Жывёліны, якіх мусілі б утылізаваць, трапляюць у беларускія крамы і на экспарт.

У пачатку кастрычніка выданне zerkalo.io паведамляла, што ў мястэчку Жалудок Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласці ўзнік выбух афрыканскай чумы свіней. Мясцовыя жыхары даслалі відэа, на якім бачна, як некалькі дзясяткаў парсюкоў пішчаць у глыбокай яме і спрабуюць выбрацца адтуль. Галоўны ветэрынар раёну казаў тады, што насамрэч свінні здаровыя і няма нагоды хвалявацца.

Hавiны
У Беларусі «таемна» лютуе афрыканская чума свінняў – выцек дакумент Мінсельгасу
2021.09.10 11:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў