«У вас быў час бегаць са сцягамі, а ў мяне цяпер часу няма». Як у ізалятарах ставяцца да хворых на COVID-19


Умовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна пасля падзеяў 2020 года не перастаюць пагаршацца. У ЦІПе адмыслова ствараюцца «камфортныя ўмовы з разваротам на 180 градусаў», як казаў у нядаўнім зліве «Кіберпартызанаў» чалавек з голасам, падобным да намесніка начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Максімавіча. Акрамя антысанітарыі, адсутнасці матрацаў і перапоўненасці камераў, людзям не даюць належнай медычнай дапамогі. Усё гэта адбываецца на фоне чацвёртай хвалі пандэміі.

На мінулым тыдні стала вядома, што пасля адбыцця адміністратыўнага арышту на Акрэсціна ад наступстваў ковіду памерла 53-гадовая мянчанка Алена Амеліна. Жанчына заразілася ў ізалятары. Але колькі такіх выпадкаў насамрэч, невядома.

Адсутнасць перадачаў і перапоўненыя камеры

З кастрычніка на Акрэсціна не прымаюць перадачаў для затрыманых нібыта праз эпідэмічную сітуацыю з каронавірусам. Такая ж сітуацыя была і ў мінулым годзе. У ізалятары прымаюць толькі лекі, але не вядома, ці даходзяць яны да атрымальніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Праз адмову ў перадачах людзі не могуць атрымаць цёплых рэчаў, што пагаршае сітуацыю: захварэць цяпер значна лягчэй, асабліва ў камерах, дзе людзі вымушаныя спаць на падлозе. Таксама ў перапоўненых камерах большая верагоднасць захварэць на каронавірусную інфекцыю.

Затрыманых, якія прыбываюць у ІЧУ, а потым у ЦІП, ніяк не правяраюць на COVID-19. Яны не здаюць ПЛР-тэстаў, не сядзяць каранціну, так што пераносіць ковід можа абсалютна любы чалавек. А ва ўмовах, калі камеры перапоўненыя і адсутнічае вентыляцыя, гэта ўсё пагаршае сітуацыю з захворваннем на ковід.

Асноўныя лекі – парацэтамол

Паводле асобаў, якія адбылі адміністратыўны арышт на Акрэсціна, ува ўсіх камерах, дзе яны сядзелі, былі людзі з сімптомамі каронавіруснай інфекцыі, аднак ніхто з адміністрацыі не звяртаў на гэта асаблівай увагі. Пасля выхаду з ізалятару некаторыя здавалі ПЛР-тэсты ўжо самастойна, і вынікі былі станоўчыя.

«Трапіў на Акрэсціна ўлетку. Хварэюць усе. Я пасля выхаду ляжаў тыдзень у ГКБ, а потым яшчэ тры тыдні на бальнічным», – кажа чытач «Белсату» пра свае содні на Акрэсціна.

«Медычная дапамога ў ізалятары мінімальная, як і віды лекаў на розныя выпадкі захворванняў. Гэтак, асноўныя лекі пры сімптомах ковіду – парацэтамол. Антыбіётыкі даюць у крайніх выпадках, іх прыходзілася выбіваць», – распавядае чытач «Белсату».

Ленінскае РУУС
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

«Быў на Акрэсціна ў чэрвені – ліпені 2021 года. Ковід злавіў недзе праз дзён пяць, бо ў камеры былі хворыя. Нічым, акрамя парацэтамолу ды аспірыну, не збіраліся гэтага лячыць, нягледзячы на тое, што мы выразна казалі пра адсутнасць нюху і відавочную паводле адчуванняў высокую тэмпературу.

Артыкулы
«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»
2021.10.06 11:29

З двух медыкаў толькі адна жанчына прыслухалася і перавяла найгоршых у плане самаадчування ў асобную камеру, без перавышэння колькасці сядзельцаў. Другая казала: «У вас быў час бегаць па плошчах са сцягамі, а ў мяне на вас цяпер няма часу», – распавядае чытач «Белсату».

Затрыманая ў пачатку жніўня на 15 содняў жанчына распавяла, што захварэла на «карону» ў камеры, але медсястра таксама дала толькі парацэтамол, больш нічога:

«Праз знямогу я ўдзень клалася на ложак, чаго, паводле іхных правілаў, рабіць нельга было. У якасці пакарання мяне вывелі адну ў прагулачны дворык на 4 або 5 гадзінаў, дакладна не ведаю. Не магу сказаць, што гэта было страшнае пакаранне: яны прапаноўвалі дзяўчатам мыць калідоры за права пайсці на шпацыр, а я атрымала права прагулкі як пакаранне».

Зняволеныя кажуць, што, верагодна, усе змешчаныя ў камеры на Акрэсціна ў той ці іншай ступені цяжкасці перанеслі каронавірусную інфекцыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«У ліпені 2021 года была на Акрэсціна, там захварэла на ковід. Быў моцны насмарк і кашаль, прапаў нюх, з лекаў давалі толькі парацэтамол некалькі дзён і двойчы ад кашлю таблеткі. Пазней пачалі казаць, што лекі скончыліся, а калі будуць, не ведаюць. Адносна адсутнасці пахаў казалі, што гэта праз насмарк, і наагул калі насмарк ёсць, то гэта не ковід.

У камеры ў нас у той час, напэўна, усе перахварэлі на «карону»: у кожнага быў кашаль, тэмпература або і адно, і другое. Аднойчы жанчына нават прытомнасць страціла, але медсястра і наагул ніхто з работнікаў Акрэсціна нават не знайшлі часу яе агледзець», – згадваюць чытачы «Белсату».

Артыкулы
«Робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца». Што кажуць «палітычныя» пра ўмовы на Акрэсціна
2021.04.22 08:00

Такая абыякавасць з боку адміністрацыі і медыкаў назіраецца не толькі ў Менску на Акрэсціна, але і ў ізалятарах Баранавічаў ды Жодзіна, куды апошнім часам перавялі большую частку затрыманых у «справе Зельцара». Чытачы паведамляюць, што ў ІЧУ Баранавічаў на ковід хварэюць цэлымі камерамі, па 14 чалавек. А медычнай дапамогі могуць не даваць некалькі дзён.

У адрозненне ад ізалятараў часовага ўтрымання, інфармацыі пра каронавірус у СІЗА ці калоніях няшмат, але вядома, што фігуранты крымінальных справаў, якіх утрымліваюць у следчых ізалятарах, маюць магчымасць зрабіць прышчэпку, прынамсі ад сезоннага грыпу.

Інтэрв’ю
Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу
2021.10.11 16:28

АД belsat.eu

Стужка навінаў