У Беларусі абнавіўся антырэкорд у колькасці захварэлых на ковід за дзень

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 2097 новых выпадкаў інфікавання каронавірусам. Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 580 029 выпадкаў інфікавання каронавірусам. З іх ачунялі 552 415 пацыентаў.

За содні зафіксаваныя 17 смерцяў пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй.

Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі 4466 асобаў, сведчыць Міністэрства аховы здароўя.

Дактары: Чацвёртая хваля каронавіруса ў Беларусі нагадвае сітуацыю падчас першай хвалі ў Італіі ці Іспаніі

Афіцыйная статыстыка Мінздароўя наконт каронавіруса выклікае вялікі недавер у экспертаў і грамадскасці. Напрыклад, паводле звестак ААН, у красавіку – чэрвені 2020 года ў Беларусі анамальна вырасла смяротнасць: былі зафіксаваныя на 5600 смерцяў больш, чымся за год да таго. Менавіта на гэтыя месяцы прыйшоўся пік першай хвалі эпідэміі каронавіруса. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя на дзень 1 ліпеня 2020 года прызнала толькі 398 смерцяў ад COVID-19.

Сёлета журналісты тэлеканалу «Настоящее время» прааналізавалі звесткі, атрыманыя ад «Кіберпартызанаў», і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі з сакавіка 2020 года да сакавіка 2021-га ад каронавіруса залішняя смяротнасць склала 32 тысячы.

У верасні 2021 года ў Беларусь прыйшла чацвёртая хваля пандэміі каронавіруса. З канца жніўня Міністэрства аховы здароўя заяўляе пра больш як 1000 інфікаваных штодзень. За апошнія тыдні колькасць захварэлых стабільна складае каля 2 тысячаў штодзень, ужо некалькі разоў быў абноўлены антырэкорд за ўвесь час пандэміі ў Беларусі.

«У вас быў час бегаць са сцягамі, а ў мяне цяпер часу няма». Як у ізалятарах ставяцца да хворых на COVID-19

II belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны