Праз паўтара года зняволення ў «справе Ціханоўскага» выйшаў палітычны вязень Дзмітрый Фурманаў


Злева направа: Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. У Кастрычніцкім судзе Горадні, Беларусь. 11 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Дзмітрыя Фурманава выпусцілі з калоніі «Віцьба» ў Віцебску, паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Бацька Дзмітрыя Фураманава распавёў «Белсату», што «Дзіма пачувае сябе добра і практычна ўвесь час у калоніі прабыў у карцары, без лістоў і перадачаў».

Дзмітрыю Фурманаву прысудзілі 2 гады турмы за «арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Аднак пасля пераразліку паводле новага заканадаўства ягоны тэрмін скараціўся, дзякуючы чаму Фурманаў выйшаў з-за кратаў раней.

Дзмітрый быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.

Дзмітрый Фурманаў з бацькамі пасля вызвалення.
Фота: Радыё «Свабода»

Дзмітрыя затрымалі ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў 29 траўня мінулага года. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпу, Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Затым да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у бацькоў, якія таксама былі на пікеце.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Дзмітрыя Фурманава вязнем сумлення.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў