З расейскага палону вызвалілі некалькіх абаронцаў «Азоўсталі» і замежных вайскоўцаў


Палонных абмянялі на Віктара Медведчука, расейскіх лётчыкаў і чачэнцаў.

Вызваленныя з палону. Крыніца: Інсайдэр

Вечарам 21 верасня стала вядома, што кіраўнік патрульнай паліцыі Марыупалю Міхайла Вэршынін, парамедык медычнага батальёну «Гаспітальеры» Кацярына Палішчук (Пташка) і Міхайла Дзіянаў, вайсковец-кантрактнік, якія абараняў Марыупаль, апынуліся на волі. Імаверна, адбыўся абмен палоннымі. Нацыянальная грамадская тэлерадыёкампанія Украіны паведамляе, што абмен адбыўся ў Чарнігаўскай вобласці. Вызвалены знакаміты камандзір палка «Азоў» з пазыўным Рэдзіс.

Кацярына Палішчук (Пташка) пасля вызвалення з палону.
Фота: Уладзімір Золкін hromadske.ua

Паводле «Инсайдера», вызвалены таксама і знакаміты камандзір палка «Азоў» з пазыўным Рэдзіс.

Міхайла Дзіянаў пасля вызвалення з палону.
Фота: Уладзімір Золкін hromadske.ua

Палонных абмянялі на Віктара Медведчука, расейскіх лётчыкаў і чачэнцаў.

«Нарэшце мы змаглі вярнуць яшчэ частку абаронцаў Марыупалю, у прыватнасці, байцоў палка «Азоў». Сёння вечарам адбыўся абмен, якога мы так даўно чакалі. Абняць сваіх сяброў, пабрацімаў, якія нарэшце вярнуліся, – гэта найлепшыя эмоцыі, якія толькі могуць быць! Усе дэталі будуць пазней», – распавёў сукіраўнік палка «Азоў-Кіеў» Максім Жорын.

Таксама з расейскага палону былі вызваленыя 10 замежнікаў – амерыканскага (2 асобы), брытанскага (5 асобаў), харвацкага (адзін чалавек), мараканскага (адзін чалавек) і шведскага (адзін чалавек) паходжання. Пра гэта паведамляе Reuters. Брытанскі юрыст Робэрт Гэнрык заявіў, што сярод вызваленых быў Эйдэн Азлін (Aiden Aslin). Падчас вайсковых дзеянняў яго схапілі і прысудзілі да смяротнага пакарання ў «ДНР».

ВЯ belsat.eu

Стужка навінаў