У Расеі людзі мітынгуюць супраць мабілізацыі


У шэрагу расейскіх гарадоў людзі выйшлі на акцыі пратэсту супраць мабілізацыі. Паліцыя затрымлівае людзей і разганяе пікеты.

Расейскія медыі паведамляюць, што ў многіх гарадах распачаліся акцыі пратэсту супраць мабілізацыі, якую 21 верасня распачалі ўлады. Дзясяткі чалавек выйшлі на акцыі ў Іркуцку, Хабараўску, Якуцку, Томску, Краснаярску.





Паўсюль паліцыя пачала затрыманні людзей. На вуліцах у мінакоў сілавікі патрабуюць дакументы. Затрыманых шпурляюць у аўтазакі і вязуць у аддзелы паліцыі.

У 14 гарадах Расеі па стане на 18:00 паводле маскоўскага часу, сілавікі затрымалі 97 мітынгоўцаў, якія выйшлі на акцыі пратэсту супраць частковай мабілізацыі.

У Пецярбурзе на акцыю каля Ісакіеўскага сабора супраць мабілізацыі выйшлі некалькі дзясяткаў асобаў. Прысутных атачылі сілавікі. Людзей затрымліваюць.

Пазней колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту вырасла да некалькіх сот асобаў. Праваабаронцы паведамляюць, што на 20 гадзіну вядома пра 160 затрыманых.

Паліцыянты жорстка затрымліваюць людзей. Прычым сілавікі не цураюцца выкарыстоўваць сілу і супраць жанчын.

У Маскве паліцыя таксама атачыла людзей, якія выйшлі на акцыю пратэсту. Сілавікі хапаюць людзей. на 20 гадзіну вядома пра 136 затрыманых. На вуліцах сталіцы РФ сотні мітынгоўцаў.

На Арбаце людзі скандуюць «Пуціна ў акопы!»

На 21:12 гадзіну праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне больш за 910 асобаў у 38 гарадах.

У Калінінградзе дзясяткі людзей выйшлі на акцыю і на плошчы пачалі вадзіць хараводы. Сілавікі затрымлівалі удзельнікаў мерапрыемства.

У Пецярбурзе сілавікі зачышчаць плошчы, дзе збіраліся некаторыя з груп пратэстоўцаў. Паліцыя дзейнічае надзвычай жорстка, людзей б’юць аб асфальт і сцягваюць у аўтазакі. Праваабаронцы паведамляюць, што ў аўтазакі запіхваюць дзясяткі асобаў. Некаторыя моцна збітыя. Вядомыя выпадкі, калі ўдзельнікі акцыяў трацілі прытомнасць.

Медыі паведамляюць, што акцыі пратэсту ў Расеі завершыліся. Праваабаронцы падводзяць вынікі па затрыманнях. На 21:27 вядомыя прозвішчы затрыманых 1026 асобаў у 38 гарадах краіны.

Ініцыятары мітынгаў заклікаюць людзей па ўсёй Расеі а 19 гадзіне выйсці на плошчы гарадоў, каб выказаць сваё стаўленне адносна частковай мабілізацыі вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Каментар
Іван Прэабражэнскі: «Выступ Пуціна – тэлеспектакль, каб схаваць паразу»
2022.09.21 15:22

Алена Аляксандрава belsat.eu

 

 

Стужка навінаў