Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з прычыны магчымай мабілізацыі


Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала ўказ Уладзіміра Пуціна аб частковай мабілізацыі ў Расеі, выказалася наконт магчымага ўцягвання Беларусі ў вайну і звярнулася да беларускіх вайскоўцаў.

Светлана Тихановская, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Святлана Ціханоўская выступае на мітынгу. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Сёння Пуцін афіцыйна прызнаў, што жыццё чалавека нічога не каштуе, калі ягоная «спецаперацыя» за сем месяцаў не прывяла да поспеху. Вайсковая мабілізацыя толькі для віду названая частковай, у канчатковым выніку паміраць ні за што адправяць людзей незалежна ад узросту, прафесіі і вайсковага стажу. І цяпер галоўнае пытанне для нашай краіны, ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў», – зазначыла Ціханоўская.

Паводле яе, ні беларускае войска, ні беларускае грамадства не падтрымваюць вайну супраць Украіны, а ў беларусаў ніколі не было цягі да гвалту ці амбіцыяў заваёўваць чужыя тэрыторыі.

«Апошняя вайна, у якую былі ўцягнутыя беларусы, – гэта трагічны для народу і ганебны для ўлады досвед у Афганістане. Людзей адпраўлялі ваяваць дзеля невыразных палітычных мэтаў, а вярталіся яны адтуль у цынкавых дамавінах. Лукашэнка ўжо шмат разоў ішоў супраць волі народу, але калі ён адпраўляе беларусаў паміраць на вайне – гэта ўсё роўна, што ён заходзіць у дом кожнай беларускай сям’і і сваімі рукамі забівае бацьку ці сына.

Я заклікаю ўсіх беларусаў памятаць: гэты чалавек здаў частку суверэнітэту Беларусі. Ён не ў стане абараніць наш народ ад вайны, ён толькі ўцягвае нас у яе яшчэ больш. Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа трапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў», – заклікала Ціханоўская.

У выпадку мабілізацыі ў Беларусі Святлана Ціханоўская прапанавала наступнае: не выходзіць на сувязь з ваенкаматамі, калі яны будуць спрабаваць знайсці вас, часова змяніць месца жыхарства, калі трэба, і паспрабаваць запэўніць сваю бяспеку. Таксама паведамляць пра гэта медыям і актывістам. А тым, каго ўжо адправілі на вайну, – складаць зброю.

Таксама Ціханоўская заявіла, што ніводны беларус не мусіць паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі.

Абноўлена
Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю
2022.09.21 10:16

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў