Стала вядома, каго Лукашэнка пазбавіў вайсковых званняў. Сярод іх Сахашчык, Лебядок і Ціманоўская


Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падпісаў указ, якім пазбавіў вайсковых званняў і чыноў больш за 80 былых вайскоўцаў і работнікаў пракуратуры за ўчыненне злачынстваў, адміністратыўных правапарушэнняў і дыскрэдытоўных правінаў. Пералік размясцілі на Нацыянальным прававым партале.

Ва ўказ таксама ўключылі вайскоўцаў, «якія ў цяперашні час бяруць удзел ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыях іншых дзяржаваў».

Так, Лукашэнка пазбавіў званняў:

  • маёра Аляксандра Сахашчыка і ягонага бацьку, падпалкоўніка запасу Валерыя Сахашчыка, які быў прызначаны прадстаўніком у справе абароны і нацыянальнай бяспекі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце;
  • старшага лейтэнанта запасу і вайсковага эксперта Ягора Лебядка, які застаецца пад вартай, супраць яго распачалі крымінальную справу аб «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці»;
  • дарадца юстыцыі і прадстаўніка абʼяднання былых сілавікоў «BYPOL» Алег Талерчык;
  • прапаршчыка ўнутранай службы запасу і спартоўку Крысціну Ціманоўскую. Нядаўна яна атрымала польскае грамадзянства. На апошніх Алімпійскіх гульнях Ціманоўская заявіла, што беларускій НАК выкарыстоўвае спартоўцаў, выступіла з крытыкаю кіраўніцтва зборнай;
  • падпалкоўніка міліцыі запасу і беларускага фатографа Дзмітрыя Дзмітрыева;
  • юрыста 1 класу Яўгена Бабака. Яго прысудзілі да 4 гадоў калоніі паводле арт. 130 КК за распальванне варожасці і на падставе ч. 1 арт. 342 КК за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У спісе таксама ёсць былыя сілавікі, якія звольніліся падчас пратэстаў 2020 года і выступілі з крытыкай уладаў, беларусы, якія ваююць ва Украіне ў складзе палка Каліноўскага і былыя юрысты.

Hавiны
Больш за 80 былых сілавікоў пазбаўленыя званняў указам Лукашэнкі
2022.09.19 21:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў