Расейцы пабеглі, а ці не пабягуць цяпер беларусы? Паглядзелі сітуацыю на межах і ў білетных касах


Адказам на абʼяўленне «частковай мабілізацыі» стаў рэзкі рост папулярнасці ў пошукавых сістэмах запыту «як зʼехаць з Расеі». «Белсат» вырашыў прааналізаваць, а ці не кінуцца следам беларусы?
Мяжа Беларусі і Польшчы. Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: DW

Самы просты спосаб праверыць, ці ёсць нейкія панічныя настроі, гэта паглядзець на чэргі на памежных пунктах пропуску з Беларусі ў суседнія краіны Еўразвязу.

Паводле інфармацыі сайту Дзяржаўнага памежнага камітэту, па стану на 18 гадзін менскага часу на пунктах пропуску няма нічога надзвычайнага. На мяжы з Латвіяй чэргаў увогуле няма. У пунктах пропусках на мяжы з Літвой сітуацыя такая: у «Лошы» электронная чарга складае 30, у «Беняконях» – 70, у «Прывалцы» – 20, у «Катлоўцы» – 30 чалавек у чарзе. На памежных пераходах з Польшчай людзей трохі больш, але таксама карціна не выглядае надзвычайнай: у «Бераставіцы» – 110 чалавек, у «Берасці» – 150.

Чэргі на мяжы з Польшчай нязначныя. Скрыншот. Крыніца: Дзяржаўны памежны камітэт / gpk.gov.b

Нагадаем, што з 19 верасня пачала дзейнічаць забарона на ўезд расейцаў з шэнгенскімі візамі ў Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію. Таму ў чэргах на беларускай мяжы з краінамі ЕЗ пераважна грамадзяне Беларусі.

А што робіцца з білетамі? Аўтобусныя білеты ёсць на ўсе папулярныя кірункі. Так, на маршруты ў Варшаву і Вільню білеты з лёгкасцю можна набыць пачынаючы з 22 верасня коштам Br80 і Br40 адпаведна.

Што тычыцца авіяцыйных білетаў, то з імі складаней. Мы паглядзелі, куды б маглі паляцець беларусы перш за ўсё з дапамогай «Белавія» на сайце нацыянальнага перавозчыка.

Апошнім часам былі папулярнымі пералёты ў сталіцы і буйныя гарады былых савецкіх рэспублік, а таксама ў краіны, з якімі Беларусь (і Расея) мае лагодны візавы рэжым ці візы ўвогуле непатрэбны. У Нур-Султан (сталіца Казахстана на сайце яшчэ пад старой назвай) ёсць білеты на 22 верасня коштам €350, у Бухару можна паляцець 27 верасня за €316, у Стамбул «Белавія» магла яшчэ днём 21 верасня перавезці не раней за 28 верасня коштам €552. Пад вечар квіткоў не стала.

Білетаў на Стамбул ад «Белавія» на бліжэйшыя даты няма. Скрыншот. Крыніца: «Белавія» / belavia.by

Ёсць білеты ў аэрапорты Грузіі, але толькі на кастрычнік. Бліжэйшая даты вылету ў Тбілісі – 4 кастрычніка бізнес класам за €435, эканом квіткоў няма на гэты рэйс; толькі 5 кастрычніка можа адправіцца ў Кутаісі – за €330, а ў Батумі – 8 кастрычніка за €355.

Расейскі агрэгатар авіябілетаў «Авиасейлс» паказвае магчымасць вылецець па папулярных кірунках з Менску на бліжэйшыя дні. Але, напрыклад, у Стамбул на 23 верасня засталіся па аднаму білету на кожны рэйс. Самае галоўнае, што па большасці кірункаў адбыўся рэзкі рост кошту на пералёты. Так, калі ў Тбілісі праз сэрвіс 20 верасня можна было замовіць білеты коштам 57 733 расейскія рублі, то на 23 верасня ўжо за 384 800 расейскіх рублёў.

Кошт пералётаў у Тбілісі з Менску на «Авиасейлс» значна вырас. Скрыншот. Крыніца: сайт «Авиасейлс» / aviasales.ru

Кошт авіябілетаў у Стамбул 20 верасня складаў 23 056 расейскіх рублёў, 21 – 32 097 расейскіх рублёў, 22 – 84 297 расейскіх рублёў, 22 – 193 900 расейскіх рублёў. Стамбул – адзін з буйнейшых міжнародных авіявузлоў, адкуль можна набыць білеты на шматлікія кірункі і туды грамадзянаў Беларусі і Расеі пускаюць. І, дарэчы, бліжэйшая дата, на якую ёсць білеты на «Авиасейлс» з Менску ў Стамбул – 29 верасня.

Квіткі ў Стамбул з Менску таксама падаражэлі. Скрыншот. Крыніца: «Авиасейлс» / aviasales.ru
Такім чынам, маніторынг выявіў, што не бачна таго, каб беларусы кінуліся следам за расейцамі на выезд з краіны – чэргаў на наземных пунктах пропуску вялікіх няма, квіткі на аўтобусы можна набыць з лёгкасцю. А сітуацыя з авіяпералётамі, на наш погляд, тлумачыцца попытам на гэты від транспарту ў грамадзян Расеі. Адным з аргументам у карысць спакою беларусаў могуць быць заявы афіцыйнага Менску, што расейская мабілізацыя Беларусі і беларусаў не тычыцца.
Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў