«Прыкмета правалу Расеі»: як адрэагаваў свет на «псеўдарэферэндумы» ва Украіне і мабілізацыю ў РФ


Ранкам 21 верасня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін аб’явіў аб частковай мабілізацыі ў Расеі і прыгразіў заходнім краінам ядравай зброяй. «Гэта не блеф», – падкрэсліў кіраўнік расейскай дзяржавы. Напярэдадні паведамлялася аб намеры правесці на акупаваных тэрыторыях 23-27 верасня так званыя «рэферэндумы» аб далучэнні да Расеі.   Як на апошнія заявы адрэагавала Беларусь, Украіна ды краіны Захаду?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы тэрміновай службы выстройваюцца ў чаргу для адпраўлення з чыгуначнага вакзалу Екацярынбургу. 25 чэрвеня 2019 года.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Беларусь: Нам мабілізацыя не патрэбна, таму што мы і так мабілізаваныя

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфавіч, які знаходзіцца зараз у Маскве і сустракаецца з сакратаром Савету бяспекі Расеі Мікалаем Патрушавым, пераконвае, што беларускі рэжым не будзе аб’яўляць мабілізацыю ўслед за Расеяй.

«Мабілізацыя – гэта не пра нас, народ Беларусі і краіна мабілізаваны і так. І гатовы, вядома, не дай бог, даць адпор тымі сіламі і сродкамі, якія для гэтага прызначаны», – перадае яго словы дзяржаўнае інфармацыйнае агенства.

Расея: уцёкі і анансаваныя пратэсты

Пасля абʼяўлення Пуціным мабілізацыі ў Расеі, расяяне пачалі масава скупляць авіябілеты ў краіны з бязвізам для грамадзян РФ, у тым ліку і ў Беларусь.

Актывісты руху «Вясна» заклікаюць расяян выйсці на акцыю пратэсту а 19:00 у цэнтры сваіх гарадоў. Адзін з лозунгаў пратэсту – «Не магілізацыі!».

«Тысячы расейскіх мужчын – нашых бацькоў, братоў і мужоў – будуць кінуты ў мясасечку вайны. За што яны будуць паміраць? За што маці і дзеці будуць праліваць слёзы?».

Патрыярх РПЦ Кірыл на фоне абʼяўленай частковай мабілізацыі для вайны ва Украіне заклікаў не лічыць украінцаў ворагамі.

«Мы ведаем, якая небяспека навісла над украінскім народам, які спрабуюць перафарматаваць, з часткі святой адзінай Русі зрабіць дзяржавай, адваротнай гэтай Русі, варожай у адносінах да Расеі».

Але нягледзячы на гэта, гаворыць кіраўнік РПЦ «вельмі важна, каб у нашых сэрцах не ўзнікала гэтага пачуцця, што там вораг».

Украіна: Пагрозу можна ліквідаваць толькі сілай

«Ні фэйкавыя «рэферэндумы», ні гібрыдная «мабілізацыя» у РФ нічога не зменяць – Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе ў далейшым вызваляць іх. Расея як была, так і застаецца дзяржавай-агрэсарам, якая незаконна акупіруе частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе ў далейшым вызваляць іх, што б там ні казалі ў Расеі», – пра гэта заявіў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба ў сваім Тўітэры.

На сайце Міністэрства замежных спраў Украіны адзначаецца, што краіна «уважліва сочыць за намерамі РФ правесці так званыя рэферэндумы на часова акупаваных тэрыторыях Украіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Pab / TASS / Forum

«Такія фэйкавыя плебісцыты не будуць мець ніякіх юрыдычных наступстваў і не зменяць адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і міжнародна прызнаных межаў Украіны. Ні Украіна, ні міжнародная супольнасць не прызнаюць іх нікчэмныя вынікі», – адзначылі ў міністэрстве.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у Тэлеграм адзначае, што «Украіна вырашыць расейскае пытанне. Пагрозу можна ліквідаваць толькі сілай».

«Наіўны шантаж пагрозамі і страшылкамі «рэферэндумаў», «мабілізацый» ад тых, хто ўмее ваяваць толькі з дзецьмі і мірнымі людзьмі», – лічыць ён.

Андрэй Ярмак падкрэсліў, што «гэтак выглядае страх разгрому. Вораг баіцца і прымітыўна маніпулюе».

Міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заклікае ўкраінцаў на часова акупаваных тэрыторыях не ўдзельнічаць ні ў якіх «рэферэндумах».

ЗША і НАТА: Гэта – далейшая эскалацыя пуцінскай вайны

ЗША асудзілі планы Расеі па правядзенні рэферэндумаў ва Украіне і ніколі не прызнаюць анексію Расеяй украінскай тэрыторыі. Пра гэта заявіў журналістам дарадца прэзідэнта Джо Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Ён сказаў, што Масква, магчыма, ідзе на гэты крок, каб правесці мабілізацыю войскаў у гэтых абласцях пасля таго, як Расея панесла вялікія страты на полі бою.

Саліван назваў рэферэндумы абразай прынцыпаў суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і паведаміў, што ў сераду прэзідэнт Джо Байдэн падчас выступу на Генеральнай Асамблеі ААН выкажа «рашучы папрок» у адрас Расеі за развязаную ёю вайну супраць Украіны.

«ЗША ніколі не прызнаюць дамаганняў Расеі на любыя нібыта анексаваныя часткі Украіны. Мы ніколі не прызнаем гэтую тэрыторыю нічым іншым, акрамя як часткай Украіны. Мы безумоўна асуджаем дзеянні Расеі», – сказаў Саліван.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен асудзіў намеры Расеі анексаваць акупаваныя тэрыторыі Украіны шляхам правядзення псеўдарэферэндумаў, падкрэсліўшы, што гэты крок і намеры мабілізаваць яшчэ большыя рэзервы зʼяўляюцца абуральным грэбаваннем да прынцыпаў ААН, а таксама сігналам аб «правале РФ».

Тым часам намеснік дырэктара ЦРУ Дэвід Коэн выказаўся аб тым, як ЗША ацэньваюць магчымае прымяненне Расеяй ядравай зброі:

«Я думаю нам не варта недаацэньваць ні прыхільнасць Пуціна да сваіх першапачатковых планаў уварвання, якія заключаліся ў тым, каб узяць Украіну пад кантроль, ні яго схільнасць да рызыкі».

Разам з тым Коэн дадаў, што з боку Расеі «мы пакуль не бачылі ніякіх дакладных планаў па прымяненні зброі масавага знішчэння».

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг напісаў у Тўітэры, што запланаваныя «рэферэндумы» не будуць мець ніякай легітымнасці і не змяняюць характар агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, і таксама заклікаў міжнародную супольнасць да пашырэння дапамогі Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчаныя расейскія аўтамабілі ў сяле Савінцы, Украіна. 21 верасня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

«Гэта – далейшая эскалацыя пуцінскай вайны. Міжнародная супольнасць павінна асудзіць гэта абуральнае парушэнне міжнароднага права і ўзмацніць падтрымку Украіны», – заявіў Столтэнберг.

Еўразвяз: Асуджэнне Расеі, непрыманне вынікаў «рэферэндумаў» і новыя санкцыі

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль заявіў, што Еўрапейскі Звяз і яго дзяржавы-члены ніколі не прызнаюць вынікі псеўдарэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны, а супраць Расеі могуць быць уведзены дадатковыя санкцыі, перадае агенцтва «Ройтэрз».

Барэль назваў «рэферэндумы» спробай Расеі легітымізаваць свой незаконны ваенны кантроль, накіраваны на сілавое змяненне межаў Украіны, што зʼяўляецца яўным парушэннем Статуту ААН і незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

«Еўрапейскі Саюз рашуча асуджае гэтыя запланаваныя незаконныя «рэферэндумы», якія супярэчаць законнай і дэмакратычна абранай украінскім уладам, парушаюць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і зʼяўляюцца грубым парушэннем міжнароднага права. Вынікі такіх дзеянняў будуць несапраўдныя і не будуць прызнаныя ЕЗ», – падкрэсліў ён.

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ падкрэсліў, што Расея запалохвала і пераследавала насельніцтва акупаваных ёю тэрыторый, абмяжоўвала доступ да інтэрнэту і СМІ і карала за супрацьлеглыя погляды, таму псеўдарэферэндумы там нельга назваць «вольным волевыяўленнем людзей».

«Расея, яе палітычнае кіраўніцтва і ўсе датычныя да гэтых «рэферэндумаў» і іншых парушэнняў міжнароднага права ва Украіне будуць прыцягнуты да адказнасці, а таксама будуць разгледжаны дадатковыя абмежавальныя меры супраць Расеі», – запэўніў Барэль.

Генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч заявіла, што псеўдарэферэндумы пад пулямі аўтаматаў акупацыйных сіл Расеі і з парушэннем асноўных дэмакратычных прынцыпаў не могуць быць ні прыняты, ні прызнаныя. Яна падкрэсліла, што Рада Еўропы «адпрэчвае гэтую насмешку з дэмакратыі і пацвярджае сваю прыхільнасць незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў».

Старшыня Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен назвала «непрымальнымі» рэферэндумы аб далучэнні да Расеі.

«Мы ніколі не прызнаем спробы Расіі ўзаконіць незаконную і бязлітасную акупацыю ўкраінскіх тэрыторый», – заявіла фон дэр Ляен у размове з карэспандэнтам нямецкага інфармацыйнага агенцтва DPA.

Паводле слоў фон дэр Ляен, гэтая «цалкам непрымальная» спроба змяніць межы Украіны «зʼяўляецца відавочным парушэннем Статуту ААН, а таксама незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Роберта Метсола таксама пракаментавала сітуацыю, заявіўшы, што «ніякі фіктыўны рэферэндум не зменіць пазіцыю Еўропы ў дачыненні да Украіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасці». Метсола сказала пра гэта ў сваім Тўітэры, падкрэсліўшы, што гэты манеўр Крамля не зменіць «таго факта, што менавіта Расея ўварвалася ў суверэнную Украіну».

Краіны Захаду: Расея пачала прайграваць, Україна павінна перамагчы

Прызнаваць планаваныя расейскімі ўладамі «рэферэндумы» адмовіліся і іншыя сусветныя лідары. Заходнія саюзнікі Украіны назвалі планы Расеі правесці рэферэндумы аб анексіі чатырох абласцей Украіны «фокусам» і спробай вярнуць сабе ініцыятыву пасля баявых страт.

Германія не прызнае вынікі «рэферэндумаў» у акупаваных рэгіёнах Украіны, заявіў канцлер ФРГ Олаф Шольц. Паводле яго слоў, «цалкам зразумела, што гэтыя фіктыўныя «рэферэндумы» непрымальныя», а ўмовы іх правядзення не адпавядаюць міжнародным правам і дамоўленасцям, дасягнутым міжнароднай супольнасцю.

20 верасня Шольц выступіў на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, дзе абвінаваціў Пуціна ў «непрыкрытым імперыялізме». Паводле слоў Шольца, «захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны нічым не апраўдана. Прэзідэнт Пуцін вядзе яе з адной адзінай мэтай – завалодаць Украінай, «не лічачыся з такімі каштоўнасцямі, як самавызначэнне і палітычная незалежнасць». «Для гэтага існуе толькі адно слова: непрыкрыты імперыялізм», – падкрэсліў канцлер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці гуляюць у мяч перад Дзяржаўным тэатрам оперы і балета імя Чайкоўскага з сімвалам «Z» на сцяне ў падтрымку расейскіх узброеных сіл у горадзе Іжэўск.
Фота: Alexey Malagavko / Reuters / Forum

Ён назваў анансаваныя псеўдарэферэндумы РФ новым вітком эскалацыі расейскай агрэсіі, паколькі далей Расея можа назваць украінскае контрнаступленне «нападам на сябе».

«Калі мы хочам, каб вайна Пуціна скончылася – мы не можам быць абыякавымі да таго, як менавіта яна скончыцца. І таму мы не прымем міру, прадыктаванага Расеяй, і не будзем прызнаваць ніякіх псеўдарэферэндумаў. Таму Украіна павінна быць здольная абараняцца ад расейскага ўварвання. Мы падтрымліваем Украіну ў гэтым усімі нашымі сіламі: фінансава, эканамічна, гуманітарна, а таксама зброяй», – Падкрэсліў Олаф Шольц.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што рэферэндумы ў акупаваных Расеяй абласцях Украіны не будуць прызнаны міжнароднай супольнасцю

«Калі б ідэя рэферэндуму ў Данбасе не была такой трагічнай, яна была б смешнай», – сказаў Макрон, выступаючы перад журналістамі ў Нью-Ёрку.

Ён дадаў, што прапановы аб рэферэндуме на ўсходзе Украіны зʼяўляюцца яшчэ адной правакацыяй з боку Расеі.

«Я думаю, што тое, што было абвешчана Расеяй, – гэта пародыя, – сказаў Макрон. – Гэта цынізм, і відавочна, што (гэтыя дзеянні) не будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю».

«Расея пачала вайну, уварвалася ў гэты рэгіён, бамбіла людзей, прымушала іх бегчы, а зараз кажа, што ў гэтым самым рэгіёне яна збіраецца арганізаваць рэферэндум», – падкрэсліў Макрон.

Прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы прыводзіць словы літоўскага кіраўніка:

«Тое, што Расея робіць у Данецку, Луганску і на іншых акупаваных тэрыторыях Украіны, – гэта пародыя на дэмакратыю, гэта спроба схаваць сапраўдную асобу таталітарнага рэжыму. Гэтыя рэгіёны былі і будуць украінскімі, і расейскія фіктыўныя рэферэндумы незаконныя. Літва ніколі іх не прызнае».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў падчас візіту ў Нью-Ёрк на Генеральную Асамблею ААН, што «рэферэндумы нічога не вартыя – праўда ў тым, што вынік вызначаецца ў Крамлі, а не галасаваннем».

Міністр абароны Велікабрытаніі Бэн Уолес заявіў, што апошнія крокі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна дэ-факта зʼяўляюцца прызнаннем з яго боку, што Расея пачала прайграваць.

«Парушэнне прэзідэнтам Пуціным уласных абяцанняў не мабілізаваць уласнае насельніцтва, як і супрацьпраўная анексія тэрыторый Украіны – гэта прызнанне, што яго ўварванне правальваецца. Ён, разам з міністрам абароны, адправіў дзясяткі тысяч сваіх грамадзян на смерць, дрэнна абсталяваных і пад дрэнным кіраўніцтвам. Ніякія пагрозы і прапаганда не могуць схаваць таго факту, што цяпер Украіна выйграе ў вайне, міжнародная супольнасць абʼяднана, а Пуцін становіцца глабальнай праблемай», – гаворыцца ў заяве Бэна Уоллеса, апублікаванай у Тўітэры Мінабароны Велікабрытаніі.

Міністры замежных спраў Латвіі і Эстоніі таксама адрэагавалі на апошнія заявы прэзідэнта РФ.

«Мы не павінны паддавацца на шантаж, і павінны падтрымліваць Украіну, наколькі можам. Расея зараз зʼяўляецца такой жа пагрозай для міру ў Еўропе і ўсім свеце, як нацысцкая Германія ў мінулым стагоддзі», – адрэагаваў міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына праходзіць міма жылога будынку ў Лісічанску.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Ён таксама сказаў, што Латвія з меркаванняў бяспекі не будзе выдаваць гуманітарныя візы расейцам, якія ратуюцца ад прымусовай мабілізацыі, а таксама не будзе мяняць абмежаванні на перасячэнне мяжы для грамадзян Расеі з шэнгенскімі візамі, уведзеныя з 19 верасня.

Ён заклікаў міжнародную супольнасць адрэагаваць на запланаваныя фэйкавыя «рэферэндумы» РФ новымі санкцыямі і вялікай колькасцю зброі для Украіны.

«На вядзенне генацыдальнай вайны супраць Украіны кінуць яшчэ больш людзей і ваеннай тэхнікі. Гэта адчайны, панічны і дурны крок. Эстонія і Еўропа будуць падтрымліваць Украіну», – заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адрэагаваў на намеры Крамля анексаваць акупаваныя тэрыторыі Украіны пасля псеўдарэферэндумаў.

«У 1940 годзе нелегітымны расейскі рэферэндум пачаў для маёй краіны дзесяцігоддзі тэрору, заваявання і беднасці. Гэта ўсё, што я хачу сказаць аб незаконных расійскіх рэферэндумах», – напісаў ён.

У сувязі з мабілізацыяй у Расеі сілы хуткага рэагавання Літвы прыведзены ў павышаную гатоўнасць.

Саша Гоман   belsat.eu

Стужка навінаў