Праваабаронца: Няма захадаў, каб пазбегнуць затрымання па вяртанні з-за мяжы, да гэтага можна толькі падрыхтавацца


Даволі часта ў інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца паведамленні пра затрыманне асобаў, якія з-за мяжы прыехалі на радзіму. Праваабаронцы ў размове з «Белсатам» кажуць, што насамрэч няма магчымасці загадзя даведацца ў сілавікоў пра наяўнасць крымінальнай справы. Таму кожны мусіць ацэньваць рызыкі і быць гатовым да найгоршага, калі ёсць неабходнасць вярнуцца ў Беларусь.

СІЗА № 6. Баранавічы, Беларусь. 12 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У жніўні праваабаронцы паведамілі пра затрыманне ў Горадні Паўла Мажэйкі. Вядома, што журналіст быў за мяжой. У Беларусь прыехаў праз асабістыя справы. Яго затрымалі, у кватэрах родных учынілі ператрусы. Цяпер Павел у СІЗА Горадні. Што сталася прычынаю для затрымання і ў чым яго вінавацяць, невядома.

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст «Белсату» Павел Мажэйка пасля трох содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Гучная гісторыя адбылася з 37-гадовай Вольгаю Манкевіч, якая ужо доўгі час жыве ў Андоры. У жніўні яна прыехала ў родныя Баранавічы, каб наведаць магілку мамы. Сілавікі схапілі жанчыну проста на вакзале і змясцілі ў СІЗА. Жанчыну  абвінавачвалі па ч. 1 арт. 368 КК РБ («Абраза Лукашэнкі»). Аднак, як стала вядома, яна змагла адкупіцца і ужо знаходзіцца на волі. У інтэрв’ю каналу «Обычное утро» Вольга Манкевіч распавяла, што гэта каштавала ёй 24 тысячы еўра, якія у былі перададзены «у канверце» нейкім адказным службовым асобам.

Вольга Манкевіч.
Фота: viasna_brest / Telegram

Такіх прыкладаў даволі шмат. Вядома толькі, што затрыманне адбываецца не адразу ж пасля мінання мяжы, а ўжо пасля таго, як чалавек прыбыў у родны горад. Юрысты ў размове з «Белсатам» выказваюць меркаванне, што пасля таго, які сілавікі ад памежнікаў атрымліваюць інфармацыю пра мінанне мяжы пэўнай асобаю, яны пачынаюць правяраць і на падставе наяўных звестак распачынаюць справу, затрымліваюць чалавека.

Але ў любым выпадку даведацца пра наяўнасць або адсутнасць крымінальнай справы з-за мяжы перад вяртаннем у Беларусь няма магчымасці.

«Наколькі мне вядома, дакладных спосабаў даведацца пра наяўнасць або адсутнасць супраць самога сябе крымінальнай справы, не існуе. Калі чалавек ведае, што супраць яго завялі крымінальную справу, значыць, што ён бачыў паперы або яму сказалі пра гэта працаўнікі праваахоўных органаў. Далей жа пачынаецца шэрая зона. Наколькі я ведаю, ёсць некаторыя базы МУС, узламаныя і спампаваныя Кіберпартызанамі. Але гэтыя звесткі актуальныя на момант узлому. Там інфармацыя не абнаўляецца», – кажа Наталля Сацункевіч, праваабаронца «Вясны».

Hавiны
Каму пагражае завочнае пакаранне ў Беларусі, і ці атрымаецца «перасядзець» за мяжою?
2022.07.22 14:15

Праваабаронцы кажуць, што перад вяртаннем на радзіму кожнаму цяпер варта самастойна ацэньваць ступень рызыкі, бо толькі ён ведае, што адбывалася.

«Людзям, якія едуць у Беларусь, асабліва калі раней былі затрыманні за ўдзел у пратэстах, варта рыхтавацца, што на мяжы будзе паглыблены агляд асабістых рэчаў, таксама могуць папрасіць паказаць тэлефон. Гэта ў прынцыпе не зусім працэсуальна, але людзі звычайна пагаджаюцца, бо так прасцей і хутчэй. Таму варта быць да гэтага гатовым», – раіць праваабаронца.

Юрысты адзначаюць, што да такога варта рыхтавацца перад паездкай у Беларусь, праглядаць і падпіскі ў Telegram-каналах. Сілавікі даволі часта хапаюць людзей, якія падпісваюцца на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а ў Беларусі цяпер практычна ўсе незалежныя выданні прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Сілавікі правяраюць дакументы 26 сакавіка 2021.
Фота: падпісанты «Белсат»

Падставаю да затрымання могуць стаць нават фотаздымкі. Прычым можна трапіць у такім выпадку як пад адміністратыўную, так і крымінальную адказнасць.

«Важна разумець, што ўдзел у маршах пратэстаў у жніўні і ўвосень 2020 года трактуецца як удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а гэта адказнасць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Мы бачым, што штомесяц затрымліваюцца дзясяткі асобаў, менавіта па падзеях 2020 года», – распавядае Наталля Сацункевіч.

Калі чалавек лічыць, што можа прыцягнуць увагу сілавікоў, то перад паездкай у Беларусь варта таксама пачытаць, як сябе паводзіць падчас затрымання, як адбываецца ператрус, звяртае ўвагу праваабаронца. Варта звярнуць увагу на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх, то бок не казаць таго, што потым будзе выкарыстана ў якасці доказаў віны. Перад вяртаннем у Беларусь і пры рызыцы затрымання варта паразмаўляць са знаёмымі, роднымі, каб яны ведалі, праз які пункт пропуску вы едзеце, каб ведалі, дзе вас шукаць. Таксама трэба даведацца пра адвакацкую дапамогу, як знайсці адваката ў выпадку затрымання.

«Некаторыя маюць у сваіх сацсетках фотаздымкі з маршаў пратэсту, прычым у публічным доступе. Некаторыя некалькі разоў ездзяць у Беларусь і вяртаюцца, але ў выніку трапляюць за краты. Таму тут усё вельмі адносна. Гэта асабістая зона адказнасці і варта быць гатовым да любога развіцця падзеяў», – кажа суразмоўца «Белсату».

Артыкулы
Юрыст: Паўторнае затрыманне пасля «содняў» – гэта катаванне і парушэнне закону
2022.01.18 07:30

Падчас мінання мяжы не можна мець нейкія забароненыя рэчывы пры сабе. Бо, напрыклад, адносна часта едуць з Літвы, у якой у свабодным продажы ёсць прадукты з каноплямі, тая ж гарбата, звяртае ўвагу Наталля Сацункевіч. У напоі, вядома, няма наркатычных рэчываў. Але гэта трактуецца як спроба перавезці забароненыя рэчы праз мяжу, і ў выніку чалавека здымаюць з аўтобуса, складаюць пратакол, потым робяць экспертызу і разглядаюць адміністратыўную справу ў судзе. У такіх выпадках не кідаюць за краты, але гэта адбірае даволі шмат часу, сілаў і нерваў, кажа праваабаронца.

Спадзявацца, што праз тэрмін даўніны пераслед спыніцца, не выпадае. Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, вызваленне ад крымінальнай адказнасці адбываецца праз 2 гады ў выпадку здзяйснення злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, 5 гадоў – пры здзяйсненні менш цяжкага злачынства, праз 10 гадоў – пры здзяйсненні цяжкага злачынства. Але пры гэтым тэрмін даўніны прыпыняецца, калі асоба, якая ўчыніла злачынства, хаваецца ад органу крымінальнага пераследу або суда. У гэтых выпадках пачатак тэрмінаў даўніны аднаўляецца з дня затрымання асобы або яўкі яго з прызнаннем.

Артыкулы
«Можна трапіць у турму». Уцекачы не могуць развітацца з памерлымі роднымі ў Беларусі
2022.01.26 17:49

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў