«Не – магілізацыі!» Расейская актывістка расказала, чаму грамадзяне РФ выйдуць сёння на пратэст


Як адрэагавалі грамадзяне Расеі на заяву Уладзіміра Пуціна аб «частковай мабілізацыі» і ці шмат расейцаў выйдуць пратэставаць, «Белсату» расказала актывістка арганізацыі «Восьмая инициативная группа» з Санкт-Пецярбургу.

Антываенны мітынг у Маскве.
Фота: Reuters

– Што дачыць кола блізкіх да мяне людзей, мы сапраўды ў шоку. Гэта жах! Спрабуем аператыўна наладзіць працу для распаўсюду інфармацыі. У тым ліку – пра акцыі пратэсту, якія сёння прызначаныя ў розных гарадах на 19:00 маскоўскага часу. Спрабуем каардынавацца. Плануем, якія яшчэ можна зрабіць захады. Але асноўнае – сённяшні мітынг – а 19:00.

«Ісці на вайну страшней, чым быць затрыманым АМАПам»

«Белсат»: Мяркуеце, сёння будзе горача ў расейскіх гарадах, народ выйдзе пратэставаць?

– Маем чаканні, што сёння народ дакладна будзе на вуліцах. Я думаю, што мы прыйшлі ўжо да такога пункту, калі людзі выйдуць. Чаму? Бо ісці на вайну страшней, чым быць затрыманым АМАПам. Мы рыхтуемся да вялікай колькасці людзей на акцыі.

З пачатку вайны ў нас былі нейкія чаканні пратэстаў, але яны не цалкам апраўдаліся. Але цяпер заклік пратэставаць падтрымала велізарная колькасць вельмі розных аб’яднанняў з вялікай аўдыторыяй, такіх, як «Соратники Навального», нейкія рэгіянальныя рухі, напрыклад, «Азиаты России», шэраг рэгіянальных ініцыятываў.

– Пратэст зможа адмяніць мабілізацыю?

– Нават калі будзе вялізная колькасць людзей – гэта не закончыць імгненна ні мабілізацыі, ні вайну. Але гэта можа стаць вялікім крокам да арганізаванага супраціву. Частку затрымаюць, гэта абсалютна відавочна. Распачнуць нейкія новыя справы. Але сэнс пратэсту не ў тым, каб нешта змяніць цяпер, а каб пачаць рухацца да нізавой самаарганізацыі. Я спадзяюся, што ў Расеі будзе сёння той дзень, калі мы зробім вялікі крок да фармавання адзінага расейскага антываеннага пратэсту.

«Усе не з’едуць»

– Шайгу казаў пра 300 тысяч рэзервістаў. Колькі павінна выйсці, каб зрабіць такі крок і каб кіраўніцтва РФ зразумела нарэшце, што не ўсе расейцы хочуць гэтай вайны?

– Зразумеюць яны ці не зразумеюць – гэта ніяк не паўплывае на сітуацыю. Яны могуць пабачыць, што наагул ніхто з грамадзянаў не хоча вайны, але і гэта не стане для іх аргументам. Бо яны пераследуюць выключна свае інтарэсы. Меркаванне грамадзянаў не ўлічваецца. Але яны могуць спалохацца. Выйдзе 10 тысяч – не асабліва спалохаюцца, выйдзе сто тысяч – троху больш, а выйдуць мільёны – вельмі моцна спужаюцца. Але важнейшы, як я і казала, не іхны страх, а тое, што мы зладзім масавы рух, які з часам прывядзе да рэальных вынікаў і да зменаў.

– Ці адчуваецца сярод звычайных людзей паніка? СМІ паведамляюць пра выкупленыя білеты на вакзалах і ў аэрапортах. Грамадзяне Расеі пабеглі ад мабілізацыі?

– Так, паніка адчуваецца. І гэта натуральна. Але я б сказала, што зʼехаць – гэта такі прывілей. Уцёкі даступныя цяпер далёка не кожнаму расейцу. Гэта па-першае. Па-другое, маладых людзей ужо не выпускаюць і, хутчэй за ўсё, ужо не выпусцяць. У кожным разе – усе не зʼедуць. Выедзе вельмі малая частка.

Я пра што? Ёсць тры рэакцыі на небяспеку: бі, замры, бяжы. Дык «замры» ўжо не працуе, «бяжы» – не ўсім даступна, таму «бі» – гэта адзінае, што нам засталося.

«Людзі не хочуць паміраць»

– Ці сутыкаліся сёння з людзьмі, якія ўспрынялі заявы Пуціна і Шайгу з энтузіязмам?

– Сярод маіх знаёмых няма такіх, хто б падтрымліваў гэтую вайну. Такіх людзей у Расеі стала нашмат менш, калі параўноўваць з пачаткам вайны ва Украіне напрыканцы лютага.

Антываенная акцыя ў Маскве, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У чым рэч? Я мяркую, што людзі падтрымліваюць вайну да таго моманту, пакуль яна не закранае іх асабіста. Жанчына перадпенсійнага веку, якая глядзіць тэлевізар, можа цешыцца тым, што кагосьці там забіваюць. Але калі сёння ці заўтра прызавуць ейнага сына, гэтая радасць знікне. Я думаю, менавіта таму расейскія ўлады і пазбягалі мабілізацыі да самага апошняга. Бо калі пагоняць на вайну палкай, абурацца ўсе, хто б там што ні думаў да гэтага пра Украіну.

І вось цяпер ім прыперла, і я думаю, што наступствы гэтага будуць для Пуціна насамрэч негатыўныя. Таму што людзі не хочуць паміраць…

– Ці звяртаюцца да вас па дапамогу патэнцыйныя прызыўнікі, і што вы ім раіце?

– Перанакіроўваем іх да абʼяднанняў, якія даюць прафесійныя юрыдычныя кансультацыі. Назаву тут толькі некаторыя з іх – гэта рух «Гражданин и Армия», таксама – «Движение сознательных отказчиков», гарачая лінія «Призыв к совести», праект «Школа призывника» ды іншыя.

У сувязі з заявай Уладзіміра Пуціна аб «частковай мабілізацыі» антываенныя арганізацыі Расеі абвесцілі 21 верасня акцыі пратэсту ў 43 гарадах краіны. У Маскве шэсце пройдзе па Старым Арбаце, у Санкт-Пецярбурзе – па Неўскім праспекце. Пратэсты будуць праходзіць пад лозунгам «Не – магілізацыі».

Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў