Міністр абароны Расеі: 300 тысяч рэзервістаў будуць прыцягнутыя на вайну з Украінай


Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас свайго выступу пасля прамовы Уладзіміра Пуціна, у якой кіраўнік РФ паведаміў пра частковую мабілізацыю, заявіў, што будуць прыцягнутыя 300 тысяч рэзервістаў.

Сяргей Шайгу. 
Фота: Прэс-служба Мінабароны РФ

Як заявіў Шайгу, мабілізацыя праводзіцца для замацавання і кантролю над лініяй фронту. Ён растлумачыў таксама, каго закране частковая мабілізацыя. Гэта тыя, хто ўжо адслужыў, маюць ваенна-ўліковую спецыяльнасць ці баявы досвед.

Паводле яго, ні пра якую мабілізацыі студэнтаў размова не ідзе «ні ў якіх умовах». Частковая мабілізацыя таксама не закране тых, хто служыць паводле набору. Яны будуць служыць, як і служылі – на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, падкрэсліў Шайгу.

Плануецца, што частковая мабілізацыя захопіць 1 % ад агульнага мабілізацыйнага рэсурсу. Набор на службу будзе праводзіцца «планава, гэта не аднаразовы набор», дадаў Шайгу.

Таксама Мінабароны Расеі трэці раз назвала колькасць сваіх загінулых у вайне з Украінай – 5937 чалавек. Апошні раз ведамства паведамляла пра колькасць загінулых расейскіх вайскоўцаў 25 сакавіка – 1351 асоба.

Аднак лічба загінулых заніжаная ў параўнанні з падлікамі, якія паралельна паводле адкрытых звестак вядзе «Медиазона» і Расейская служба Бі-Бі-Сі. Паводле інфармацыі на 16 верасня, колькасць загінулых расейскіх вайскоўцаў складае 6476. Гэтыя звесткі грунтуюцца на паведамленнях аб гібелі, якія публікуюцца на сайтах рэгіянальных уладаў і ў СМІ. Таксама падкрэсліваецца, што ў рэальнасці гэтая лічба можа быць значна вышэйшаю. Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, колькасць загінулых расейскіх вайскоўцаў перавышае 50 тысяч.

Абноўлена
Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю
2022.09.21 10:16

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў