«Мабілізацыя – гэта не пра нас». Кіраўнік Савету бяспекі Беларусі пракаментаваў чуткі аб магчымай мабілізацыі


Пасля заявы Уладзіміра Пуціна аб частковай мабілізацыі ў Расеі, у беларускай інтэрнэт-прасторы задумаліся і аб магчымай мабілізацыі ў Беларусі. Кіраўнік Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў чуткі аб магчымасці мабілізацыі ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Мабілізацыя – гэта не пра нас, народ Беларусі і краіна мабілізаваны і так. І гатовы, вядома, не дай бог, даць адпор тымі сіламі і сродкамі, якія для гэтага прызначаны: тым сілавым блокам, тым складам мірнага часу, які сёння выконвае задачы па абароне сваёй краіны і канстытуцыйнага ладу на сваёй тэрыторыі», – сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Таксама ён заявіў, што ў Беларусі не бачаць ніякіх палітычных крокаў Украіны па ўрэгуляванні канфлікту. Пра гэта Вальфовіч заявіў пасля сустрэчы з сакратаром Савету бяспекі Расеі Мікалаем Патрушавым у Маскве.

Парталу «Зеркало» в Мінабароны пацвердзілі, што беларусаў «гэта пакуль не датычыцца» і папрасілі не перажываць.

Нагадаем, раніцай 21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам і аб’явіў аб частковай мабілізацыі ў краіне. Адпаведны ўказ ужо падпісаны, мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца сёння. Па паведамленнях расейскіх тэлеграм-каналаў, у некаторых гарадах ужо пачалі выдаваць позвы. Міністр абароны Сяргей Шайгу ў сваю чаргу заявіў, што мабілізаваць плануецца 300 тысяч тых, хто знаходзіцца ў запасе.

Каментар
Кірыл Міхайлаў: «Асноўная задача мабілізацыі – затыканне дзірак на фронце»
2022.09.21 15:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў